2001
БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ
1
Малады Ўладар падкраўся да Барліса ззаду, асцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі — ня дзіва, што ён яго не знайшоў.
Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся спінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў гайдалася гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя — у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі — іх можна было перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы — узімку іх ня знойдзеш.
Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў. Для дарослых яны, натуральна, былі — выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы. Сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся — пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая — польскай веры, дзяды ўсякія, затым — заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.
Хлопчык пераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд — сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.
— Увага! Увага! Увага! — Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзон! — закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры. — Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня, — чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым. — Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленне — для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў…
Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.
— … і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасьні — унікальная праграма… Беларусы на крыштальных шарах! — нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.
Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.
2
Цудоўнае цыркавое прадстаўленне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. «Ты ж ведаеш,»— сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату слёзы, да якіх яе давяла цыбуля. «Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.» Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю.