Выбрать главу

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынікі доследаў ангельскіх вучоных і лекараў Нансійскай школы.

Рэчы, пра якія ён гаварыў, здаліся мне такімі дзіўнымі, што я адмовіўся ў іх паверыць.

«Мы знаходзімся на шляху, — казаў ён, — да адкрыцця адной з найвялікшых таямніц прыроды, ці, лепей кажучы, найвялікшых таямніц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна і іншыя, на іншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкі словамі або пісьмова, ён адчувае, што побач з ім існуе нейкая таямніца, недаступная яго грубым і недасканалым органам пачуццяў. Чалавек імкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калі гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлівыя формы. Якраз тады нарадзіліся народныя вераванні ў звышнатуральнае, легенды, духі, феі, гномы, прывіды. Я б дадаў сюды і легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленні пра творцу, з якой рэлігіі яны б ні паходзілі, — гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых істот. Лепей за ўсіх сказаў Вальтэр: «Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплаціў яму тым самым».

Але вось ужо трохі болей за стагоддзе адчуваецца набліжэнне адкрыцця чагосьці новага. Месмер і некаторыя іншыя вывелі нас на нечаканы шлях, і мы дасягнулі, асабліва за апошнія чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынікаў».

Мая кузіна, таксама вельмі недаверлівая, усміхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:

— Хочаце, я паспрабую вас усыпіць?

— Ну,вядома.

Яна села ў фатэль. І ён пачаў пільна глядзець ёй у вочы, гіпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забілася, горла сціснулася. Я бачыў, як павекі ў пані Сабле цяжэюць, вусны сціскаюцца, дыханне робіцца перарывістае.

Праз дзесяць хвілін яна ўжо спала.

— Сядзьце за ёй, — сказаў лекар.

Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукі візітную картку і сказаў:

— Гэта люстэрка. Што вы ў ім бачыце?

Яна адказала:

— Я бачу свайго кузена.

— Што ён робіць?

— Ён падкручвае вус.

— А цяпер?

— Ён дастае з кішэні фотакартку.

— Хто на здымку?

— Ён сам.

Гэта была праўда! І здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлі...

— Які ён на гэтым партрэце?

— Ён стаіць з капелюшом у руцэ.

Яна і праўда глядзела на картку, на кавалак белага кардону, як у люстэрка.

Напалоханыя жанчыны ўсхапіліся: «Досыць! Даволі! Хопіць!»

Але доктар загадаў: «Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзіне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена і папросіце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якія чакае ад вас муж і якія ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа». Пасля ён яе абудзіў.

Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзіўны сеанс, і мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузіне я верыў, бо ведаў яе з дзяцінства, і яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэнні, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Ці не схаваў ён у руцэ ў кузіны, калі яна спала, акрамя візітнай карткі яшчэ і люстэрка? Прафесійныя фокуснікі здатныя яшчэ і не на такое.

Я вярнуўся і лёг спаць.

А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзіў мяне і сказаў:

— Пані Сабле хоча неадкладна з вамі пагаварыць.

Я хутка адзеўся і сустрэў яе. Яна села. Вельмі хвалюючыся, апусціўшы вочы, не здымаючы вуалі, яна сказала:

— Мой дарагі кузен, я прашу зрабіць мне вялікую ласку.

— Якую, мая кузіна?

— Мне вельмі няёмка вам пра гэта казаць, і ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмі патрэбныя пяць тысяч франкаў.

— Вам?

— Ага, мне ці, правільней, майму мужу, гэта ён папрасіў мяне іх знайсці.

Я быў так уражаны, што здолеў толькі нешта прамармытаць у адказ. Ці не насміхаюцца яны з мяне разам з гэтым доктарам Паранам, можа, усё гэта — звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя і вельмі добра праведзены.

Але калі я ўважліва на яе паглядзеў, усе мае сумненні развеяліся. Яна дрыжала ад страху, учынак гэты быў ёй вельмі балючы, яна была гатовая расплакацца.

Я ведаў, што яна даволі багатая, і сказаў:

— Як гэта ваш муж не мае на свае патрэбы пяць тысяч франкаў? Ну, падумайце самі. Ці вы верыце, што ён даручыў вам папрасіць іх у мяне?

Яна нейкі час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяці, пасля адказала:

— Я веру.

— Ён вам напісаў?

Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлівыя намаганні яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькі, што павінна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.

І яна наважылася зманіць.