— А чаго ў яе, ня ў курсе? — спытаў Саша, спрабуючы падцягнуцца на дзьвярох.
— А я што — доктар? — Жана абрала маркер. — Здаецца, нічога сур'ёзнага. Ды й навогул, якая табе справа да яе балячак. Уключы радыё, давай лепш музыку паслухаем.
2001
NIGHTCLUBBING
Аўтобус гэтак хутка апынуўся на цэнтральнай плошчы мястэчка, што ніхто нічога як сьлед не зразумеў. Зусім нядаўна, калі бас-балалаечнік Вікторчык паднёс да вуснаў прыпасеную яшчэ зь Міжрэчча бутэльку піва, а Эла Сямёнаўна ўзяла гігіенічную памаду, і гарманіст Мікола замахнуўся, крэкнуўшы, чырвовым законам, яны ехалі па загрыміраваным пад шашу заснежаным полі, і навокал не было ані намёку на чалавечае жытло. І тут аўтобус павярнуў направа, і недзе зьверху застаўся пакаты бок дарогі, падобны на агромністага сьнегавіка, утыканага сінімі ялінкамі й трохкутнымі дарожнымі знакамі на тонкіх ножках. У вантробах аўтобуса стала нязвычна ціха, ён шпарка скаціўся ўніз і, прамінуўшы два, не, тры (а вось і чацьверты) пяціпавярховай, спыніўся на маленькай плошчы.
— Прыехалі, ці што? — крыкнуў Вікторчык з задняга сядзеньня й пасмактаў бутэльку, потым заткнуў яе адмысловым вечным плястмасавым коркам і схаваў у спартовую валізу, што ляжала на багажнай паліцы. — Гэта, значыцца, Шмальцэвічы?
Ад ягонага крыку неспакойна заварочаліся танцоры Жэня й Дзіна, якія спалі побач. Пухавік, што захінаў іхнія калені, падумаў ды споўз, упаўшы ў праход. Бубнач Ягор адвярнуўся да вакна. Але пухавік гэтак непрыемна нагадваў самога Ягора і ўчорашнія падзеі ў Міжрэччы, што бубнач хутка падняўся, узяў пухавік і зноў накінуў яго на танцораў.
Плошча была бязьлюднаю, толькі ля будынку адміністрацыі стаялі на варце яліны ды займаўся кітайскай гімнастыкай абавязковы бронзавы Ленін. Гадоў дзесяць таму ён быў шмат для каго, да прыкладу, для Міколы, аб'ектам праведнага абурэньня або зьедлівых кпінаў, цяпер жа ўспрымаўся хутчэй з замілаваннем — лагодны дзівак-дзядуля, які кожную бязмоўную нядзельную раніцу выходзіць займацца у-шу на местачковую плошчу. Мікола ўсьміхнуўся й сьцебануў сваёй картаю голага караля, якім Вікторчык даўно накрыў змрочную піковую дзесятку:
— Пішыце пісьмы і прывет радзіцелям!
Першай на цнатлівы сьнег выйшла Эла Сямёнаўна, за ёй спусьціўся, віхляючы зацёклым задам, кіроўца. Саскочыў з падножкі Вікторчык, запаліў, Эла Сямёнаўна незадаволена зморшчылася.
— Дзе ж фанфары ды хлеб-соль? — ашчэрыўся Вікторчык, стрэліўшы сьлінаю ў сьнег. — Дзе правінцыялачкі?
— Хлеб-соль вунь у краме набудзеш, — Мікола з перакінутым праз плячо гармонікам грузна ступіў на плошчу ўсьлед за Вікторчыкам. — А фанфары свае ты сёньня яшчэ чыніць будзеш, не забыў?
— Ну канэшна, ты ж у нас дзед, — з робленай павагай працягнуў Вікторчык. — Табе відней, ты ж у нас еты… пахан народнай культуры!
Усё ж Мікола меў рацыю — да вечару трэба было неяк заклеіць бас-балалайку, якую Вікторчык выпусціў з вакна Дому культуры ўчора ў Міжрэччы. Здаецца, і невысока было — другі паверх, і ўпадзі адтуль сам Вікторчык, ён бы падняўся ды пайшоў далей піць, і гэтую… Сьвета яе звалі… ці ня Сьвета… угаварыў бы ўсё-ткі. А балалайка трэснула, нібы кавун, і доўга яшчэ выла бяздомным зьверам пад марозным ветрам, лежачы на зледзянелым асфальце, пакуль Вікторчык марудна, бы з хмарачосу пехатой спускаючыся, рухаўся ёй на дапамогу. Вярнуўся, а Кацькі ўжо й няма, адно толькі сьлед яе прастылы чыхае ў шклянцы зь півам. Карацей, трэба бегчы клей шукаць у гэтых ебенях, а ніякае ахвоты…
— А праўда, нешта не сустракае нас ніхто, — сказаў паныла Ягор.
— Ну, будзем чакаць, — закрыла тэму Эла Сямёнаўна падазрона добрым голасам. — І лепш за ўсё ў аўтобусе.
Вярнуліся ў душны салён, сталі раскладаць на мерзнучых каленях сьняданак: захаваную яшчэ зь Міжрэчча пазелянелую каўбасу, агуркі, што пахлі цёплай гарэлкай, выціраць аб чахлы сядзеньняў мокрыя ад рассолу рукі, на якія, нібы летнія мухі, ліплі хлебныя крошкі. Прачнуліся й пацалаваліся Жэня й Дзіна, паклалі на пухавік бутэрброды з сырам. Толькі Вікторчык застаўся дапаліць і, грэючы адной рукой вуха, фальшыва ўдаваў задавальненне ад сырой цыгарэты, якая дыміла ўсё гусьцей ды гусьцей.
Сьпяшацца было няма куды, іхная мэта ўзвышалася зьлева ад будынку адміністрацыі — чырвоны цагляны дом з надпісам «Шмальцэвіцкі дом культуры», вокны якога былі хутчэй закалочаныя, чым зачыненыя. Гэткі самы быў у Міжрэччы, і гэткі ж заўчора — у вёсцы Хмяльцы, і гэткі ж, але зь белай цэглы, — у Трунцах, і дакладна гэткі ж — у Каралёх, і падобны, толькі з піянэрам ля ўваходу, — у Каршакевічах, і паўсюдна местачкоўцы называлі гэтае збудаваньне клубам. Эла Сямёнаўна, паважна паглынаючы колца каўбасы, якое яна трымала, далёка адставіўшы мезенец, што служыў, відаць, дзеля спакушэньня гідліва назіраўшага за ёю апэтыту, глядзела ў вакенца. Кіроўца, пажаваўшы хлебу, задрамаў на пярэднім сядзеньні. Прачнулася ўрэшце вялізная й непрыгожая Марыя Пятроўна, салістка й галоўная танцорка, — калісьці ёй на галаву ўпаў скрутак дроту, ды так і застаўся ляжаць на макаўцы, зь цягам часу пачаўшы лічыцца валасамі.