Гонар не дазваляў княжычу спынiць пагоню. Будуць пасля слугi плявузгаць, што задрыжала князёва рука i выпусцiў ён звера. Паранены зубр далёка не ўцячэ. Волак саскочыў з каня i перадаў паводдзе Гваю. Адзiн, трымаючы на творцы хорта, пусцiўся па слядах зубра. Лёгкiм i хуткiм быў бег чалавека. Маладая, нерастрачаная сiла бурлiла ў iм, прасiла выйсця. Чалавек атрымлiваў асалоду ад запалу, што ахапiў яго, чалавек быў ап'янелы ад прадчування ўдачы. Хорт нецярплiва скуголiў i цягнуў за сабой у глыб гушчару паляўнiчага. А зубр з апошнiх сiл уцякаў ад пагонi.
Доўга, прадзiраючыся праз галiны дрэў, гнаўся за зверам княжыч.
Хорт вывеў княжыча на вузкую сцежку. Волак агледзеўся. Вакол стаялi высокiя хваiны, а ўнiзе пад iмi буяў хмызняк. Нiколi ў гэтых месцах ён не быў. У запале i не заўважыў, што трапiў за няблiзкi свет. Трывожнае скуголенне хорта насцярожыла Волака. Сабака зноў нешта пачуў. Да слыху даляцеў тупат конскiх капытоў. Па сцежцы нехта ехаў. Ну, то добра, хоць спытаецца, у якi бок падацца да Жоўны, а мо i каня пазычыць.
Хор нецярплiва завiляў хвастом, некалькi разоў брахнуў. Неўзабаве на сцежцы паказалiся тры вершнiкi ў iльняных вопратках з лукамi i калчанамi за спiнамi. Аднаго вершнiка Воўк пазнаў - князь Завейка. Забачыўшы наперадзе княжыча, Завейка падскакаў на белым канi да яго. Хоць i быў ён апрануты, як яго слугi, у льняную срачыцу i парты, але на нагах боты з астрогамi, на шыi залатая грыўна, а ў правым вуху залатая круглая завушнiца i срэбныя бляхi на вуздэчцы i сядле - знакi княскага багацця. Нягледзячы на старасць, твар князя прываблiваў адкрытасцю i прыгажосцю - прамы нос, вузкiя, моцна сцятыя вусны, густыя вусы i барада, у якiх серабрылася сiвiзна, доўгiя, зачэсаныя назад валасы агалялi прамы лоб з барознамi маршчын. Чорныя вочы холадна глядзелi з-пад броваў на княжыча. Нават i ў такiя ўжо немаладыя гады сустрэча з гэтым шыракаплечым высокiм чалавекам не абяцала яго ворагу нiчога добрага.
- О, княжа, вось дык сустрэча, - нечакана для Волака прыязна прамовiў Завейка i ў доказ таго, што i сапраўды ўзрадаваны, усмiхнуўся, пасля злез з каня.
Абодва князi вынялi свае мячы з похваў i кiнулi iх на зямлю ў знак таго, што захоўваюць яны памiж сабою любоў i яднанне. I, наступiўшы на мячы, абнялiся.
- Гнаў зубра, ды вось заблукаў.
- Мiласцi просiм, княжа, у госцi, - прапанаваў Завейка. - Адпачнеш, падсiлкуешся, дам табе каня дабрацца дадому, - мовiў мiралюбна князь.
Адзiн са слуг перадаў свайго каня княжычу. Хай будзе так - прыме запрашэнне. Калi запрашаюць цябе ў госцi, нельга крыўдзiць адказам нават лютага ворага. Багiня Лада - ахоўнiца дамашняга агменю - за тваю ласку паспрыяе. Паднялi з зямлi мячы. Воўк паставiў нагу ў страмяно i ўскочыў у сядло. Адзiн за адным па вузкай сцежцы вершнiкi адправiлiся далей.
Усё ж цiкава блiжэй пазнаёмiцца з гэтым чалавекам. Такога, як Завейка, лепш трымаць за сябра, чым за ворага. Вось самi багi далi магчымасць паразумецца з iм.
Князевы харомы стаялi з краю вялiкага паселiшча. Праз зелянiну дрэваў вiднеўся крыты дранiцай дах. Высокi плот акружаў харомы. На вострых зубах хваёвых плах вiселi бiтыя гаршкi - каб адганяць наўцаў. Перад брамай, якую трымалi тоўстыя слупы, Завейка ўладарна крыкнуў: "Дарогу!" Браму адчынiлi два ваяры.
- Мiласцi просiм, князь, - паказаў Завейка рукой наперад.
I Волак уехаў на канi на двор.
Здзiвiла, як марудна i няўклюдна злез з каня баярын. Нiбыта засаромеўшыся сваёй няўклюднасцi, Завейка засмяяўся:
- Гэта цяпер пастарэў ды панягожаў, а ўперад дык птушкай лётаў.
Завейка, вiдаць, любiў жыць у раскошы. Харомы пабудаваў прасторныя i ўпрыгожаныя вытанчанай разьбой на лiштвах i прычэлiнах. На даху вiльчакi ўвенчаны разнымi конскiмi галовамi. Вiтыя слупы-калоны трымалi дах над высокiм з прыступкамi ганкам.
Яны ўвайшлi ў харомы. Князь адчынiў разныя дубовыя дзверы ў грыднiцу i прапусцiў наперад сябе госця. Волак спынiўся - пасярод пакоя стаяла рысь. Звер пагрозлiва зарыкаў на чалавека. Зараз бы сулiцу, што пакiнуў на двары.
Здалося, што рысь скочыць на яго - i не пабяжыш, i не закрычыш ад боязi. Ён жа князь, чаго-чаго, а свайго жаху нiколi не павiнен паказваць, нават азiрнуцца не мог, каб не выдаць сябе. I раптам уладарны дзявочы голас: "Сядзець", - i рысь паслухмяна апусцiлася на падлогу. Насустрач з дзвярэй другога пакоя выйшла дзяўчына. Вiдаць, гэта была воля багоў, каб ён заехаў да Завейкi, бо, убачыўшы дзяўчыну, зразумеў - вось яго доля. Дзявочыя, па-дзiцячаму даверлiвыя i разам з тым цвёрдыя, нават халаднаватыя вочы паглядалi на яго. Ён адчуваў iх позiрк. Доўгая льняная сарочка абцягвала спакуслiвыя выступы грудзей. I па ўпрыгожаннях - срэбных крынах на шыi, бранзалетах на вузкiх запясцях рук i залатой дыядэме, што ахоплiвала чорныя, заплеценыя ў касу валасы, i па тым, як дзяўчына ганарлiва трымала галаву, па гэтым цвёрдым позiрку цёмных вачэй можна было здагадацца - княгiня.
- Бажэна, да нас госць - княжыч Волак, - прамовiў з-за яго спiны Завейка.
Дзявочыя вусны задрыжэлi, i дзяўчына ўсмiхнулася даверлiвай i чароўнай усмешкай.
За сталом, якi накрылi слугi, Воўк, хоць i прагаладаўся, еў мала i раз-пораз кiдаў позiрк на дзяўчыну. Прысутнасць побач Бажэны - было цяпер галоўным для княжыча, ён адчуваў сiлу яе прыгажосцi над сабой. Любаваўся дзяўчынай. Яна падымала вочы на княжыча, каб, сустрэўшыся з iм позiркам, зноў апусцiць iх. Ды толькi не мог абед доўжыцца вечнасць - трэба было i адкланяцца.
- Дзякуй, князь, за хлеб ды соль, - прамовiў Воўк i адставiў пустую чарку, у якую слуга да гэтага тройчы налiваў халоднага пiва.
- Твая воля, княжыч. Не магу цябе затрымлiваць, але загадаю асядлаць табе каня, - Завейка падняўся з-за стала.
Воўк разгадаў маленькую хiтрасць князя - даў яму iмгненне пабыць сам-насам з дачкой. А за гэта дзякуй, мудры стары. I калi Завейка выйшаў, Воўк, не адводзячы вачэй ад Бажэны, мовiў:
- Я ведаю пра тваё жаданне?
Яна падняла вочы на яго, толькi цяпер ужо не ўсмiхалася, i разгублена спытала:
- Якое?
- Сустрэцца з табой на Купалле! Будзеш чакаць мяне?
- Так, - адказала яна i прама паглядзела на княжыча.
* * *
Гарэла купальскае вогнiшча - бацюхна Цар-Агонь. Конскi чэрап, умацаваны на высокiм кii, узвышаўся над вогнiшчам Купалы. Вакол яго спявалi i вадзiлi карагод дзяўчаты ў белых строях, падпяразаныя быллём i ўпрыгожаныя вянкамi з зелянiны i войнiкамi з блакiтнай тканiны. А юнакi з радаснымi крыкамi выхоплiвалi з вогнiшчаў паходнi, вярцелi iмi над галовамi - адганялi цемру.
Ён гнаў свайго каня. Яму хацелася пяшчоты - абдымаць i цалаваць Бажэну. Над дарогай раскiнулi галiны дрэвы. Месячнае святло бруiлася памiж галiн. Тупат конскiх капытоў будзiў начную цiшу. Воўк спадзяваўся на каханне. Наперадзе гарэлi купальскiя вогнiшчы. Прывязаў каня да дрэва ў гайку i падышоў да людзей. Нiхто не зважаў на яго. Стаяў у цемры i паглядаў на Бажэну, якая вадзiла карагод з дзяўчатамi, - нiкому не патрэбны i чужы тут. Што падумаў бы пра яго бацька, калi б даведаўся, што ён падаўся сюды, замест таго каб святкаваць Купалу разам з сям'ёй.
А пасля, калi перагарэў шост i конскi чэрап паляцеў у агонь, скакалi праз вогнiшча - падабенства сонца на зямлi, i дым ачышчаў людзей ад хвароб, надаваў iм здароўя.
- Што стаiш, княжыч?
Ён азiрнуўся i ў святле полымя ўбачыў Бажэну - усхваляваную i чароўную. Яна працягвала яму руку.
- Давай скокнем праз Купалу, - прапанавала дзяўчына.
I вось яе далонь у яго далонi - маленькая i пяшчотная. Толькi не выпусцiць яе пры скачку, тады, паводле павер'я, яны пажэняцца. Пабеглi разам да вогнiшча, i ўзляцелi яны ўгору перад полымем, i перасягнулi яго. I дзявочая далонь у яго далонi.
* * *
А праз дзень князь Жывiнбуд павёў сваю дружыну ў паход. I не срачыца, не жупан быў на iм, а кальчуга, злучаная са шлемам бармiцай, на скураным пасе вiсеў меч. Белы конь нёс князя. А за Жывiнбудам ехалi на конях вершнiкi, iшлi дружыннiкi. Зiхацелi на сонцы даспехi, срэбная вупраж коней. Услед вiцязям паглядалi iх жонкi i дзецi, сёстры i бацькi. Жыццё пачынала для iх новы адлiк часу - часу чакання з вайны сваiх сыноў, братоў i мужоў. Час трапяткой надзеi, што тыя перамогуць ворага i жывымi вернуцца дадому i не для iх давядзецца запальваць краду вогненную. I княгiня Лаўса з трывогай паглядала ўслед дружыне. Вось так два гады таму пакiдаў князь на чале сваiх вiцязяў град. Адправiўся з iм у паход на русаў старэйшы сын Лютавiт. I тады трывога сцiскала яе сэрца. А праз месяц вярнуўся князь з сечы. Нiзка апусцiў пасiвелую галаву Жывiнбуд. Прадчуваючы нядобрае, пабегла насустрач яму княгiня i ўбачыла, што вялi за мужам сынава каня. Нiчога не мовiў ёй князь, толькi цяжка ўздыхнуў. Расступiлiся воi i вынеслi на шчытах цела Лютавiта.