16 траўня. — Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, ці хутчэй нейкі гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлівае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекі, страх перад блізкім няшчасцем, набліжэннем смерці, і адчуванне гэтае — вынік дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.
18 траўня. — Толькі што я схадзіў да свайго лекара, бо апошнімі начамі я не мог заснуць. Ён выявіў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў ніякіх трывожных сімптомаў і параіў мне прымаць душ і піць бромісты калій.
25 траўня. — Ніякіх зменаў! Мой стан сапраўды вельмі дзіўны. З набліжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоіць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею ніводнага слова, я ледзь распазнаю літары. Я ўстаю і пачынаю хадзіць па пакоі, мяне гняце нейкі няясны і неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класціся ў ложак.
Недзе а дзесятай гадзіне я паднімаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкі. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нічога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Ці не дзіўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сістэмы, лёгкі прыліў крыві да галавы, зусім незаўважнае парушэнне ў дзейнасці нашага недасканалага і далікатнага арганізма можа зрабіць найвесялейшага з людзей меланхолікам, найсмялейшага — баязліўцам? Пасля я кладуся ў ложак і чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. З жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б'ецца, ногі дрыжаць, усё маё цела сціскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калі я раптам падаю ў сон — гэтаксама ныраюць у вір, каб утапіцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзіць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пільнуе, каб схапіць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знішчыць мяне.
Я сплю доўга — дзве ці тры гадзіны, — пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу і сплю... Я гэта адчуваю і ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзіць, глядзіць на мяне, абмацвае мяне, залазіць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамі за шыю і сціскае, сціскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.
Я спрабую адбівацца, але мяне нібы звязвае тое страшнае бяссілле, што паралізуе нас у сне, я хачу закрычаць — і не магу, хачу паварухнуцца — і не магу, нялюдскімі намаганнямі, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скінуць гэтую істоту, што душыць, расціскае мяне — і не магу!
І раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку — у пакоі нікога няма.
Пасля гэткага прыступу, які паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да раніцы.
2 чэрвеня. — Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робіцца? Бромісты калій не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкі стаміцца, хоць я і без гэтага быў вельмі стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскім лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае і мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў і лісця, напоўніць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца — новаю сілаю. Я ішоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкі два доўгія рады незвычайна высокіх дрэваў распасціралі нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лістоту, закрываючы неба.
Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.
Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, ці, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзін у гэтым лесе. І раптам мне здалося, што за мной нехта ідзе, зусім побач, ледзь не наступаючы на пяткі, здаецца, вось-вось схопіць.
Я рэзка павярнуўся. Нікога не было. Я ўбачыў за мною толькі простыя шырокія прысады — яны былі высокія і пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другі бок — гэткія ж самыя пустыя, вусцішныя прысады, якія вядуць у бясконцую даль.
Я заплюшчыў вочы. Нашто? І пачаў круціцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы — дрэвы скакалі, зямля плыла. Я сеў. І, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзіва! Такое дзіва! Я напраўду зусім заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок і выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.
3 чэрвеня. — Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзіць. Маленькае падарожжа павінна мне пайсці на дабро.
2 ліпеня. — Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мішэль, дзе я ніколі яшчэ не быў.
Якое відовішча адкрываецца вачам вандроўніка, які прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаіць на ўзгорку. Мяне правялі ў гарадскі парк у самым канцы горада, і там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скінуць вокам, распасціралася вялізная бухта між двух берагоў, якія адыходзілі ў далячынь і знікалі ў смузе. Пасярэдзіне гэтай вялікай жоўтай бухты пад зіхатліва залацістым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзіўная спічастая гара. Сонца ўжо зайшло, і на вячэрнім гарызонце вырысоўваўся сілуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынінай на вяршыні.