Выбрать главу

І вось канцэрт вундэркінда канчаецца. Ён пачаўся а палове восьмай, а палове дзевятай скончыўся. Эстрада завалена вянкамі, нават на раялі стаяць два горшчыкі з кветкамі. Апошнім нумарам Бібі грае сваю «Грэцкую рапсодыю», — у фінале яна пераходзіць у грэцкі гімн, і прысутныя тут землякі Бібі не адмовіліся б падцягнуць яму, але ж занадта вымудраваны гэты канцэрт. Затое пад канец яны даюць сабе волі і адшкадоўваюцца бязмерным, па-паўднёваму палкім выяўленнем захаплення, своеасаблівай нацыянальнай дэманстрацыі. А крытык думае: «Зразумела, гімн таксама прадугледжаны праграмай, прыём той самы, толькі пераведзены ў іншы рэгістр. Не ўпушчаны ніводзін сродак уздзеяння. Напішу, што гэта не красіць мастацтва. А што, калі гэта якраз і ёсць мастацтва? Што такое артыст? Вышэй за ўсё крытыка. Але ж гэтага не напішаш». І ён выходзіць у сваіх замызганых штанах.

Пасля дзевяці-дзесяці выклікаў вундэркінд больш не ідзе за шырму, а спускаецца да сваёй мамы і імпрэсарыо, у залу. Людзі стаяць сярод рассунутых у беспарадку крэслаў і пляскаюць і ціснуцца наперад, каб падзівіцца на вундэркінда зблізку. Другім хочацца паглядзець і на прынцэсу: перад эстрадай утвараюцца два гурты — вакол Бібі і вакол прынцэсы. І цяжка сказаць, хто з іх, зрэшты, у цэнтры ўвагі. Але прыдворная дама, з аўгусцейшага загаду, скіроўваецца да Бібі, яна абцягвае і разгладжвае яго шаўковую блузу, каб прывесці хлопчыка ў патрэбны для прадстаўлення высокай асобе выгляд. Яна бярэ яго за руку, падводзіць да прынцэсы і кажа яму прыкласціся да рукі яе каралеўскай вялікасці.

— Як ты гэта робіш, дзіця? Яно прыходзіць табе само ў галаву, калі ты сядаеш за раяль? — пытаецца прынцэса.

— Oui, madame![5] — адказвае Бібі. А сабе думае: «Ах ты старая дурніца!..» І ён адварочваецца, як дрэнна выхаваны маленькі дзікун, і вяртаецца да сваіх.

Каля вешалак сціск і мітусня. Трасучы ў паветры нумаркамі, людзі цераз бар’ер прымаюць футры, галёшы, паліто.

Выкладчыца музыкі ўжо тут. Яна стаіць сярод знаёмых і крытыкуе.

— Дзіцяці бракуе шчырасці! — кажа яна голасна і азіраецца па баках…

А перад высокім люстрам два лейтэнанты — браты маладой свецкай дамы — памагаюць ёй надзець вячэрняе манто і футравыя чаравікі. Яна дзівосна прыгожая, у яе сіне-шэрыя вочы і светлы бездакорна пародзісты твар. Сапраўдная арыстакратка. Апрануўшыся, яна прыспешвае братоў.

— Не круціся так доўга перад люстрам, Адольф, — кажа яна напаўголасу і раздражнёна аднаму, які не мае сілы адарвацца ад свайго ў люстры пашлавата прыгожага твару.

— Якая ж ты ласкавая! Можа, усё ж такі ўмілажалішся і дазволіш мне зашпіліць перад люстрам шынель!

Потым яны выходзяць, і на вуліцы, дзе ў снежнай кумільзе цьмяна мігацяць ліхтары, лейтэнант Адольф, наставіўшы каўнер і засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, пачынае на хаду адбіваць лёгкі пошчак на ўмерзлым снезе, выконвае нешта накшталт жартаўлівага nigger dance[6]. Надта ж холадна!

«Чыстае дзіця, — думае растрапаная дзяўчына, якая, махаючы рукамі, ідзе за лейтэнантам, а побач з ёю пануры хлопец, — дзіця, створанае на ўцеху, а там, на эстрадзе, было дзіця, створанае дзеля пакланення! — І гучным голасам дадае: — Так, усе мы вундэркінды, усе, у кім жыве творчы дух».

«Ну і ну! — думае стары гер, які так і не адолеў „Трох паляўнічых з Курфальца“ і чый шышак на лысіне ў гэты час прыкрыты цыліндрам. — Гэта што яшчэ такое? Свайго роду піфія, мабыць?..»

Але запанураны хлопец разумее дзяўчыну з паўслова і ківае.

Потым абое змаўкаюць, і растрапаная дзяўчына глядзіць услед арыстакратычнай паненцы і яе двум братам. Яна грэбуе імі, але не зводзіць з іх вачэй, пакуль тыя не знікаюць за рагом вуліцы.

1903

Дарога на могілкі

Дарога на могілкі ўвесь час ішла ўздоўж шашы, усё адно як у пары, пакуль не даводзіла да мэты — могілак. Па той бок яе спачатку пракідаліся дамы, новыя гарадскія будоўлі, дзе ўсё яшчэ нешта рабілі, а далей разлеглася поле. Абапал шашы раслі дрэвы, самавітыя, камлюкаватыя букі, а сама яна была выбрукавана толькі пасярэдзіне. Дарога на могілкі, прысыпаная друзам, здавалася пры шашы мілай сцежкай. Іх разводзіла сухая канава, уся ўтравелая і парослая лугавымі краскамі.

вернуться

5

Так, мадам! (фр.)

вернуться

6

Негрыцянскага танца (фр.).