Выбрать главу

– Я наўрад ці вярнуся ў Браярбрэ, – сказаў Холмс.

Ён бадзёра махаў нам рукою, пакуль цягнік набіраў хуткасць.

Мы з Фэлпсам усю дарогу абмяркоўвалі ўчынак Холмса, але не маглі патлумачыць новы паварот падзеяў.

– Я думаю, ён хоча даведацца як мага болей пра ўчорашняга начнога рабаўніка, калі гэта быў рабаўнік, – сказаў Фэлпс. – Як на мяне, гэта не быў звычайны злодзей.

– Хто ж тады гэта быў, па-вашаму?

– Магу паклясціся… магчыма, даюцца ў знакі мае слабыя нервы, але я перакананы, што за маёй спінай пляцецца сур’ёзная палітычная інтрыга, і я маю падставы думаць, што змоўнікі хочуць забіць мяне. Гэта гучыць пыхліва і абсурдна, але зірніце на факты! Чаму злодзей спрабаваў улезці праз акно спальні, дзе яўна не было чым пажывіцца, і чаму ў яго руцэ быў доўгі нож?

– Вы ўпэўненыя, што гэта не была адмычка, якой карыстаюцца ўзломшчыкі?

– Не-не, гэта быў нож. Я выразна бачыў, як бліснула лязо.

– Але чаму хтосьці так зацята пераследуе вас?

– Менавіта. У гэтым і пытанне.

– Што ж, калі Холмс таксама падазрае змову, гэта тлумачыць яго паводзіны, праўда? Калі вашыя падазрэнні слушныя і калі ён зловіць чалавека, які напалохаў вас уначы, гэта будзе вялікі крок у справе са скрадзенай марской дамовай! Не можа быць, каб вы мелі ажно двух ворагаў, адзін з якіх абрабаваў вас, а другі замахнуўся на вашае жыццё.

– Але Холмс сказаў, што не збіраецца назад у Браярбрэ.

– Я даўно яго ведаю, – адказаў я, – і ён ніколі не рабіў чагосьці, калі не было важкай прычыны.

На гэтым мы змянілі тэму размовы.

Той дзень быў для мяне суцэльнай пакутай. Фэлпс не да канца адужаў пасля доўгай хваробы, і няшчасці зрабілі яго капрызным і нервовым. Дарма я спрабаваў зацікавіць яго ўспамінамі пра Афганістан, Індыю, нейкімі грамадскімі праблемамі – хоць чымсьці, што магло б адцягнуць яго ад невясёлых развагаў. Ён увесь час вяртаўся да скрадзенай дамовы, высоўваючы версіі, агучваючы падазрэнні, гадаючы, чым цяпер заняты Шэрлак Холмс, што робіць лорд Холдхёрст, якія навіны чакаюць нас зранку. Бліжэй да ночы яго ўзбуджэнне перарасло ў манію.

– Вы абсалютна ўпэўненыя ў Холмсу? – спытаўся ён.

– Я бачыў, як ён здзяйсняе проста выключныя рэчы.

– Але з такой заблытанай загадкай ён ніколі раней не сутыкаўся?

– Ну што вы, ён разблытваў справы, у якіх зачэпак было яшчэ менш, чым у вашым выпадку.

– Але ніколі раней не былі закранутыя такія высокія інтарэсы?

– Усяго я не ведаю, але мне дакладна вядома, што ён абараняў гонар прынамсі трох каралеўскіх дамоў Еўропы ў вельмі далікатных абставінах.

– Але вы добра яго вывучылі, Ўотсан. Ён такі закрыты чалавек, што ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць. Як вы думаеце, ён надзейны? Вы думаеце, яму ўдасца?

– Ну, ён нічога нам не сказаў.

– Гэта кепскі знак.

– Наадварот, я заўважыў, што калі ён страчвае нітку, ён у гэтым адразу прызнаецца. А вось калі нападае на след, але не да канца перакананы, што ідзе правільнай дарогай, тады з яго і слова не выцягнеш. А цяпер, дружа, раз ужо мы не можам не хвалявацца з нагоды ўсіх гэтых падзеяў, дазвольце мне пакласці вас спаць, каб вы маглі як след адпачыць перад навінамі заўтрашняга дня, якімі б яны ні былі.

Мне ледзь удалося пераканаць таварыша паслухацца маёй парады, хоць па яго ўзбуджэнні было відаць: заснуць яму сёння наўрад ці ўдасца. Да таго ж яго настрой перадаўся і мне: я ляжаў паўночы без сну, абдумваючы гэтую дзіўную сітуацыю і перабіраючы сотні тэорый, адна неверагоднейшая за іншую. Чаму Холмс застаўся ва Ўокінгу? Чаму ён папрасіў міс Харысан да ночы заставацца ў пакоі хворага? Чаму яму было так важна, каб жыхары Браярбрэ не падазравалі, што ён будзе паблізу? Я ламаў галаву, пакуль не заснуў, бяссільны адшукаць тлумачэнне, якое б паслужыла адказам на ўсе пытанні.

Я прачнуўся а сёмай і адразу выправіўся ў пакой Фэлпса, знайшоўшы яго змучаным і памятым пасля бяссоннай ночы. Ён адразу ж спытаўся, ці не вярнуўся Холмс.

– Ён будзе тады, калі абяцаў, – адказаў я. – Ні хвілінай раней, ні хвілінай пазней.

І я не памыліўся. Як толькі прабіла восьмая, ля нашых дзвярэй спыніўся экіпаж, і з яго высадзіўся наш сябар. Падышоўшы да акна, я пабачыў, што яго левая рука забінтаваная, а твар – перакошаны і бледны. Холмс зайшоў у дом, але не адразу падняўся наверх.

– Выглядае, што ён трапіў у бойку, – сказаў Фэлпс. Я быў змушаны з ім пагадзіцца.

– Ну, значыць, – сказаў я, – адгадка вашай гісторыі чакае нас тут, у горадзе.

Фэлпс застагнаў.

– Не ведаю, чаму, – сказаў ён, – але я так спадзяваўся на яго вяртанне! Яго рука ўчора, несумненна, параненай не была. Цікава, што здарылася?