Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, які з жахам у вачах глядзіць на графін, з якога знікла трохі вады, пакуль ён спаў!
Я так і праседзеў да раніцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.
6 ліпеня. — Я вар'яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпіў поўны графін ці хутчэй — я выпіў! Але ці я гэта? А калі не? Хто ж гэта? Хто? О Божа! Я вар'яцею! Хто мяне выратуе?
10 ліпеня. — Я зрабіў некалькі доследаў, і яны далі дзіўныя вынікі.
Папраўдзе, я звар'яцеў!
6 ліпеня, перад тым, як класціся ў ложак, я паставіў на стол віна, малака, вады, хлеба і суніц.
Нехта — напэўна я — выпіў усю ваду і трохі малака. Віно і суніцы засталіся нечапаныя.
7 ліпеня я паўтарыў той самы дослед, і ён даў такі самы вынік.
8 ліпеня я прыняў ваду і малако. Астатняе засталося нечапанае.
Урэшце 9 ліпеня я зноў паставіў на стол вады і малака, але навязаў рыльцы графінаў белай муслінавай тканінай і прывязаў коркі. Пасля я нацёр вусны, бараду і рукі чорным грыфелем і лёг спаць.
Мяне ахапіў непераможны сон, за ім прыйшло жахлівае абуджэнне. Я ні да чога не дакрануўся — нават бялізна ў ложку засталася чыстая. Я кінуўся да стала — на тканіне, што абцягвала графіны, плямаў не было. Я развязаў завязкі, дрыжучы ад страху. Нехта выпіў усю ваду! Нехта выпіў усё малако! О Божа!..
Я неадкладна еду ў Парыж.
12 ліпеня. — Парыж. Апошнімі днямі я зусім страціў розум! Напэўна, я зрабіўся цацкай маёй знерваванай фантазіі, а можа, я і напраўду быў лунацік або стаў ахвярай тых усім вядомых, але невытлумачальных уплываў, якія называюць сугестыяй. Ва ўсялякім разе мой стан набліжаўся да вар'яцтва, і дваццаць чатыры гадзіны ў Парыжы дадалі мне ўпэўненасці ў сабе.
Учора, скончыўшы ўсе візіты, якія напоўнілі маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавіў вечар у Французскім тэатры. Ставілі п'есу Аляксандра Дзюма-сына, і яе бадзёры і здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзінота вельмі небяспечная людзям інтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былі людзі, якія думаюць, размаўляюць. Калі мы на доўгі час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывідамі.
Вельмі вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамі. Прадзіраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай іроніяй мае жахі, мае думкі мінулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная істота жыве разам са мною пад адным дахам! Які ўсё ж слабы наш розум — ён затуманьваецца, як толькі нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.
Замест таго каб зрабіць простую выснову: «Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны», мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямніцы і звышнатуральныя сілы.
14 ліпеня. — Дзень Рэспублікі. Я гуляў па вуліцах і цешыўся, як дзіця, з ракет і сцягоў. Вельмі недарэчна, калі людзі радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ — гэта дурны натоўп, які часам бязглузда церпіць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: «Радуйся!» Ён радуецца. Яму кажуць: «Ідзі біся з суседам». І ён ідзе біцца. Яму кажуць: «Галасуй за імператара». І ён галасуе. Пасля кажуць: «Галасуй за рэспубліку». І ён галасуе за рэспубліку.
Тыя, хто кіруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя і нікому не патрэбныя, хоць бы толькі таму, што яны — прынцыпы, гэта значыць ідэі, што лічацца слушнымі і непахіснымі. Непахіснымі ў гэтым свеце, дзе нельга ні ў чым быць пэўным, бо нават святло — ілюзія, гук — ілюзія.
16 ліпеня. — Учора я пабачыў рэчы, якія мяне глыбока ўразілі.
Я вячэраў у маёй кузіны, пані Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Ліможы. Апроч мяне былі запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з іх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымі хваробамі і некаторымі незвычайнымі з'явамі. Цяпер ён праводзіць доследы ў галіне гіпнозу і сугестыі.