Выбрать главу

– Цалкам слушнымі! – адказаў я. – І цяпер, калі вы ўсё растлумачылі, вымушаны прызнацца, што гэтак жа ўражаны, як і раней.

– Завяраю вас, дарагі Ўотсан, усё гэта даволі павярхоўна, і я б не прыцягваў да гэтага вашай увагі, калі б аднойчы вы не выказалі пэўны недавер. Але ў мяне тут ёсць нешта, што можа выявіцца цяжэйшым, чым маё сціплае практыкаванне ў чытанні думак. Вы не бачылі ў газетах кароткай нататкі пра надзвычайную пасылку, што прыйшла поштаю да міс Кушынг на Крос-стрыт у Кройдане*?

– Не заўважыў нічога такога.

– Значыць, прапусцілі. Дайце мне газету… вось яно, пад фінансавай калонкай. Ці не будзеце ласкавыя зачытаць уголас?

Я злавіў газету, якую ён мне кінуў, і пачаў чытаць згаданую нататку. Яна называлася «Жахлівая пасылка».

«Міс Сьюзан Кушынг, што жыве на Крос-стрыт у Кройдане, зрабілася ахвярай таго, што можна было б палічыць агідным розыгрышам, калі б не акалічнасць, якая надала выпадку злавесны сэнс. Учора а другой гадзіне дня паштальён прынёс жанчыне невялікі пакет у карычневай паперы. Унутры была кардонная скрынка, запоўненая буйной соллю. Высыпаўшы яе, міс Кушынг з жахам убачыла, што там ляжаць чалавечыя вушы, відавочна зусім нядаўна адрэзаныя. Скрынка была дасланая з пошты ў Белфасце папярэдняе раніцы. Адпраўнік пазначаны не быў, а тое, што міс Кушынг – пяцідзесяцігадовая незамужняя лэдзі, якая вядзе ў найвышэйшай ступені адасоблены лад жыцця і мае так мала знаёмых і карэспандэнтаў, што атрымлівае пошту выключна рэдка, робіць справу яшчэ больш таямнічай. Зрэшты, некалькі гадоў таму яна жыла ў Пэнджы* і здавала пакоі ў сваім доме тром маладым студэнтам-медыкам, якім была вымушаная пазней адмовіць праз шум і непрыемныя звычкі. Паліцыя трымаецца меркавання, што гэтую агідную эскападу ў дачыненні да міс Кушынг маглі здзейсніць тыя трое, пакрыўджаныя і захопленыя жаданнем напалохаць яе, даслаўшы парэшткі з анатамічкі. Праўдападобнасці гіпотэзе надае тое, што адзін з тых студэнтаў прыехаў з поўначы Ірландыі, а менавіта, наколькі ведае міс Кушынг, з Белфаста. На дадзены момант справа актыўна расследуецца, да працэсу далучыўся містэр Лестрад*, адзін з найразумнейшых нашых дэтэктываў».

– Гэта ўсё, што ведае «Дэйлі Кронікл», – заўважыў Холмс, калі я скончыў. – А цяпер пра нашага сябра Лестрада. Раніцай я атрымаў ад яго запіску, дзе гаварылася: «Мне здаецца, гэта вашая дзялянка. Мы ўпэўненыя, што справу разблытаем, толькі вось невялічкая замінка: мы, безумоўна, тэлеграфавалі на пошту ў Белфасце, але ў той дзень у іх было столькі пасылак, што яны не могуць ні ідэнтыфікаваць адну канкрэтную, ні ўспомніць адпраўніка. Скрынка важыць паўфунта, звычайная жоўта-аранжавая і нічым не можа нам дапамагчы. Гіпотэза пра студэнта-медыка па-ранейшаму падаецца мне найбольш верагоднай, але калі ў вас ёсць парачка вольных гадзін, я б з радасцю з вамі сустрэўся. Я цэлы дзень буду ці ў тым доме, ці ў паліцэйскім участку». Што скажаце, Ўотсан? Ці здолееце вы падняцца над гарачынёй і выправіцца са мною ў Кройдан? Раптам справа прыдасца для вашых хронік.

– Я даўно хацеў чым-небудзь заняцца.

– Вось і зоймецеся. Пазваніце, каб прынеслі абутак, і скажыце выклікаць кэб. Я вярнуся праз хвіліну, толькі пераапрануся і наб’ю партсігар.

Пакуль мы ехалі ў цягніку, усчалася залева, і Кройдан сустрэў нас нашмат менш гнятлівай спёкай, чым праводзіў Лондан. Холмс папярэдне даслаў тэлеграму, таму на станцыі нас чакаў Лестрад, такі ж жылісты, такі ж вяртлявы і гэтак жа падобны да тхара, як заўсёды. За пяць хвілінаў мы дайшлі да Крос-стрыт, дзе жыла міс Кушынг.

Гэта была вельмі доўгая вуліца з двухпавярховымі цаглянымі дамамі паабапал, акуратнымі і строгімі, з выбеленымі каменнымі сходамі, з якіх, перашэптваючыся, за намі сачылі групкі жанчын у фартухах. Напаўдарозе ўніз Лестрад спыніўся і пастукаў у дзверы, якія адчыніла дзяўчынка-служка. Нас правялі ў гасцёўню, дзе сядзела міс Кушынг – жанчына са спакойным тварам, мяккім позіркам і пасівелымі валасамі, што віліся па скронях. На каленях у яе ляжала абшытая сурвэтка, а побач на зэдліку стаяў кошык з каляровымі шаўковымі ніткамі.

– Яны ў паветцы, гэты… жах, – сказала яна, убачыўшы Лестрада. – Вы б не маглі іх забраць, каб і следу не засталося?

– Так і зраблю, міс Кушынг. Я проста хацеў, каб яны пабылі тут, пакуль мой сябар, містэр Шэрлак Холмс, не зірне на іх у вашай прысутнасці.

– Навошта ж мая прысутнасць, сэр?

– На выпадак, калі ён пажадае задаць колькі пытанняў.