Чамусьці ўсе залі ўсіх местачковых дамоў культуры пахнуць семачкамі. Гэтая не была выключэннем. Вялікая лямпа на столі асьвяціла бязладна раскіданыя абоймы крэслаў, нечакана высокую сцэну, на якой шыбеніцай тырчала мікрафонная стойка. Сцэна сканчалася сьцяной з фоташпалерамі: зь вялікай вышыні, быццам са шпіёна-спадарожніка, надзвычай цьмяна быў зьняты цудоўны куточак сінявокай Беларусі, зь нязьменнай супрацьтанкавай рэчкай і разбаўленым лесам полем (ці наадварот). Уверсе сьцяны, проста на шпалерах, нечай рукой па-майстэрску быў намаляваны агромністы бусел, які драпежна распасьцёр белыя крылы. Пачалі ладкавацца: Мікола, не знайшоўшы зьніклага выключна згодна з традыцыяй мясцовага гукарэжысэра, пайшоў шукаць дрот, Марыя Пятроўна села на крэслы і ці то малілася, ці то рэпэтавала, Вікторчык адправіўся здабываць сілікатны клей (насамрэч ён ужо даўно дамовіўся з Анжэлай, каб тая прынесла яго пасьля абеду ў клуб), Жэня й Дзіна правяралі сцэну на трываласць, Ягор даядаў каўбасу. Эла Сямёнаўна й дырэктар клубу Ніна Саламонаўна стаялі й глядзелі на ўсё гэта, а насамрэч адна на адну. «Кароваў падаіла, калхозьніца?»— думала Эла Сямёнаўна. — «Фарбавацца навучыся спачатку, памада — не каляровая крэйда. І гэта — жанчына. Сьвіньня на ўбой! Зубы залатыя, вочы тупыя. Што ты ў жыцьці бачыла, апрача гною?» «Чаго вылупілася?»— адказвала ёй у думках, схаваных пад сівым парыком, Ніна Саламонаўна. — «Гарадзкая! Я ж сама ў горадзе нарадзілася. Там я бы чаго лепшага знайшла, чым алкашоў вучыць на гармоніку пілікаць. Хто ж вінаваты, што па разьмеркаваньні мяне сюды, а тут Барыс еты… каб ён здох, кабелюга. Каб яму яйкі прышчаміла! А гэтая верыцца ўсё… кашчавая якая… ні грудзей, ні жопы. Калхозьніца».
На абед усе яромкаўцы сабраліся ў шмальцэвіцкай сталовай, якая мела гучную назву «Ресторан „Колосок“». Стравы «Колосок» прапанаваў цалкам традыцыйныя: грэчку, сасіскі, кампот. Але ўсё было гарачае й сьвежае, і грэх было не ашчасьлівіцца гарэлкаю. Праблемы ўзьніклі з посудам — шклянак Вікторчыку не далі, і пачаць давялося з кампоту, давячыся і апякаючы нёбы. Са сталовай усе выйшлі, значна павесялеўшы. Марыя Пятроўна нават паспрабавала прасьпяваць нейкі раманс, ззаду яе йшлі Вікторчык ды Жэня, дэманструючы нешта сярэдняе паміж фашысцкімі карнікамі й брэмэнскімі музыкантамі — міма рыпелі драбіны, і Вікторчык вельмі пераканаўча крычаў мужыкам: «Тафай-тафай-рапотай!», а Жэня гартанна сьмяяўся; праносіліся машыны мясцовых бізнэсмэнаў, а потым павольна праехаў уазік ужо знаёмага ўсім лейтэнанта. Яны прайшлі пехатой амаль усё мястэчка — царква, касьцёл, драўляны мост празь непрыкметную рачулку, гароды, Дом быту, унівэрсам № 1, школу, кучу забарыкадаваных «Запарожцамі» хатаў, медпункт, унівэрсам № 2, некалькі пяціпавярховікаў, павярнулі на вуліцу Энгельса. Тут, ля Дошкі гонару й tabula rasa аб'яваў, яны ўбачылі ўкрыжаваны на плоце дзіцячяга садку кавалак паперы, на якім флямастэрам было выведзена: Сегодня у 17,30 у клубе состоишься выступление ансамбля «Яроміна». Вход свободный. Натуральна, у слове «ансамбля» усе літары, апрача апошніх трох, былі замазаныя.
— Ляканічна, — сказаў Ягор. — Вельмі ёміста, — заўважыў Мікола. — Я бы сказаў, непераборліва, — дадаў Вікторчык. — Опа!
Ля брамкі аднаго з дамоў стаяла дзяўчына прызыўнога ўзросту ў паліто й бяздумна глядзела на артыстаў. Вікторчык моўчкі пайшоў на яе.
— Зараз зноў завядзе, — сказаў Жэня й зарагатаў. Ён абняў Дзіну за талію й працягнуў голасам Вікторчыка: «Нездарма мяне завуць Андрэйка-целагрэйка!»
Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але… Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў.
— Пойдзем, ён нас дагоніць, — сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў.
Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад'ездам са сталіцы яна хадзіла па касьцюмы да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам «Яромкі» — лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў.