Выбрать главу

Наступнае раніцы я зрабіў усё згодна з інструкцыяй Холмса. Хэнсам я ўзяў з усімі перасцярогамі, каб не натрапіць на падасланы, і адразу ж пасля сняданку выправіўся на Лоўтэрскі пасаж, праз які прабег як найхутчэй. Брогам з надзвычай мажным фурманам, захутаным у цёмны плашч, ужо чакаў мяне. Як толькі я сеў, фурман хвастануў каня, і мы з грукатам паляцелі да вакзала Вікторыя, а калі я выйшаў, тут жа развярнуў каня і знік з вачэй, нават не зірнуўшы ў мой бок.

Пакуль усё ішло цудоўна. Мой багаж быў на месцы, і я без перашкодаў знайшоў названае Холмсам купэ, тым больш што толькі яно было пазначанае як занятае. Мяне трывожыла толькі адсутнасць Холмса. Вакзальны гадзіннік паказваў, што да ад’езду цягніка засталося сем хвілінаў. Марна шукаў я сярод падарожнікаў і тых, хто іх праводзіў, фігуру сябра – яго не было і знаку. Некалькі хвілінаў я патраціў на тое, каб дапамагчы паважнаму італьянскаму святару, які на ламанай ангельскай спрабаваў патлумачыць насільшчыку, што яго багаж трэба адправіць у Парыж. Потым зноў агледзеў платформу і вярнуўся ў купэ, дзе выявілася, што насільшчык, нягледзячы на адсутнасць білета, падсадзіў да мяне майго нядаўняга знаёмца – лядачага італьянца. Мае спробы патлумачыць святару ўсю навязлівасць такога ўламання плёну не мелі, бо мая італьянская была яшчэ горшая за яго ангельскую, і таму, пакорліва паціснуўшы плячыма, я здаўся і зноў пачаў трывожна шукаць вачыма сябра. Мяне паціху ахопліваў жах, бо адсутнасць Холмса магла азначаць толькі тое, што мінулай ноччу яму нанеслі ўдар. Вось і дзверы зачыніліся, і пачуўся гудок, як раптам…

– Дарагі мой Ўотсан, – пачуўся голас, – вы нават не ўважылі мяне прывітаннем.

У неймаверным здзіўленні я павярнуўся. Стары святар глядзеў проста на мяне. На імгненне яго зморшчыны разгладзіліся, нос з’ехаў на падбароддзе, ніжняя губа перастала выпінацца; ён спыніў мармытаць, панылыя вочы загарэліся ранейшым агнём, а скурчаная фігура выпрасталася. Але ў наступны момант яго цела зноў абмякла, і Холмс з такой жа хуткасцю ператварыўся ў старога святара.

– Божа літасцівы! – усклікнуў я. – Як вы мяне напалохалі!

– Мы ўсё яшчэ мусім захоўваць асцярожнасць, – прашаптаў ён. – Ёсць падставы лічыць, што яны ўзялі наш след. А вось і сам Марыярці!

На гэтых словах цягнік рушыў з месца, і, зірнуўшы назад, я ўбачыў высокага чалавека, які раз’юшана праціскаўся праз натоўп і махаў рукой, нібыта хочучы спыніць цягнік. Аднак было позна: мы імкліва набіралі хуткасць, і праз імгненне станцыя знікла з вачэй.

– Бачыце, нягледзячы на ўсе засцярогі, мы ледзь выбраліся, – са смехам сказаў Холмс.

Падняўшыся, ён пазбавіўся сваёй маскіроўкі – чорнай сутаны з капелюшом – і схаваў яе ў чамадан.

– Вы чыталі ранішнюю газету, Ўотсан?

– Не.

– Значыць, пра Бэйкер-стрыт не ведаеце?

– Пра Бэйкер-стрыт?

– Мінулай ноччу яны падпалілі нашую кватэру, але вялікай бяды не нарабілі.

– Божа літасцівы, Холмс, гэта проста невыносна!

– Яны, відаць, згубілі мой след пасля таго, як арыштавалі іх агента з дубінкай. Інакш бы яны не думалі, што я вярнуўся дадому. Аднак яны відавочна перастрахаваліся і пачалі сачыць за вамі, а вы прывялі Марыярці на вакзал Вікторыя. Вы ўпэўнены, што не дапусцілі промаху?

– Я ўсё зрабіў так, як вы казалі.

– Знайшлі патрэбны брогам?

– Так, ён чакаў мяне.

– Фурмана пазналі?

– Не.

– Гэта быў мой брат Майкрафт. У такіх выпадках наймітам сваіх сакрэтаў лепш не адкрываць. Але трэба думаць, што рабіць з Марыярці.

– Мы едзем экспрэсам, а ўлічваючы, што расклад параходаў падладжаны пад гэты цягнік, думаю, мы з лёгкасцю сыдзем ад пераследу.

– Дарагі мой Ўотсан, вы, відаць, не да канца зразумелі, што да гэтага чалавека трэба падыходзіць з той самай інтэлектуальнай планкай, што і да мяне. Няўжо вы думаеце, што на месцы пераследніка я дазволіў бы такой дробязі збіць мяне? Чаму вы тады такога невысокага меркавання пра яго?

– І што ён будзе рабіць?

– Тое, што зрабіў бы я.

– А што зрабілі б вы?

– Сеў бы на дадатковы цягнік.

– Але ён усё адно спозніцца.

– Зусім не. Наш цягнік спыняецца ў Кентэрберы, а параход звычайна як мінімум на чвэрць гадзіны затрымліваецца*. Вось ён нас і дагоніць.

– Вы гаворыце так, нібыта злачынцы – мы. Хай яго адразу па прыездзе арыштуюць.

– Гэта знішчыць вынікі маёй трохмесячнай працы. Вялікую рыбу мы зловім, а дробная кінецца з сеткі ва ўсе бакі і збяжыць. У панядзелак уся хеўра будзе ў нашых руках. Ніяк нельга арыштаваць яго цяпер.

– І што нам рабіць?

– Выйдзем у Кентэрберы.