Быў сляпучы і гарачы жнівеньскі дзень. Бэйкер-стрыт нагадвала печку, а зіхоткага сонечнага святла, што падала на жоўты цагляны дом праз дарогу, не маглі вытрымаць вочы*. Цяжка было паверыць, што гэта тыя самыя сцены, якія так паныла выглядалі ў зімовым тумане. Мы прыспусцілі шторы, а Холмс скурчыўся на канапе, чытаючы і перачытваючы ліст, атрыманы з ранішняй поштай. Мяне ж служба ў Індыі прывучыла пераносіць гарачыню лягчэй, чым холад, і дзевяноста градусаў* на тэрмометры надта не назалялі. Толькі вось у ранішніх газетах не было анічога цікавага. Сесія парламента закрылася. Усе збеглі за горад, і я таксама прагнуў апынуцца на паляне Нью-Форэста* ці на беразе Саўтсі*. Спустошаны рахунак змусіў мяне адкласці вакацыі, а мой кампаньён ставіўся да мора і вёскі з абсалютна аднолькавай агідаю. Шчасцем для яго было знаходзіцца ў цэнтры пяцімільённага горада, плетучы сваю павуціну, якая чуйна дрыжала ад найменшых чутак і намёкаў на нераскрытае злачынства. Сярод ягоных шматлікіх здольнасцяў не знайшлося месца тонкаму адчуванню прыроды, і адзіным, што магло адцягнуць яго ўвагу ад гарадскога ліхадзея, была неабходнасць высочваць ліхадзея вясковага.
Палічыўшы Холмса занадта задуменным для завязвання гутаркі, я шпурнуў у кут беззмястоўныя газеты і, адкінуўшыся на крэсле, таксама занурыўся ў развагі. І тут голас сябра перарваў ход маіх думак.
– Маеце рацыю, Ўотсан, – прамовіў Холмс. – Гэта, мабыць, самы бязглузды спосаб улагоджваць спрэчкі.
– Безумоўна! – выгукнуў я і тут зразумеў, што ён адказвае на мае непрамоўленыя думкі. Я выпрастаўся на крэсле і ў неймаверным здзіўленні паглядзеў на сябра.
– Але як, Холмс?! – усклікнуў я. – Гэта па-за межамі майго ўяўлення!
Ён шчыра рассмяяўся ў адказ на маю збянтэжанасць.
– А помніце, – сказаў ён, – як зусім нядаўна я чытаў вам урывак з аднаго апавядання По, дзе герой робіць выснову з непрамоўленых думак свайго кампаньёна*. Вы яшчэ тады патлумачылі гэта выключна майстэрствам аўтара, а да маіх словаў аб тым, што для мяне такое ўжо ўвайшло ў звычку, паставіліся скептычна.
– Ды не можа быць!
– Магчыма, ваш язык гэтага не сказаў, дарагі мой Ўотсан, але дакладна сказалі вашыя бровы. Таму калі я ўбачыў, як вы адкінулі газету і занурыліся ў думкі, то ўзрадаваўся магчымасці счытаць іх і потым у іх уварвацца, каб даказаць, што добра вас разумею.
Але я ўсё яшчэ сумняваўся.
– Ва ўрыўку, які вы мне зачытвалі, – загаварыў я, – герой робіць высновы, грунтуючыся на дзеяннях чалавека, за якім назірае. Калі я правільна памятаю, той спатыкнуўся аб кучу камянёў, зірнуў на зоркі і ўсё такое.
Але я спакойна сядзеў на крэсле, якія ж падказкі я мог вам даць?
– Вы да сябе несправядлівыя. Твар дадзены чалавеку, каб той мог паказваць, што адчувае, і ваш у гэтым плане аддана вам служыць.
– Хочаце сказаць, вы прачыталі мае думкі па твары?
– Па твары і асабліва па вачах. Вы ж цяпер не ўспомніце, з чаго пачалі задумвацца?
– Не ўспомню.
– Тады я вам скажу. Вось вы адкінулі газету, што перавяло маю ўвагу на вас, і паўхвіліны сядзелі з безуважным выразам твару. Потым вашыя вочы спыніліся на партрэце генерала Гордана* ў новай рамцы, і па тым, як ваш твар змяніўся, я зразумеў, што механізм разважанняў запушчаны. Але доўга гэта не цягнулася: ваш позірк слізгануў па выяве Генры Ўорда Бічэра* зусім без рамкі і спыніўся на версе вашых кніг. Потым вы паглядзелі на сцяну, і ход вашых думак стаў відавочны. Вы думалі, што калі б Бічэр быў у рамцы, ім можна было б закрыць пустое месца на сцяне і ён добра спалучыўся б з Горданам.
– Як дакладна вы ўсё прасачылі! – усклікнуў я.
– Тут заблукаць было б цяжка. Але вось вашыя думкі вяртаюцца да Бічэра, і вы пільна гледзіце на яго партрэт, нібыта спрабуеце па рысах зразумець характар. Потым перастаяце жмурыцца, але ўсё яшчэ пазіраеце туды, а ваш твар робіцца задуменным. Вы згадваеце эпізоды кар’еры Бічэра. Я цудоўна разумеў, што пры гэтым вы не маглі не думаць пра місію ад імені паўночных штатаў, з якою ён прыязджаў сюды падчас Грамадзянскай вайны, бо памятаю вашае палкае абурэнне тым, як прынялі яго асабліва буйныя галовы. Вы так цвёрда стаялі тады на сваім, што я ведаў: думаючы пра Бічэра, вы не маглі не згадаць пра гэта. Праз імгненне я ўбачыў, што вы адвялі вочы ад партрэта і, відавочна, задумаліся пра Грамадзянскую вайну. А потым вашыя вусны застылі, вочы заблішчалі, вы сціснулі кулакі, і я ўпэўніўся, што вы думаеце пра мужнасць, якую паказалі абодва бакі ў той адчайнай барацьбе. Ваш твар пасумнеў, галава апусцілася: вы разважалі пра скруху, вусціш і пустую марнасць жыцця. Рука пацягнулася да старой раны, па твары праслізнула ўсмешка, якая сказала мне, што думка пра бязглуздасць такога спосабу вырашаць міжнародныя непаразуменні завалодала вамі. Тут я ўголас пагадзіўся з вамі ў гэтым і рады быў упэўніцца, што мае высновы былі слушнымі.