Выбрать главу

7 жніўня. — Я спаў спакойна. ЁН выпіў ваду з графіна, але не турбаваў майго сну.

Звар'яцеў я ці не? Толькі што я гуляў уздоўж рэчкі, ярка свяціла сонца. І мяне пачалі браць сумненні наконт майго розуму — не тыя няясныя сумненні, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў і такіх, што заставаліся разумныя, разважлівыя і нават прадбачлівыя ва ўсіх выпадках акрамя аднаго. Яны маглі ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна іх розум, быццам натрапіўшы на рыфы вар'яцтва, разбіваўся, рассыпаўся на кавалкі і патанаў у тым страшным, раз'юшаным акіяне, поўным імклівых хваляў, туманаў і вятроў, імя якому — шаленства.

І я без сумненняў лічыў бы сябе вар'ятам, каб не разумеў, не ведаў дакладна свайго стану, не вывучаў яго, не аналізаваў яго пры поўнай памяці. Значыць, усё гэта — толькі галюцынацыі зусім здаровага ў разумовым плане чалавека. Мозг мой напэўна пашкоджаны нейкім невядомым парушэннем — сучасныя фізіёлагі спрабуюць вызначыць і вывучыць гэтыя з'явы. І з-за гэтага парушэння ў маім розуме, у лагічным парадку думак узнікла глыбокая расколіна. Падобныя рэчы здараюцца падчас сну, калі перад намі паўстаюць самыя неверагодныя фантасмагорыі, і мы з іх нават не дзівімся, бо наш спраўджальны апарат, пачуццё кантролю, таксама спіць, а ўяўляльныя механізмы прадаўжаюць працаваць. Хіба не можа быць, каб адна з непрыкметных клавішаў клавіятуры майго мозга спаралізавалася? Часам людзі з прычыны няшчасных выпадкаў трацяць памяць на імёны, або на дзеясловы, або на лічбы, ці на даты. Сёння ўжо даказана, што кожны від разумовай дзейнасці злакалізаваны на пэўным участку мозга. І таму няма ніякага дзіва, што мая здольнасць кантраляваць нерэальнасць некаторых галюцынацый на нейкі час прытупілася.

Я думаў пра ўсё гэта, пакуль ішоў уздоўж берага. Сонца напаўняла ззяннем раку, упрыгожвала зямлю навокал, выклікала ў маёй душы замілаванасць жыццём, ластаўкамі, спрыт якіх радуе вока, травамі на беразе, шапаценне якіх — асалода вушам.

Але памалу мяне апаноўвала нейкая незразумелая няёмкасць. Здавалася, нейкая незямная сіла скоўвае, стрымлівае мяне, не дае ісці далей, кліча мяне назад. Я адчуваў пякучую патрэбу вярнуцца — такое самае пачуццё мае той, хто пакінуў дома хворага, вельмі яму дарагога, і раптам адчувае пагоршанне яго стану.

Так я і вярнуўся дамоў насуперак сваёй волі. Я быў упэўнены, што тут мяне чакае якая-небудзь дрэнная навіна, ліст ці тэлеграма. Але нічога не было, і я здзівіўся і ўсхваляваўся больш, чым калі б зноў убачыў нейкую фантастычную галюцынацыю.

8 жніўня. — Учора быў страшны вечар. ЁН больш не з'яўляецца, але я адчуваю, што ён недзе побач, пільнуе мяне, глядзіць на мяне, уваходзіць у мяне, авалодвае мною. Схаваны гэтак, ён яшчэ страшнейшы, чым тады, калі нагадвае пра сваю нябачную і заўсёдную прысутнасць звышнатуральнымі праявамі. Зрэшты, я заснуў.

9 жніўня. — Нічога. Але мне страшна.

10 жніўня. — Нічога. Што чакае мяне заўтра?

11 жніўня. — Зноў нічога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам і гэтымі думкамі, што ўвайшлі ў маю душу. Я ад'язджаю.

12 жніўня. — Дзесятая гадзіна ўвечары. Увесь дзень я выбіраўся паехаць і не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такі просты акт свабоды — выйсці, сесці ў экіпаж і паехаць у Руан — і не здолеў. Чаму?

13 жніўня. — Некаторыя хваробы дзейнічаюць на чалавека такім чынам, што ўся яго псіхічная і фізічная энергія вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косці робяцца мяккія, як плоць, а плоць становіцца вадою. Са здзіўленнем і роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш ніякай сілы, адвагі, я не валодаю сабою, не магу кіраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець — нехта хоча замест мяне, і я падпарадкоўваюся.

14 жніўня. — Мне канец! Нехта валодае маёй душой і загадвае ёй! Нехта кіруе ўсімі маімі ўчынкамі, рухамі, думкамі. Я ўжо не належу сам сабе, я толькі пакорліва і спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць — і не магу. ЁН не хоча — і я ашалелы застаюся сядзець у фатэлі, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго — устаць, прыўзняцца, каб толькі ўпэўніцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нібы прыкулі да фатэля, а яго — прыклеілі да падлогі так, што ніякая сіла нас не адарве.

Пасля раптам я павінен, ПАВІНЕН ісці ў дальні куток саду, збіраць трускаўкі і есці іх. І я іду. Збіраю трускаўкі і ем іх! О, Божа! Божа мой! Ці ёсць Бог? Калі ёсць — хай вызваліць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злітуецца! Выратуе! О! Якія пакуты! Які жах!