— Ну і што? — сказаў Саша, ахайна пёрак даўшы ў кнізе закладку — абгортку для жуйкі.— Супадзеньне! Давай лепш сканворд, я памятаю, у цябе быў неразгаданы. Ды не сумуй ты, Жано. Давай яго сюды. Так. Сталіца Італіі — Рым. Прыяцель — друх. Любоў… Правільна, Жана, сэкс. Сем. Чалавек, які зьдзейсьніў выдатны ўчынак. Герой. Сустаў, хлеб. Вада. Крок. Мір. Ты вось ня ведаеш, хто гэта — сын бацькі? а я вось ведаю — сын. Пэрсанаж паэмы «Руслан і Людміла». Руслан. Ведаеш, вось зараз хто-небудзь зойдзе, пацыенцішка які залётны, і высьветліцца, што завуць яго Руслан.
Жана са страхам паглядзела на дзьверы. На іхным шкле варушылася стракатая вада. Ад дзьвярэй да стала падлогу пакрывалі мокрыя плямы, быццам чалавек-невідзімка праехаўся тут верхам на аслу.
— Нейкі тупы сканворд. О, тут яшчэ красворд ёсьць. Адзін па гарызанталі. Земнаводнае, якое ў пачатковай стадыі свайго існаваньня мае празрысты скураны пакроў. Ты ня ведаеш, а, Жан? Якія ў нас ёсьць земнаводныя?… жаба, яшчарка…
— Жаба — не земнаводнае, — сказала Жана. Шыя яе ссыпала на сьпіну дробныя дрыжыкі.— Пурген на вуліцы які ўсчаўся…
— Чаму гэта не земнаводнае? Яна ж жыве й на зямлі, і ў вадзе.
— Варан — гэта земнаводнае.
— Ну я й кажу — яшчарка. Варан — гэта ж яшчарка.
У прыёмным стала неяк надта цёпла. Зіма чакала на двары, скрыгочучы трамваямі. Здавалася, батарэі жывіліся тым холадам, які ўдыхаў пакой, і пачыналі грэць з падвоенай сілай.
— Празрысты скураны пакроў…— паўтарыў Саша, запрагнуўшы галаву. — Гэта як? Гэта значыць, што земнаводнае дыхае, і мы можам убачыць ягоныя лёгкія… харчуецца, і мы бачым, як напаўняецца страўнік… і яшчэ — хы-хы — палавыя органы можам бачыць…
— Сэрца. Можна бачыць, як б'ецца сэрца, — ціха й выразна прамовіла Жана, і маленькае сярдзітае сэрца раптам запульсавала на ейным стале, пунсова загарэлася, нібы аварыйная лямпачка.
— І мазгі можна ўбачыць. Цікава, у іх ёсьць мазгі? (— Ня ведаю, — Жана зрабіла кола на сваім крэслы-круцёлцы.) Не, надта складаны красворд.
«…грукатам іхных рогаў. Зарангіты паводзілі сябе высакамерна, але правадыр Прнгт на начной нарадзе не пакінуў ва Ўладара аніякіх сумненьняў, паабяцаўшы змагацца да апошняй кроплі нхла.
Ранак засьпеў Форана перад аглядным экранам. Паспаў ён, відаць, з гадзіну. Калі Форан прачнуўся, рука ягоная сьціскала меч гэтак моцна, як і падчас нядаўніх перамоваў. Форай пацягнуўся, падняўся. Вартавы ля дзьвярэй пачціва нахіліў галаву ў бліскучым шлеме. У вялізным вакне былі відаць падобныя на яйкі караблі зарангітаў.»
— …пшага, — сказала Балетная Бабуля, выйшла з кабінэту кармою наперад і зачыніла за сабой дзьверы. Яна ляснула парасонам, паправіла парык, накінула плашч.
— Усяго найлепшага, дзевушка, — сказала Бабуля, не ўганараваўшы Сашу нават хітаньнем галавы.
— Вас тут унучка пыталася, — сказала хутка Жана. — Прасіла перадаць, што будзе чакаць дома.
«Барлісы зьявіліся нечакана, у той самы момант, калі напружаньне абаронцаў Палацу зьмянілася стомаю. Страляніна па іх лёгкіх караблёх не дала нічога; захопнікі быццам шчаўчкамі пальцаў разьнесьлі абарону на сьценах і празь некалькі хвілінаў апынуліся ў будынку. Спаймаўшы сябе на тым, што знаходжаньне ў добра абароненай залі можа падацца баязьлівасьцю, Форай выбег у калідор і, арыентуючыся па шыпеньні зброі, памчаўся на трэці ярус.»
— Унучка? — Балетная Бабуля бяззуба пасьміхнулася, потым нахілілася нізка-нізка, да самага носу Жаны. — Ды няма ў мяне ніякай унучкі.
І, горда ўзьняўшы галаву, Балетная Бабуля, прытанцоўваючы, выйшла ў золкі вечар.
— Дзіўна, — гэта ў Жаны й Сашы вырвалася адначасова, чаму яны, зрэшты, нават не ўсміхнуліся. За вакном залямантавала пранізьліва, як плакальшчыца на хаўтурах, міліцэйская машына, і сьціхла недзе за паркам. Пахіснулася пальма па-над Сашынай галавою.
«…і Форан убачыў Барліса, які грузна ступіў у галерэю. Ён наступіў на абгарэлую руку, якая дымілася ля сьцяны, і прынюхаўся. Па пярсьцёнку на адрубленай руцэ Ўладар пазнаў яе ўладальніка. Афіцэр Кінакс!
Зблізку гэтых мярзотных істотаў Уладар бачыў упершыню, але не адчуў у гэтую сэкнду нічога, акрамя…»
— Шмат яшчэ кліентаў сёньня? — спытаў Саша, падняўшыся. На цёплую ўмяціну ў фатэлі ўпала кніга.
— Ды не, яшчэ вось Тая на працэдуры прыйдзе, і ўсё, — адказала Жана, выбіраючы, што б пакруціць у пальцах — пусты цыгарэтны пачак або маркер.