Старцы неслi ў руках гаршкi з яствамi для стравы. А за iмi ўжо iшлi астатнiя - тыя, хто праводзiў князя ў апошнi шлях. Увесь час да працэсii далучалiся ўсё новыя i новыя людзi. А тыя, хто не мог пайсцi да жэглiшча, схiлiўшы галовы, стаялi на каленях каля сваiх хат i, калi паўз iх правозiлi нябожчыка, бралi ў рукi жменю зямлi, перацiралi яе далонямi i казалi: "Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба". А па баках людской плынi ехалi на конях воi i трымалi лёзамi ўгору мячы. Ахоўвалi душу свайго былога водцы, якую маглi злыя пякельнiкi зацягнуць у пекла. Пад шоргат соцень ног, надрываючыся, пераходзячы амаль на крык, галасiлi плакальшчыцы:
Ай усiм жа ты быў абаронцам,
Ай усiх жа ты любiў,
Ай усiх жа ты прымячаў,
А цяпер такi стаў ганарлiвы,
Што нiкому нi слова не адказваеш.
Усе птушачкi iз выр'я ляцяць,
А ты, наш бацюшка, у вырай ляцiш...
Адразу за градам, на дарозе, жрыца запалiла вогнiшча - гарэла вопратка нябожчыка, грэбень, якiм яго апошнi раз прычэсвалi, салома i палатно, што ўсцiлалi лаву, на якой ён ляжаў, рэшткi палатна, з якога пашылi саян. Прыпынiлiся людзi паглядзець, куды, у якi бок iдзе дым, каб ведаць, у якiм месцы зноў з'явiцца Марэна. Дым плыў у бок града. Новую бяду вяшчаў ён, i яшчэ болей азмрочылiся людзi.
Старцы, што трымалi коней за ручнiкi, завязаныя на конскiх шыях, павялi iх прама да вогнiшча. Конi палахлiва вярнулi галовы i пырхалi, але прайшлi па самай сярэдзiне вогнiшча. Вогненныя языкi лiзнулi санi i дасягнулi нябожчыка. На iмгненне Жывiнбудава цела знiкла ў дыме. Усё, развiтаўся са сваiм мiлым градам князь, i цяпер чакала яго дарога ў Вялесаву краiну. Пахавальная працэсiя накiравалася да жэглiшча.
Так i не прыехаў Завейка ўшанаваць памяць князя Жывiнбуда. Смерць не прымiрыла iх. I як здзiвiўся Воўк, калi перад жэглiшчам убачыў вершнiкаў, наперадзе якiх сядзеў на канi Завейка. Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:
- А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькi! Ды перапрасi ты князя, што памiж вамi была нязгода ды нараканне, а цяпер адзiн другому даруйце, бо вы, бывала, адзiн на другога ваўком глядзелi, а цяпер ужо няма за што гневацца.
Чакальна пазiралi людзi на Завейку. Што ж ён? Князь хвiлiну-другую нiбыта раздумваў, маўчаў, паглыбiўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусцiўся на каленi i, узяўшы трохi зямлi, патрос яе рукамi.
- Няхай табе Вялес дасць вырай! - прамовiў ён.
Услед за князем пакiнулi сёдлы i яго воi, сталi на каленi i, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылi:
- Няхай табе Вялес дасць вырай!
I вось прыйшлi да жэглiшча. Высокi шчыльны плот, збiты з яловых бярвёнаў, - крада вогненная - агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынiлi коней.
А людзi развiтвалiся са сваiм князем. Падыходзiлi да саней, на якiх ляжаў нябожчык, бралi з рук Воўка развiтальную чару з мёдам i, выпiўшы яе, прасiлi Жывiнбудаву душу, каб яна малiла багоў спрыяць iм. Плакалi жанчыны. Маўчалi мужчыны. Вось выпраглi з саней коней, i старцы павялi iх за краду вогненную. Воi паднялi на рукi нябожчыка i панеслi яго да жэглiшча. Загаласiлi на ўсю галаву плакальшчыцы:
- Ой, на каго ты пакiдаеш нас, бацюшка раднюсенькi!
Пайшлi да жэглiшча Лаўса, Воўк i Вышак. Нябожчыка паклалi на папону, якая ўсцiлала зверху жэглiшча, усыпанае лапкамi ядлоўцу, дым якога лiчыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывiнбуду. Ля галавы яго Знiч утыркнуў кап'ё. На яго пасадзiлi сокала i прывязалi ручнiкамi коней. Каля кап'я воi паклалi князеву зброю: шчыт, меч, лук i калчан з сямю стрэламi. З левага боку старцы паклалi нябожчыку мядзведжыя i рысiныя кiпцюры, каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краiне, дзе жылi дзяды. З правага боку паклалi гладыш з мёдам - пачаставаць дзядоў, у рукi - два кавалкi сырога мяса - задобрыць вартаўнiкоў брамы бессмяротнасцi сабак Стаўра i Гаўра. Наперад выступiў Знiч.
- О вялiкi наш бог, Вялес, - падняў рукi ўгору святар, - просiм цябе, каб ты нi ў чым не замiнаў князю Жывiнбуду i бесперашкодна дазволiў яму адысцi ў тваю краiну шчаслiвых i праведных душ, куды яшчэ раней адышлi яго дзяды. Пашлi да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсцi доўгi шлях.
За крадай воi ўдарылi мячамi, абухамi сякер i булавамi ў шчыты, каб пачуў iх Вялес i адчынiў браму ў вырай. I засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кiнула нежывую курыцу ў ногi нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлi, у новы дом бяруць курыцу - сiмвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воi паўрозамi задушылi двух хортаў i сокала. Смяротная захлыска абвiла i шыi коней. Жывёлы хрыпелi, паднiмалiся на дыбкi, але моцныя рукi вояў не задрыжалi. Адзiн за адным конi павалiлiся каля жэглiшча.
- Дзяды, прымiце да сябе душу майго бацькi i жывiце з ёй добра, - прамовiў Воўк, абышоў жэглiшча i не азiраючыся накiраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправiлiся i астатнiя. Iх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалi. Отрак са срэбнага рукамыйнiка палiў на вугалi ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукi i твар - ачысцiў сябе ад смерцi. Пасля бралi ў рукi з гаршчочка вугалёк i кiдалi яго праз галаву.
А ў нябёсы падымаўся дым. Агонь усё больш ахоплiваў жэглiшча. Успыхнула, падпаленая адразу ў некалькiх месцах, вогненная крада - адгарадзiла агнём жывых ад нябожчыкаў. Вакол крады скакалi на конях воi, размахвалi ў паветры мячамi i сякерамi, стралялi з лукаў - праганялi злых духаў, каб не схапiлi яны душы тых, хто адправiўся ў вырай, i не зацягнулi iх у пекла.
- Гэй, гець-ць, уцякайце, пекальнiкi! - крычалi ваяры.
Вось i застаўся ён без бацькi. Не хочацца i вяртацца ў апусцелы бацькоўскi дом. Воўк глядзеў на вогненную сцяну крады, на густы дым, што падымаўся з жэглiшча ў неба, i адчуваў сябе разбiтым. Думкi пра заўтрашнi дзень пужалi яго. Добра хоць на iмгненне забыцца пра ўсе клопаты, пра сваю бяду, каб адпачыць i сабрацца з сiламi. Як падарунак долi ўспрыняў ён прыезд Бажэны. Не ласкi яе прагнуў, а спачування, нават шкадобы да яго - яна дапамагла б яму перажыць гэтыя першыя днi, калi так балюча адчуваюцца адзiнота i пустата пакiнутага бацькам роднага дома.
Радасныя крыкi раздалiся сярод людзей. Падзьмуў вецер - закалыхалася, успыхнула ярчэй полымя. Значыць, водца душ Наваць прыляцеў сюды, каб суправаджаць душы ў iх новы дом. Шчаслiвай iм дарогi. Хоць такой маленькай радасцю людзi прагналi ад сябе змрочны дух смерцi. Жываносная сiла жыцця прабiвалася ў iх душах праз жалобу i смутак.
Тым часам княжацкiя слугi рассцiлалi на траве белыя палотны i ставiлi на iх у глiняных гаршках i мiсах ядзь: бабы i гарох, звараныя ў мядовай сыце, пiрагi з запечаным ментузом, смажаную ялавiчыну, жараныя карпы i язi, зярнiстую iкру, асятроў i многа iншай ядзi. Воўк не квапiўся на страву. Хай людзi ад душы памянуць яго бацьку.
Неўзабаве згарэла драўлянае падонне i жэглiшча з шумам апусцiлася ў яму, вырытую пад iм. Сноп iскраў узляцеў у неба. Пасля таго як агонь паглынуў жэглiшча i ад яго засталiся адны вуглi, як i ад крады, Воўк запрасiў усiх да стравы:
- Людзi мiлыя, памянём тых, хто пакiнуў нас сёння. I вас, святыя дзяды, запрашаю за пачэсны стол.
Прысутныя падышлi да накрытага "пачэснага стала" - мужчыны па адзiн бок, жанчыны па другi. Пасярэдзiне "пачэснага стала" стаялi асобна чары, напоўненыя мёдам, i мiсы з яддзю - для душаў. Чакалi, пакуль душы не прыляцяць на запрашэнне. Жрыцы Яге завязалi ручнiком вочы. Яна доўга маўчала, а пасля ўскрыкнула:
- Прыйшлi дзяды i дзякуюць нам за хлеб i соль.
Волак пакаштаваў куццю i перадаў гаршчок Завейку, якi стаяў побач.
Адзiн аднаму людзi перадавалi памiнальную куццю.
Тры лыжкi елi i казалi:
- Няхай яны спачываюць на нябёсах, а нам хлеба-солi засылаюць, каб нам самiм было што спажываць i iх праведныя душы памiнаць. Каб iм так добра было на тым свеце, як яны на гэтым былi добрыя да нас.
Дома Воўк абышоў усе пакоi, усе будынкi на двары, зайшоў на стайню, у хлеў i ўсюды абвяшчаў: "Былы ваш гаспадар адляцеў у той свет. Я цяпер новы ўладар ваш".