Выбрать главу

– Так, сапраўды.

– Я перакананы, што ён падбаў, каб вашыя лекі тае ночы былі сапраўды моцнымі і вы адключыліся. Вядома ж, я ўсведамляў, што ён паўторыць сваю вылазку, як толькі з’явіцца зручны момант. Калі б вы пакінулі пакой, гэта палегчыла б яму задачу. Я папрасіў міс Харысан заставацца там увесь дзень, каб не даць яму апярэдзіць нас. Потым, увёўшы яго ў зман, нібы далягляд чысты, я зладзіў пастку, якую вам апісаў. Я быў упэўнены, што паперы недзе ў пакоі, але не меў ахвоты абмацваць кожны сантыметр сцяны і падлогі, шукаючы іх. Таму я даў Харысану забраць іх з тайніка, тым самым пазбавіўшы сябе ад вялікай марокі. Што яшчэ ў справе застаецца вам няясным?

– Чаму ён у першым выпадку палез у акно, калі можна было зайсці праз дзверы? – спытаў я.

– Па дарозе да свайго былога пакоя яму трэба было прайсці яшчэ сем спальняў. А на траўнік ён мог выбрацца без перашкодаў. Нешта яшчэ?

– Вы не думаеце, што ён хацеў забіць мяне? – спытаўся Фэлпс. – З вашых словаў вынікае, што ён карыстаўся нажом як адмычкай.

– Усё можа быць, – адказаў Холмс, паціскаючы плячыма. – Што я магу сказаць дакладна, дык гэта тое, што не асабліва спадзяваўся б на літасць такога джэнтльмена, як Джозэф Харысан.

Пераклала Марыя Мартысевіч

Апошняя справа Холмса

З цяжкім сэрцам бяруся я за пяро, каб напісаць апошнія нататкі пра выбітны талент, якім вылучаўся мой сябар Шэрлак Холмс. Я спрабаваў – недзе бязладна і, магчыма, не зусім так, як належала б, – апісаць нашыя з ім незвычайныя прыгоды, пачынаючы з выпадку, які звёў нас у часы «Эцюду ў пунсовым»*, да самага ўмяшання Холмса ў справу з марской дамовай – умяшанне, якое, без сумневу, перадухіліла сур’ёзны міжнародны канфлікт. На гэтым я збіраўся спыніцца і нічога не расказваць пра падзею, якая пакінула ў маім жыцці такую пустату, што нават два апошнія гады мала чым змаглі яе запоўніць. Аднак выдадзеныя нядаўна лісты палкоўніка Джэймса Марыярці, у якіх той абараняе памяць свайго брата*, вымушаюць мяне зноў сесці за пісанне і з усёй дакладнасцю расказаць грамадскасці акалічнасці гэтай справы. Я – адзіны чалавек, які ведае ўсю праўду, і я рады, што прыйшоў час, калі нішто не патрабуе яе далейшага ўтойвання. Наколькі я ведаю, у прэсе з’явіліся толькі тры паведамленні: нататка ў «Журналь дэ Жэнеў» ад 6 траўня 1891 году, дэпеша «Ройтэрс»* у ангельскіх газетах ад 7 траўня і ўрэшце нядаўнія лісты, пра якія я казаў вышэй. Калі першыя падаюць зусім мала звестак, то ў лістах, як я збіраюся давесці, усе факты скажоныя. І таму менавіта я павінен упершыню агучыць праўду пра тое, што насамрэч адбылося паміж прафесарам Марыярці і Шэрлакам Холмсам.

Варта згадаць, што пасля майго вяселля і наступнага вяртання да прыватнай практыкі блізкае сяброўства, якое завязалася паміж Холмсам і мной, у пэўным сэнсе змянілася. Ён усё яшчэ раз-пораз зазіраў да мяне, калі яму быў патрэбны кампаньён у расследаванні, але гэта здаралася ўсё радзей і радзей, а за ўвесь 1890 год я апісаў толькі тры справы. Зімой 1890-га, а таксама ранняй вясной 1891-га газеты паведамлялі, што французскі ўрад запрасіў Холмса правесці надзвычай важнае расследаванне, а атрымаўшы ад яго два лісты, высланыя з Нарбоны і Німа*, я зрабіў выснову, што яго побыт у Францыі зацягнуўся. І таму я вельмі здзівіўся, калі вечарам 24 красавіка ўбачыў яго ў сваім кабінеце. Мне адразу кінулася ў вочы, што ён схуднеў, а твар яго бляднейшы, чым звычайна.

– Гэта, відаць, ад празмерных нагрузак, – зазначыў ён, адказваючы хутчэй на мой позірк, чым на словы. – Апошнім часам я быў трохі заняты. Вы не супраць, калі я зачыню аканіцы?

Пакой асвятляла толькі лямпа на стале, за якім я чытаў. Холмс асцярожна абышоў яго, трымаючыся ля самай сценкі, і рашуча замкнуў аканіцы на надзейныя засаўкі.

– Вы чагосьці баіцеся? – спытаў я.

– Баюся.

– Чаго?

– Пнеўматычнай стрэльбы*.

– Дарагі мой Холмс, што вы маеце на ўвазе?

– Думаю, вы дастаткова мяне ведаеце, Ўотсан, каб зразумець, што нервовым мяне ніяк не назавеш. Аднак пагарджаць небяспекай, калі яна зусім побач, – гэта хутчэй не мужнасць, а дурасць. Магу я патурбаваць вас і папрасіць запалку?

Ён удыхнуў цыгарэтны дым, нібыта дабратворны ўплыў тытуню мог яго супакоіць.

– Я мушу выбачыцца за такі позні візіт, – сказаў Холмс, – а таксама папрасіць вас адысці ад умоўнасцяў і дазволіць мне сёння пакінуць дом, пералезшы праз заднюю сцяну ў вашым садзе.