Выбрать главу

– Нічога падазронага. Швейцар выплаціў з заробку. Мы не знайшлі ніякіх доказаў таго, што яны разбагацелі.

– Як місіс Тэнджы тлумачыць тое, што паднялася ў кабінет, калі містэр Фэлпс пазваніў наконт кавы?

– Сказала, што яе муж быў надта стомлены і яна хацела даць яму палёгку.

– Ну, гэта добра стасуецца з тым, што праз пэўны час яго заспелі спячым на службовым месцы, так што падазрэнне тут выклікае толькі асоба жанчыны. Вы спыталіся ў яе, чаму яна так паспешліва ўцякала тым вечарам? Яе хуткая хада забрала ўвагу канстэбля.

– Яна затрымалася на службе і спяшалася дадому.

– Ці закінулі ёй тое, што вы і містэр Фэлпс, выправіўшыся з міністэрства ўсяго праз дваццаць хвілінаў пасля яе, дабраліся да яе дому раней?

– Яна кажа, што омнібус і экіпаж маюць розную хуткасць.

– Яна патлумачыла, чаму, трапіўшы дадому, кінулася на кухню?

– Там яна захоўвала грошы, якімі збіралася выплаціць пазыку.

– У яе на ўсё быў адказ… Вы спыталіся, ці не сустрэла яна кагосьці, выходзячы з міністэрства, і ці не бачыла кагосьці на Чарлз-стрыт?

– Яна бачыла толькі канстэбля.

– Ну, здаецца, вы яе грунтоўна дапыталі. Што яшчэ вы зрабілі?

– Увесь гэты час мы сачылі за службоўцам Гаро, але безвынікова. Яму нічога нельга выставіць.

– Нешта яшчэ?

– Больш нічога няма. Ніякіх зачэпак, нават самых нязначных.

– Ёсць нейкія ідэі наконт таго, чаму празвінеў гэты званок?

– Трэба прызнацца, гэта збівае мяне з тропу. Невядомы мусіў мець жалезныя нервы, каб вось так прыйсці і выкрыць сябе сігналам.

– Так, гэта быў вельмі дзіўны ўчынак. Вялікі вам дзякуй, што пагадзіліся на гутарку са мною. Нешта мне падказвае, што неўзабаве я звяжуся з вамі. Хадземце, Ўотсан.

– Куды цяпер? – спытаў я, калі мы пакінулі паліцыю.

– Цяпер мы едзем да лорда Холдхёрста, чальца кабінета міністраў і будучага прэм’ера Брытаніі.

Нам пашчасціла заспець лорда ў яго прыёмных пакоях на Даўнінг-стрыт. Холмс даў сваю візітоўку, і нас тут жа праводзілі. Міністр прыняў нас са старамоднай галантнасцю, якой славіўся, і запрасіў сесці на раскошныя канапы абапал каміна. Ён стаяў паміж намі на прыкамінным дыванку, хударлявы, высокі, з выразнымі рысамі задумлівага твару і кудзерамі, злёгку кранутымі сівізною, прэзентуючы такі рэдкі сёння тып сапраўднага арыстакрата.

– Вашае імя добра мне знаёмае, містэр Холмс, – сказаў ён з усмешкай. – І, канечне, я не буду ўдаваць, быццам не ведаю пра мэту вашага візіту. У маім ведамстве адбылася толькі адна падзея, вартая ўвагі Шэрлака Холмса. Чые інтарэсы вы прадстаўляеце, калі не сакрэт?

– Містэра Персі Фэлпса, – адказаў Холмс.

– Ах, майго няшчаснага пляменніка! Як вы разумееце, нашае сваяцтва робіць маю далейшую пратэкцыю што да яго немагчымай. Я баюся, гэтае здарэнне вельмі негатыўна паўплывае на яго кар’еру.

– А калі дакумент знойдуць?

– Ну, гэта, зразумела, усё памяняе.

– У мяне да вас некалькі пытанняў, лорд Холдхёрст.

– Я дам вам усю інфармацыю, якую маю.

– Заданне перапісаць дакумент вы агучылі пляменніку ў гэтым кабінеце?

– Так, у гэтым.

– Вас не маглі падслухаць?

– Выключана.

– Вы казалі трэцяй асобе, што збіраецеся аддаць дакумент на перапіску?

– Не.

– Вы ў гэтым упэўненыя?

– Абсалютна.

– Што ж, калі вы нікому нічога не казалі, містэр Фэлпс нікому нічога не казаў і ніхто нічога не ведаў пра дамову, значыць, злодзей апынуўся ў пакоі абсалютна выпадкова. Ён пабачыў свой шанец і скарыстаўся ім.

Міністр усміхнуўся:

– Ну, такія высновы – не мая кампетэнцыя. Холмс на хвіліну задумаўся:

– Яшчэ адзін важны момант, які я мушу абмеркаваць з вамі, – сказаў ён. – Вы баяліся, што абнародаванне дамовы пацягне за сабой вельмі цяжкія наступствы.

Цень пабег па выразным твары міністра:

– Так, вельмі цяжкія.

– І яны ўжо праявіліся?

– Пакуль не.

– Калі б дамова трапіла, дапусцім, да расіян або французаў, вы б пра гэта пачулі?

– Яшчэ б, – сказаў міністр, крывячыся.

– Але калі прайшло больш за два месяцы, а нідзе нічога, значыць, лагічна меркаваць, што дамова яшчэ не ў іх руках?

Лорд Холдхёрст паціснуў плячыма.

– Наўрад ці, містэр Холмс, злодзей скраў дамову, каб змясціць яе ў рамачку і павесіць на сценку.

– Магчыма, ён чакае зручнага моманту, каб даражэй прадаць яе?

– Калі ён пачакае яшчэ крыху, то нічога не атрымае. Дамова перастане быць сакрэтнай праз некалькі месяцаў.

– Гэта вельмі важная інфармацыя, – сказаў Холмс. – Канечне, можна дапусціць, што злодзей раптоўна захварэў…

– Напрыклад, на разумовую гарачку? – спытаўся міністр, ажыўлена зірнуўшы на Холмса.

– Я гэтага не казаў, – спакойна прамовіў Холмс. – Што ж, лорд Холдхёрст, мы і так аднялі ў вас зашмат вашага каштоўнага часу, таму спяшаемся адкланяцца.