Вялiкi i магутны Сварожыч у юнацкiм захапленнi перад прыгажосцю зямлi лашчыў яе сваiм боскiм святлом, саграваў жываносным цяплом i чакаў ночы, каб апусцiцца далёка за даляглядам на ложа, якое заслала яму Лада.
Княжыч апусцiўся на каленi, у дар Свярожычу вылiў на зямлю з карца вiно i, працягваючы рукi да сонца, узмалiўся:
- О вялiкi Сварожыч! У гэты дзень захавай i благаславi нас! Пазбаў нас лiха! Пашлi нам удачу супраць ворагаў, о вялiкi бог!
Праказаўшы замову, тройчы пацалаваў свае рукi i падняўся на ногi. Ён пайшоў на гаспадарчую частку двара. У прасторнай драўлянай клетцы, што стаяла каля стайнi, занепакоiлася рысь, якую некалi злавiлi на ловах. Выгнула спiну i пагрозлiва зашыпела. Воўк прыкрыкнуў на звера. Чалавечы голас узлаваў рысь, яна кiнула сваё пруткае цела на княжыча i ўдарылася носам у тоўстыя жэрдкi клеткi. На шыi i на спiне паднялася поўсць, гострыя кiпцюры звера драпанулi па дубовай падлозе - рысь сердавала. I мiжволi халадок боязi папоўз па спiне княжыча. Нянавiсць да чалавека, якi пазбавiў яе волi i цяпер насмiхаўся, гучала ў рысiным голасе.
Яго ўжо чакалi з асядланымi коньмi. Вярхом на белым канi сядзеў Вышак. Лоўчыя стрымлiвалi на тоўстых кiях з ашэйнiкамi дзiкаватых хортаў, якiя ўзбуджана скавыталi. Стары дзядзька Гвай, якi пасля пострыху княжычаў выхоўваў iх, падвёў да Воўка яго любiмага каня Кахая - рослага, з белай у чорныя яблыкi поўсцю. На конскiх грудзях вiсела лента са срэбнай пласцiнкай, на якой былi выгравiраваны ад дурнога вока сонечныя крыжы i Перуновы знакi. З торбачкi Гвай сыпануў на далонь княжычу аўса. Конь пацягнуўся мяккiмi вуснамi да чалавечай далонi.
* * *
З акна пакоя, дзе звычайна князь думаў з князямi i лепшымi людзьмi родаў пра строi i ўставы зямельныя, паглядаў на сыноў Жывiнбуд. I лагоднеў яго суровы твар. Радавалi князя сыны. Выраслi спадкаемцы - ёсць каму перадаць княства, i на суклоннi апошнiх дзён жыцця ён будзе спакойны.
У пакой увайшла княгiня Лаўса.
- З новым днём, княжа. Хай будуць мiласцiвымi да цябе багi, - прывiтала яна мужа.
Жывiнбуд павярнуўся да жонкi. Лаўса любiла пакрасавацца ў новых строях. Вось i сёння надзела нядаўна куплены ў вiзантыйскiх гасцей даўгаполы кабат са стаячым каўняром, сцягнутым поясам i пятлiцамi на грудзях. Чырвоная, вышытая залатымi нiткамi тканiна, з якой быў пашыты кабат, так спадабалася княгiнi, што Жывiнбуд выклаў рамеям не адну кунiцу, каб дагадзiць жонцы. Галаву княгiнi ўпрыгожвала залатая зубчастая дыядэма з выбражэннямi русалак, а на цэнтральнай пластцы - багiнi Лады. З абодвух бакоў дыядэмы на раснах апускалiся да плеч залатыя колты са знакамi турыных рагоў. Палюбiла княгiня раскошу i золата, а раней толькi i было ўпрыгожанняў што срэбныя колты ды бурштынавыя пацеркi. Змянiў час i характар Лаўсы i прыгажосць яе забраў. I ўжо не вабiў Жывiнбуда прыгажосцю жончын твар. Не адзiн дзесятак спальвалi Марэну вясной з таго часу, калi ён на раннi летаў сваiх гнаў каня ў няблiзкi свет, аж за Шчару i Зальвянку, каб хоць адным вокам зiрнуць на Лаўсу, дачку яцвяжскага князя Асiрга. I сэрца радасна трапятала ў грудзях. А ноччу ён вяртаўся дадому. Зоркi i месяц асвятлялi яму шлях. Маўклiвыя дрэвы глядзелi ўслед адзiнокаму вершнiку, якi парушаў iх начны сон. Першы пацалунак, калi ён нясмела дакрануўся вуснамi да яе шчакi, i дзявочыя словы: "Мне хочацца праехацца на тваiм канi". I калi яна ўпала з каня, ён, падняўшы дзяўчыну на рукi, прызнаўся, што кахае яе. Вось i пражыта з Лаўсаю жыццё. Чаго таiць - былi суложнiцы, якiя сваiм маладым целам абуджалi яго страсць, але яна мацi яго сыноў i разам з iм пойдзе ў вырай, да дзядоў. А час гэты ўжо блiзкi, i аднойчы ранiцай не дабудзяцца яго i ў адчыненае акно вылецiць яго душа з роднага дому. Як некалi даўно-даўно не дабудзiлiся яго дзеда Уценуса. Семдзесят i восем летаў пражыў Уценус. I постацi людзей ледзь бачыў князь, i галасы ўжо ледзь чуў, i рукi дрыжалi. Старасць паклала на яго плечы сваю цяжкую длань - сагнула князя. Аднойчы вечарам, калi дзед i ўнук засталiся адны ў пакоi, князь, якi нiкому i нiколi не скардзiўся на стомленасць, раптам мовiў: "Слабею. Непаслухмяныя чэлесы мае, цягне ўнiз да зямлi, - ён павольна пахiлiўся з лавы ўнiз i апусцiў далонь да падлогi, - час рыхтаваць санi. Семдзесят восьмы год жыву, а ўсё памятаю - i пострыг, i як упершыню сеў на каня, i першую сечу, i першую чару медавiны, i першую жанчыну, як учора ўсё было". Ён змоўк i цяжка ўздыхнуў. Жывiнбуд i не ведаў, што адказаць. Дзед падняўся з лавы i пакрочыў у ложнiцу, каля дзвярэй спынiўся, павярнуўся да яго i цiха папрасiў: "Будзiце мяне ранiцай моцна, а то не дабудзiцеся". Так i адбылося - ранiцай не дабудзiлiся Уценуса - князя князёў лiцьвiнскiх. А здаецца, толькi ўчора развiтаўся ён, Жывiнбуд, з дзедам.
- Хай i да цябе будуць мiласцiвыя багi, - адказаў жонцы Жывiнбуд.
Княгiня падала мужу чару з пiвам i кавалак хлеба. Штодня выконваў князь даўнi рытуал: памачыў хлеб у пiва, адпiў з чары, адкусiў трохi хлеба, вярнуў чару з хлебам княгiнi. Лаўса выйшла з пакоя i ў дзвярах, што вялi ў харомы, вылiла за парог пiва.
- Няхай будзе дастатак у гэтым доме для гаспадара, госця i жабрака, прамовiла яна.
* * *
Зубр наструнiў вушы. З узлеску даляцеў вiсклiвы сабачы брэх, а дзе сабакi, там павiнны быць людзi, якiя неслi з сабою смерць. Людзi, як i ваўкi, былi яго ворагамi. Калi чалавек сустракаў яго адзiн на адзiн, дык спуджана ўцякаў, i толькi калi людзi збiралiся ў зграi, бралi з сабой сабак, тады яны смялелi i нападалi на валадароў пушчы - зуброў. Можна было растаптаць капытамi, пырнуць рагамi аднаго, другога, трэцяга, але ўсё роўна нехта з людзей ударыць вострым кiем, на канцы якога - смерць.
Зубр падняў галаву, пераступiў з нагi на нагу, прыслухаўся. Сабачы вэрхал наблiжаўся. Трэба было ўцякаць.
Моцныя ногi неслi зубра далей ад небяспекi. Магутнымi грудзямi ён ламаў галiны дрэў i хмызняк - пракладаў сабе шлях. Але i адтуль, куды ён бег, данёсся сабачы брэх, людскiя галасы i гукi ражкоў. Аблава. Людзi акружылi яго. Жыццё зноў прымушала змагацца за сябе. Звер бег павольна, захоўваў сiлы для рашучага моманту, калi спатрэбяцца свежыя ногi i трэба будзе iмгненна прарвацца праз кола. Гучна стукалi па зямлi капыты. Трашчалi галiны. Напужаныя сабачым брэхам, выскоквалi з хмызнякоў лiсы i зайцы. Зубр не мяняў напрамку. Самае недарэчнае цяпер - страцiць вытрымку i замiтусiцца. Хаця гады i забралi ў яго сiлу i ён ужо не мог абаранiць сваё права правадыра статка i павiнен быў пакiнуць яго, але ў яго быў вопыт доўгага жыцця. Ён ведаў, што з людзьмi нельга лезцi ў бойку - яны толькi гэтага i чакаюць, акружаць яго, нацкуюць сабак i, варта толькi пачаць адбiвацца ад iх, наваляцца з усiх бакоў - не ўгледзiш, як вострым кiем удараць. Трэба прарвацца праз заслон людзей - гэта выратаванне. Зусiм блiзка брахалi сабакi...
Зубр выбег на паляну. Убачыў, як людзi спусцiлi з павадкоў сабак i тыя з брэхам рынулiся да яго. Моцным ударам капыта зубр раскрышыў чэрап аднаму з гэтых вiсклiвых звяроў, другога ўзняў на рогi i падкiнуў у паветра. Астатнiя шалёна брахалi на яго, але падыходзiць не адважвалiся. Зараз трэба было чакаць сустрэчы з людзьмi. Яны хавалiся за дрэвамi.
- Мой! - закрычаў Воўк i ўдарыў астрогамi каня.
Сцiснуўшы ў правай руцэ сулiцу, Воўк накiраваў каня на зубра. Звер прыпынiўся, нахiлiў нiзка галаву, выставiўшы наперад доўгiя рогi, i пагрозлiва рыкнуў. I конь пад княжычам, не слухаючыся паводдзяў, заiржаў i ўзняўся на заднiя ногi. Варта было зубру цяпер баднуць каня, як той разам з вершнiкам паляцеў бы на зямлю, а там чалавека можна растаптаць капытамi. Але кожная хвiлiна цяпер ратавала звера. Пакуль людзi яшчэ не акружылi яго - хутчэй бегчы адсюль. Да выратавальнага гушчару заставалiся крокi. Вострыя калкi астрог упiлiся ў каня, i боль быў мацнейшы за боязь перад пагрозлiвым зубрам, - конь падначалiўся моцнай руцэ вершнiка, якi трымаў паводдзе, i панёс свайго гаспадара ўслед за зверам. Волак дагнаў зубра i ўдарыў сулiцай у загрывак. Звер нырнуў у гушчар.