— У Вікторчыка гарэлка ёсьць, — сказаў Ягор вельмі ціха, каб ніхто не пачуў, але пачулі ўсе, бо даўно чакалі адзін ад аднаго гэтых запаветных словаў, і разам зірнулі ў вакно, але Вікторчыка там не было. — А ў мяне гарэлка ёсьць, — сказаў бадзёра Вікторчык, на поручнях уцягваючыся ў салён. Зь нейкаю шкадобаю і адначасова агідаю да сябе ўсе адчулі, як напружыліся падушачкі пальцаў, прадчуваючы гладкасць плястмасавых шклянак, шэрых зьнізу й залапана-белых уверсе, зь цёмнай дрогкай палоскай пасярэдзіне. Але тут жа загудзела недзе за Домам культуры машына, і ўсе са спакойным будзённым страхам убачылі, як да аўтобусу, пакідаючы на сьнезе ўзор, пад'язджае міліцэйскі уазік. Невысокага росту пажылы лейтэнант нецярпліва замахаў, рукой у ва ўсе вокны адразу, і кіроўца, мацюкнуўшыся, з рыпеннем падняўся і адчыніў дзьверы.
— Хто такія будзеце, госьці дарагія? — лейтэнант бухнуўся на пярэдняе сядзеньне. З ботаў ягоных адразу ж кінулася абнюхваць куты вада.
— Мы ансамбль фальклёрны, са сталіцы да вас з канцэртам, — грудным голасам прамовіла Эла Сямёнаўна, вельмі кругла крутануўшы «а» ў слове канцэрт. — Чакаем вашых, нас павінны сустрэць.
— І дакумэнцікі маюцца? — хутчэй сцвярджальна, чым запытальна сказаў лейтэнант, азіраючыся вакол.
Эла Сямёнаўна задумалася, потым дастала з валізкі пасьведчаньне, якое лейтэнант згроб вялікай мужыцкай далоняй.
— Та-а-ак… Тын-ды-рын Эла Сямёнаўна… сапраўды зьяўляецца кіраўніком ансамбля народнай музыкі й танца «Яромка»… — лейтэнант захлопнуў пасьведчаньне й паглядзеў на вокладку.
— Упраўленьне народнай культуры… Вы як, у клубе будзеце прадстаўленьне выступаць?
— Ну, хутчэй за ўсё… Гэта нам вашы павінны паведаміць. Пра мейсца выступу. Дарэчы, прыходзьце да нас на канцэрт.
— Так, прыходзьце, з жонкай там, зь дзецьмі,— падаў голас Вікторчык, падміргнуўшы Ягору.
— Абавязкова, — сказаў лейтэнант, гледзячы на Вікторчыка з прафэсыйным інтарэсам. — Ну што… усяго вам, я ўжо падумаў, рокеры якія, панкі балдзець прыехалі. Шчасьліва выступаць!
Ён падняўся, і ўжо выходзячы, пад міжвольны ўздых палёгкі за сьпінай, абярнуўся.
— А вось ету пець будзеце… Скакаў казак чэраз даліну!
— Для вас эксклюзіўна, — сказала Эла Сямёнаўна.
— Дзякую, — усьміхнуўся лейтэнант і хутка ягоны уазік зьнік за адміністрацыяй.
І Вікторчык ужо адкаркоўваў бутэльку, і на твары кіроўцы ўжо зьявілася чорная зайздрасьць разам з салідарнасьцю, і паціраў ужо рукі П'еро-Ягор, — але ў аўтобусе раптам адчуўся дух пакорлівасці й прыкрасці. Першым яго крыніцу заўважыў Жэня. «Гэта за намі,»— сказаў ён і паказаў на лабавое шкло. За ім было відаць дзяўчыну, якая пасьпешліва перасякала плошчу, накіроўваючыся да аўтобуса. Вікторчык уздыхнуў, закруціў памацней корак і схаваў бутэльку ў валізу. Дзяўчына доўга торгала ручку дзьвярэй, пакуль кіроўца не падняўся і не адчыніў ёй, працадзіўшы папярэдне яшчэ адно нецэнзурнае слоўца.
— Здрасьці! Вы ж артысты, зь Мінска? — таропка загаварыла яна. — Вы ўжо даруйце, зусім з ранку забегалася. Давайце ў клуб, вам жа, мусіць, рэпэтыраваць трэба?
— Нас бы пакарміць спачатку, — сказаў Мікола, гледзячы ёй проста ў вочы.
— Без абеду граць ня будзем, — уставіў свае пяць нотаў Вікторчык.
— Так, канешне, — замітусілася дзеўчына. — У дзьве гадзіны ў вас абед у нашай сталовай. (— А чаму ў дзьве? — пакрыўджана заскуголіў Вікторчык, але пад пагрозьлівым позіркам Элы Сямёнаўны схаваўся за сваёй валізай.) А зараз трэба ў клуб ісьці, там наша дырэктар вас чакае…
— А вас як зваць-та? — строга спытала Эла Сямёнаўна, спускаючыся з падножкі.— Анжэла, — сказала зьдзіўлена дзеўчына. Эла Сямёнаўна зрабіла кароткі задаволены паўстогн, быццам назаўсёды занесла Анжэлу ў сваю картатэку, і адразу згубіла да яе цікавасьць. Тым ня менш яны поруч пайшлі да клубу, прычым Анжэла ўсё гаварыла нешта й настойліва спрабавала зазірнуць худруку ў поўныя годнасьці вочы. За дамамі, раз-пораз паслізгваючыся на затоеным пад сьнегам лёдзе, пацягнулася чарада астатніх: рэвалюцыйны матрос Мікола з гармонікам праз плячо, які вольнай рукой дапамагаў Ягору несьці ягонае складанае прыстасаванне, Жэня з заплечнікам, захутаная ў пухавік па самыя вочы Дзіна, вельмі шмат Марыі Пятроўны. За імі ўсьлед плёўся Вікторчык са сваёй вялізнай пакалечанай бас-балалайкай. Аўтобус пакуль застаўся стаяць пасярод плошчы, на ягоным рулі, быццам філёзаф, што спрабуе спасьцігнуць бясконцасьць кола, задрамаў кіроўца.