Выбрать главу

Так і атрымалася. Вы, вядома ж, не забыліся на той адметны нож, які знайшлі ў руцэ забітага. Разважліваму чалавеку ніколі не прыйдзе на розум узяць яго за зброю. Такі кшталт нажоў, як паведаміў нам доктар Ўотсан, выкарыстоўваецца для найдалікатнейшых аперацый у хірургіі. Яго і збіраліся скарыстаць для далікатнай аперацыі той ноччу. З вашым шырокім досведам у іпадромных пытаннях, палкоўнік Рос, вы напэўна ведаеце, што можна крыху падрэзаць сухажылле каня пад сцягном, пад скурай, так, што ніякіх слядоў не застанецца. Конь пры гэтым пачне крыху кульгаць, што спішуць на расцягненне падчас практыкаванняў ці сімптом рэўматызму, але ніколі не западозраць несумленнай гульні.

– Ліхадзей! Нягоднік! – выгукнуў палкоўнік.

– Цяпер у нас ёсць тлумачэнне таго, навошта Джону Стрэйкеру было выводзіць каня на тарфянікі. Такі гарачы скакун дакладна разбудзіў бы і мёртвага, калі б адчуў укол нажа. Абсалютна неабходна было рабіць гэта на адкрытым паветры.

– Я быў проста сляпы! – абурыўся палкоўнік. – Ясна, навошта яму спатрэбіліся свечка і запалкі!

– Несумненна. Але падчас агляду яго маёмасці мне пашанцавала выявіць не толькі метад, але і матыў злачынства. Як дасведчаны чалавек, палкоўнік, вы ведаеце, што людзі не схільныя насіць з сабою чужыя рахункі ў кішэнях. Большасці з нас хапае клопатаў са сваімі. Я адразу ж зрабіў выснову, што Стрэйкер вёў двайное жыццё і ўтрымліваў яшчэ адну сям’ю. Змест рахунка паказаў, што ў справе прысутнічае дама з дарагімі звычкамі. Вы шчодры да вашых слуг, але наўрад ці хтосьці з іх можа купляць жаночыя сукенкі для шпацыру за дваццаць гінеяў. Я запытаў місіс Стрэйкер пра сукенку так, што яна ні пра што не здагадалася. Пераканаўшыся, што такой сукенкі яна ў вочы не бачыла, я выпісаў адрас мадысткі і думаю, што, завітаўшы туды з фотаздымкам Стрэйкера, змагу лёгка высветліць асобу загадкавага містэра Дэрбішыра.

Цяпер усё было ясна. Стрэйкер завёў каня ў яміну, дзе святло свечкі было б не бачнае. Сімпсан, уцякаючы, згубіў сваю шыйную хустку, якую Стрэйкер падабраў, можа быць, таму, што яму прыйшла ідэя, напрыклад, замацаваць ёю нагу Срэбнага Месяца. У яміне ён стаў ззаду каня і запаліў святло, але жывёліна, спалоханая раптоўным выбліскам, а, можа, апанаваная жывёльным прадчуваннем таго, што ёй збіраюцца ўчыніць шкоду, выбрыкнула. Жалезная падкова трапіла Стрэйкеру проста па лобе. Папярэдне, нягледзячы на дождж, ён зняў свой макінтош, бо збіраўся рабіць далікатную аперацыю, таму пры падзенні нож паласнуў яго па сцягне. Ну што, я праясніў справу?

– Цудоўна! – выгукнуў палкоўнік. – Цудоўна! Гучыць так, быццам вы прысутнічалі падчас гэтых падзей!

– Мой канчатковы стрэл, варта сказаць, быў амаль наўздагад. Мне прыйшло да галавы, што такі празорлівы чалавек, як Стрэйкер, не ўзяўся б за такую тонкую справу, як падрэзка сухажылляў, без невялікай практыкі. Але як ён мог практыкавацца? Я ўбачыў авечак і спытаўся пра іх, і, на маё здзіўленне, высветлілася, што я меў рацыю.

Вярнуўшыся ў Лондан, я завітаў да мадысткі, якая, натуральна, пазнала свайго пастаяннага пакупніка, што называўся Дэрбішырам і меў вельмі фарсістую жонку, прыхільніцу дарагіх сукенак. У мяне няма сумневаў, што дзеля яе прыхамацяў ён па вушы залез у пазыкі і вырашыў паправіць свае справы праз злачынства.

– Вы патлумачылі ўсё, апроч аднаго, – усхвалявана сказаў палкоўнік. – Дзе ж быў конь?

– Ён уцёк, а потым пра яго клапаціўся адзін ваш сусед. Мяркую, тут мы мусім пайсці на амністыю. О, мы ўжо на станцыі Клэпхэм, калі я не памыляюся, і меней чым праз дзесяць хвілін будзем на станцыі Вікторыя*. Калі вы пажадаеце выкурыць цыгару ў нашых пакоях, палкоўнік, буду рады адказаць на любыя іншыя пытанні пра справу, якія ў вас узнікнуць.

Пераклала Алена Казлова

Кардонная скрынка

Праглядаючы справы, якія лепш за ўсё ілюструюць выдатныя разумовыя здольнасці майго сябра Шэрлака Холмса, я, наколькі магчыма, спрабую выбіраць самыя нескандальныя з іх, якія ў той жа час далі раскрыцца ягонаму таленту. На жаль, цалкам выкінуць скандальнасць са злачынства немагчыма, і хранікёр мусіць выбіраць, ахвяраваць яму важнымі, але скандальнымі дэталямі і такім чынам стварыць падманнае ўяўленне пра справу, альбо скарыстацца тым, што дае яму выпадак, а не выбар. Пасля гэтай кароткай прадмовы я вяртаюся да сваіх нататак пра тое, што аднойчы абярнулася дзіўным, а часам нават жахлівым ланцужком падзеяў.