– Срэбны Месяц, – сказаў ён, – конь ад заводу Ісанаміі* і гэтак жа бліскуча перамагае ў скачках, як ягоны знакаміты продак. Яму ідзе пяты год, і за апошні час адзін за адным ён здабыў усе прызы на іпадроме для палкоўніка Роса, ягонага шчаслівага ўладальніка. Да трагічнага здарэння конь лічыўся першым фаварытам на Кубак Ўэсэкса, на яго ставілі тры да аднаго. Зрэшты, ён быў і галоўным фаварытам наведнікаў скачак і ніколі не расчароўваў іх, так што нават пры такіх нявыгадных каэфіцыентах на яго ставіліся велізарныя грошы. Адпаведна, не выклікае сумневаў тое, што многія людзі былі горача зацікаўленыя ў адсутнасці Срэбнага Месяца на спаборніцтвах у аўторак, калі махне стартавы сцяжок.
Натуральна, што ў Кінгс-Пайланд, дзе знаходзіцца трэніровачная стайня палкоўніка, гэта добра разумелі. Для аховы фаварыта былі зробленыя ўсе захады. Ягоны трэнер Джон Стрэйкер – былы жакей, які выступаў пад колерамі палкоўніка Роса, пакуль не зрабіўся зацяжкім для ўзважвання з сядлом*. Пяць гадоў ён быў на службе ў палкоўніка ў якасці жакея і сем – у якасці трэнера і лічыўся дбайным і сумленным слугой. У падпарадкаванні ён меў трох памочнікаў, бо стайня малая, усяго на чатыры кані. Штоночы адзін з хлопцаў спаў на стайні, а астатнія – на гарышчы. Усе трое – цудоўныя людзі. Джон Стрэйкер быў жанаты і жыў у невялічкай сядзібе за дзвесце ярдаў ад стайняў. Дзяцей не меў, трымаў адну пакаёўку і жыў у дастатку. Вясковая дарога зусім бязлюдная, але прыкладна праз паўмілі на поўнач стаіць група сядзіб, пабудаваных падрадчыкам з Тавістока для камісаваных вайскоўцаў і ўсіх, хто захоча атрымаць асалоду ад чыстага дартмурскага паветра. Сам Тавісток ляжыць за дзве мілі на захад, а на адлегласці таксама ў дзве мілі праз тарфянікі знаходзяцца большыя стайні Мэйплтан лорда Бэкуотэра, якімі распараджаецца Сайлас Браўн. Ва ўсіх астатніх кірунках тарфянікі абсалютна дзікія, там жыве ўсяго некалькі вандроўных цыган. Прыкладна такія былі справы на момант трагедыі.
Тым вечарам з коньмі пазаймаліся і напаілі іх гэтак жа, як звычайна, стайню замкнулі а дзявятай. Два хлопцы пайшлі ў трэнерскі дом, дзе павячэралі на кухні, а трэці, Нэд Хантэр, застаўся на варце. У некалькі хвілін пасля дзявятай гадзіны пакаёўка, Эдыт Бакстэр, панесла на стайні ягоную вячэру, кары з бараніны. Напояў яна не брала, бо на стайню вада праведзеная, а паводле правілаў вартаўнік не мусіць піць нічога іншага. Пакаёўка несла ліхтар, таму што было вельмі цёмна, а сцяжына ішла проста праз тарфянікі.
Эдыт Бакстэр была за трыццаць ярдаў ад стайні, калі з цемры выйшаў нейкі чалавек і папрасіў яе спыніцца. Калі яна падняла ліхтар уверх, то ў яго жоўтым святле ўбачыла, што гэта мужчына прыстойнага выгляду, апрануты ў шэры цвідавы гарнітур і кепку з казырком. На ім былі гамашы, у руцэ ён трымаў цяжкі кій з булдавешкай. Аднак найбольш ёй запомніліся жахлівая бледнасць ягонага твару і тое, як нервова ён трымаўся. Ягоны ўзрост яна ацэньвае як хутчэй да трыццаці, чым больш.
– Скажыце, калі ласка, дзе я? – спытаў ён. – Я ўжо збіраўся легчы спаць на тарфяніках, калі ўбачыў святло вашага ліхтара.
– Вы каля трэніровачнай стайні Кінгс-Пайланд, – адказала яна.
– Нічога сабе! Як пашанцавала! – усклікнуў ён. – Я так разумею, што памочнік конюха спіць тут адзін штоночы. І вы, мабыць, несяце яму вячэру. І празмерны гонар, пэўна ж, не перашкодзіць вам зарабіць на новую сукенку, праўда?
З кішэні камізэлькі ён выцягнуў складзены белы аркуш.
– Проста перадайце хлопцу вось гэта, і зможаце купіць найпрыгажэйшы ўбор з тых, што прадаюцца за грошы.
Ягоная апантанасць напалохала яе, і дзяўчына прабегла да акна, праз якое звычайна перадавала стравы. Яно ўжо было адчыненае, і Хантэр сядзеў унутры за столікам. Дзяўчына пачала была расказваць яму пра здарэнне, але раптам незнаёмец падышоў ізноў.
– Добры вечар, – сказаў ён, зазірнуўшы ў акно, – я хачу перамовіцца з вамі.
Дзяўчына дае слова, што ў гэты момант яна заўважыла куток белага папяровага пакеціка, які ён заціснуў у руцэ.
– Што за справы? – спытаў памочнік конюха.
– Такія справы, якія могуць вам штосьці пакласці ў кішэню, – адказаў незнаёмец. – На Кубак Ўэсэкса ад вас выстаўляюцца два кані – Срэбны Месяц і Баярд. Дайце мне падказку – і не застаняцеся ў пройгрышы. Ці праўда, што нават пасля гандыкапавання* Баярд прайграе першаму на сто ярдаў пры дыстанцыі ў пяць фурлонгаў* і што стайня на гэта ставіць?
– Ага, дык вы адзін з гэтых клятых спекулянтаў*! – крыкнуў хлопец. – Дык я пакажу вам, як цёпла мы іх прымаем у Кінгс-Пайландзе!
Ён ускочыў і пабег праз стайню, каб адчыніць дзверы. Дзяўчына ўцякла ў дом, але калі азірнулася, то ўбачыла, што незнаёмец засунуў галаву ў акно. Тым не менш ужо праз хвіліну, калі Хантэр выскачыў на двор разам з сабакам, незнаёмца ўжо нідзе не было, і нават абабегшы ўсе будынкі вакол, памочнік конюха не змог знайсці ні знаку яго.