Альгерд Бахарэвіч
НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА
ТАЛЕНТ ЗАІКАНЬНЯ
Я заікаюся. Усім тым нецярплівым, роспачным словам — вялікаму мноству словаў! — якія я хаваю ў сабе, вельмі рэдка надараецца магчымасць пакінуць маю гартань безь перашкодаў. Я мог бы быць надзвычай красамоўным, стаць выбітным адвакатам або тэлежурналістам, пераконваць самых упартых моцаю свайго красамоўства, караць ці мілаваць — як пажадаю! — калі б ня гэтая непрыкметная, сапсаваная дэталь у маім арганізму, якая бразгае ўнутры, калі я, спатыкаючыся, бягу наўздагон адыходзячаму аўтобусу размовы.
Усё адбываецца так. Які-небудзь капрызны гук, найчасьцей к альбо л, што паслухмяна рушыць наперадзе падрыхтаванай фразы, раптам упіраецца шкоднымі лапкамі ў сьценкі гартані, моршчыцца, хныкае. Тыя, што йдуць ззаду, раздражнёна напіраюць, ціснуць небараку ў сьпіну, але паганы гук не здаецца. Ладны шэраг руйнуецца, суразмоўца адводзіць вочы ці наадварот, заахвочвальна хітае галавой, ветліва чакаючы, пакуль я ўсё ж выкажу тое, што хацеў. Але думкі ягоныя ўжо не перасякаюцца з маімі, ён думае адно пра маё заіканьне. Я адчуваю, што не магу выказаць неабходнае гэтак прыгожа і абгрунтавана, як хацеў, і мяне трасе ад панічнага страху. Ліхаманкава я спрабую сказаць тое самае іншымі словамі, і часам гэта атрымліваецца. Але куды падзелася мая гіронія, прыцэльная дарэчнасьць сказаў, дасьціпнасьць і спакой у голасе, якія толькі што гатовыя былі напавал ачараваць суразмоўцу? Гутарка страчвае сэнс, чалавек насупраць недаўменна глядзіць на мяне, шкадуючы й пагарджаючы адначасова, і неўзабаве сыходзіць, уносячы з сабой свой дар вымаўляць гукі гэтак жа лёгка й натуральна як дыхаць, — вялікі дар, усё шчасьце якога яму ня дадзена ўсьвядоміць ніколі.
«Гэта не хвароба… так, — дэфэкт маўленьня,»— кажа мне сябра майго прыяцеля. «Імпатэнцыя — значна больш страшная рэч,»— адгукаецца на гэта, усміхаючыся брыдка ў вусы, мой далёкі сваяк. «Лепш бы я заікаўся,»— шэпча мне сьляпы. «Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў,»— кладзе сваю руку на маю знаёмая майго знаёмага. Як я ненавіджу гэтае спачуваньне!
Я сьмяюся разам з усімі, калі распавядаюць показкі пра заікаў, але ў гэты момант мне пакутліва карціць давесьці ўсім вам, што маё заіканьне — гэта часова, гэта толькі калі я ўсхваляваны, а так я гэткі ж балбатун, як і вы. Але сам распавесьці показку я ня здольны. Спрабаваў — успамін пра тую ганьбу дагэтуль прымушае мяне заікацца яшчэ мацней. Часам я забываюся і пачынаю трэсьці языком: «Слухайце анэкдот…», але тут жа сяброўская рука мякка кладзецца мне на плячо — лепей ня трэба. Той натужны, фальшывы сьмех, які яны выціскалі зь сябе, зь цяжкасьцю дачакаўшыся фіналу, надоўга адбіў у мяне ахвоту размаўляць навогул. Але ж мой анэкдот быў смешны. Дужа смешны. Я належу да праклятага племені заікаў, да тых людзей, мову якіх на пісьме, як жаўнеры ў ачапленьні, найбольш удала перадаюць значкі, што адзьдзяляюць літару ад літары: «л-л-л-літару ад л-л-л-літары»… Нашая мова ў тэксьце гэтак жа кідаецца ў вочы, настолькі ж прыкметная, быццам двое з нас гучна загаварылі, стоячы ў самай гушчыні натоўпу. Нас заўжды абіраюць нікчэмныя пісьменьнікі, каб ачалавечыць нейкі пэрсанаж, які зусім не атрымліваецца жывым. Вось гэты будзе лысы, гэты — з хранічным насмаркам, а гэты будзе заікацца. Глядзіш — і паверыць чытач.
І ўсё ж пісьмо прыдуманае дзеля нас. Тут мы адрываемся напоўніцу, тут для нашай дасьціпнасьці, нашага гумару, нашай чуласьці да мовы — прастор і воля, тут нашае каралеўства. Літары вынайшаў заіка. Але паспрабуй пачытаць услых перад уважліва замерлай аўдыторыяй напісанае табой — якімі б таленавітымі ні былі створаныя табой радкі, праз колькі хвілінаў слухачы пацягнуцца да выйсьця. Нават тыя, хто, накшталт цябе, адзначаныя таўром заіканьня.
Ад заіканьня яшчэ ніхто не паміраў…
Неяк я цэлы год жыў са сваім дзедам у ягонай прапахлай лекамі, аблезлай аднапакаёвай кватэры. Дзеда маё заіканьне аніяк не кранала, ён зусім звар'яцеў, амаль не ўставаў, не адказваў на пытаньні, еў адно бульбяное пюрэ, якое я з тае пары зьнелюбіў страшэнна — столькі давялося перамясіць варанай бульбы, што я ўскокваў па начах, з намаганнем выдзіраючы сябе з аднаго й таго ж сну: ляжу на сваёй канапе ля халадзільніку на кухні, ня ў стане паварушыць рукамі, залепленымі цьвярдзеючым, як цэмэнт, пюрэ, а са столі зьвісаюць і гайдаюцца панада мною нейкія жалезныя трубкі, зь якіх паўзуць каўбаскі ўсё той жа густой жоўтай кашыцы. Дзед рос у сваім ложку як пустазельле, глыбока пусціўшы ў прасьціну карэньне. Уражаньне было яшчэ мацнейшым ад таго, што нават рукі дзед уздымаў загорнутымі ў коўдру, а калі ён варочаў галавой, разам зь ёй, як цьвікамі прыбітая, варочалася й падушка. Улюбёным ягоным заняткам было разглядваць столь з-пад сваіх густых брэжнеўскіх броваў. Я мяркую, што ў столі, зацягнутай па кутох павуціннем, ён знаходзіў сэнс жыцьця, адказы на ўсе пытаньні. Магчыма, у глыбіні столі, на паверхні якой плаваў падобны на кулак цень жырандолі, дзед бачыў сваю будучыню. Бывала, ён гутарыў са столяй на таямнічым арго ўсіх звар'яцелых дзядоў сусвету, і тады я пачуваўся бессэнсоўнай аблачынкай у тым небе, адкуль дзед узіраўся ў нетры свайго існаваньня. Тым ня менш дзеда я любіў, і шчыра радаваўся, калі доктар казаў, што дзед пражыве яшчэ доўга, а пры добрым даглядзе можа пайсьці на папраўку. Але доктар пакідаў пасьля сябе рэцэпты й сьляды каля дзедавага ложку, якія не высыхалі да раньня, і ў мяне было адчуваньне, што гэта сьмерць прыходзіла ўначы праверыць, ці не гатовы стары пайсьці зь ёю.