Выбрать главу

Прайшло дваццаць хвілін. Чырвань паблякла, і ўсё агарнулася шэрасцю, калі Холмс і трэнер з’явіліся зноў. Ніколі не бачыў я ў чалавеку такой перамены, якая адбылася з Сайласам Браўнам за такі кароткі час. Ягоны твар зрабіўся попельна-белым, на ілбе блішчэлі кроплі поту, а рукі трэсліся, ад чаго бізун хадзіў ходырам, быццам галінка на ветры. Ягоныя грубасць і хамства зніклі, і ён трусіў за маім кампаньёнам, нібы сабака за гаспадаром.

– Усё будзе зроблена так, як вы сказалі. Я ўсё зраблю, – пераконваў ён.

– Памылак быць не мусіць, – адказаў Холмс, азірнуўшыся на яго.

Той здрыгануўся, прачытаўшы пагрозу ў вачах майго сябра.

– О не, памылак не будзе. Я дастаўлю яго туды. Выгляд вярнуць ранейшы?

Холмс крыху падумаў і разрагатаўся.

– Не, не трэба, – сказаў ён. – Я вам напішу. І ніякіх фокусаў, бо вы ведаеце…

– О, вы можаце разлічваць на мяне, сэр, я не падвяду!

– Пэўна, што не. Добра, заўтра я звяжуся з вамі. Холмс павярнуўся да яго спінай, не зважаючы на пададзеную дрыготкую руку, і мы рушылі назад у КінгсПайланд.

– Рэдка даводзіцца сустракаць настолькі арганічнае спалучэнне грубіяна, баязліўца і шэльмы, як гэты распарадчык Сайлас Браўн, – заўважыў Холмс па дарозе.

– Дык конь у яго?

– Ён спрабаваў вырашыць справу пагрозамі, але я так дакладна апісаў яму ягоныя дзеянні той раніцай, што ён падумаў, нібыта я назіраў за ім. Вы ж прыкмецілі, што мыскі ягоных ботаў дакладна такія ж квадратныя, як у адбіткаў на зямлі. І зноў жа, ніхто з ягоных падначаленых не адважыўся б пайсці на такую справу. Я расказаў яму, як, згодна са сваёй завядзёнкай, ён прачнуўся самы першы на золку і сустрэў чужога каня, што ішоў па тарфяніках. Як, наблізіўшыся, быў агаломшаны тым, што гэта Срэбны Месяц – ён пазнаў яго па белым лобе, праз які той і атрымаў сваю мянушку. Лёс прывёў у ягоныя рукі фаварыта, адзінага, хто мог абскакаць каня, на якога Сайлас Браўн паставіў усе свае грошы. Потым я апісаў, што першым ягоным парывам было адвесці каня назад у Кінгс-Пайланд, але д’ябал нашаптаў яму на вуха, што жывёліну можна схаваць да канца спаборніцтваў, і ён павёў яго да сябе ў Мэйплтан і дагэтуль трымае там. Пасля майго расказу ён ужо думаў толькі пра тое, як уратаваць сваю скуру.

– Але ж стайні абшукалі!

– О, такі стары знаўца коней і махляр ведаў, як замесці сляды.

– Але хіба вы не баіцеся пакідаць каня тут, ведаючы, што ў інтарэсах Сайласа Браўна як-небудзь нашкодзіць яму?

– Мой дарагі сябра, ён будзе берагчы каня як зрэнку вока. Бо ведае, што гэта ягоны адзіны шанец на літасць.

– Палкоўнік Рос не падаўся мне чалавекам, здольным на літасць.

– Ад палкоўніка Роса тут нічога не залежыць. Я датрымліваюся ўласных метадаў і кажу так многа ці так мала, як пажадаю. У гэтым перавагі неафіцыйнай працы. Не ведаю, ці заўважылі вы, Ўотсан, але палкоўнік трымаўся са мной, мякка кажучы, пагардліва. І я збіраюся крыху пазабавіцца за ягоны рахунак. Нічога не кажыце яму пра каня.

– Безумоўна, толькі з вашай згоды.

– І, натуральна, усё гэта малаважна ў параўнанні з пытаннем аб тым, хто забіў Джона Стрэйкера.

– І вы зоймецеся гэтым?

– Якраз наадварот. Сёння мы з вамі едзем назад у Лондан начным цягніком.

Гэтыя словы сябра мяне проста агаломшылі. Мы прабылі ў Дэваншыры ўсяго некалькі гадзін, і тое, што ён кідае расследаванне, пачатае так бліскуча, было для мяне неспасцігальным. Больш я не змог выцягнуць з яго ні слова, пакуль мы не дайшлі да трэнерскага дома. Палкоўнік і інспектар чакалі нас у гасцёўні.

– Мы з сябрам вяртаемся ў горад начным экспрэсам, – заявіў Холмс. – Мы чароўна надыхаліся чысцюткім дартмурскім паветрам.

Вочы інспектара акругліліся, а вусны палкоўніка расплыліся ва ўхмылцы.

– Дык вы ўжо не спадзеяцеся арыштаваць забойцу беднага Стрэйкера? – спытаў ён.

Холмс пацепнуў плячыма.

– Відавочна, тут ёсць сур’ёзныя перашкоды, – адказаў ён. – Але я, тым не менш, не пераставаў бы спадзявацца на тое, што ваш конь возьме ўдзел у спаборніцтвах у аўторак, і настойліва вас прашу трымаць жакея напагатове. Магу я папрасіць у вас фотакартку містэра Джона Стрэйкера?

Інспектар дастаў адну з канверта і перадаў яму.

– Дарагі Грэгары, вы проста прадбачыце ўсе мае жаданні. А зараз, калі ласка, пачакайце хвілінку, мне трэба аб чымсьці спытаць пакаёўку.

– Сказаць начыстую, ваш лонданскі кансультант мяне зусім расчараваў, – прызнаўся палкоўнік Рос, як толькі мой сябар выйшаў з пакоя. – Я не бачу, каб мы хоць як прасунуліся з яго прыездам.

– Прынамсі, у вас ёсць ягоная ўпэўненасць, што конь будзе ўдзельнічаць у скачках, – сказаў я.