Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з ім некаторыя іншыя вучоныя-медыкі, накіраваўся ў правінцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны і праявы гэтага дзіўнага шаленства і прапанаваць імператару захады, якія, на думку прафесара, дапамаглі б заклікаць да развагі насельніцтва, ахопленае хваробай».
А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразільскі трохмачтавік, што праплыў 8 траўня міма маіх вокнаў, паднімаючыся на Сене! Ён здаўся мне такім прыгожым, такім белым, такім вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явіўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом і скочыў з карабля на бераг. О, Божа!
Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.
Ён прыйшоў, Той, каго баяліся старажытныя людзі, Той, каго закліналі неспакойныя святары, каго цёмнымі начамі выклікалі ведзьмакі, ніколі яго не бачачы. Той, каму фантазія часовых гаспадароў Зямлі надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, геніяў, феяў, дамавікоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлівыя людзі ўяўлялі яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, і ўжо дзесяць гадоў таму медыкі дакладна вызначылі прыроду яго магутнасці, перш чым ён сам яе выявіў. Яны гулялі са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнічай волі над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалі гэта магнетызмам, гіпнатызмам, сугестыяй... ці як там. Я бачыў, як яны забаўляліся, нібы неасцярожныя дзеці, з гэтай страшнай сілай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё імя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!
О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забіў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробіцца Тамтэю тым, чым зрабіліся нам конь ці бык: яго майном, яго служкам і яго жыўленнем, праз магутнасць яго волі. Гора нам!
Аднак часам звер паўстае і забівае свайго ўтаймавальніка... я таксама хачу... я здолею... Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё інакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...
Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мішэль: Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя слупы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!
Я яшчэ думаў: мой зрок такі слабы, такі недасканалы, што зусім не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калі яны празрыстыя, як шкло!.. Калі на маім шляху будзе стаяць вялікая шыбіна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой і б'ецца галавой у шыбы. Дый колькі яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збівае з тропу. Ці ж дзіва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзіць святло.
Новая істота! А чаму не? Яна абавязкова павінна была прыйсці! Не мы ж апошнія на Зямлі! Мы не заўважаем гэтай істоты, як не заўважалі яе і тыя, хто жыў да нас. Справа ў тым, што яе прырода больш дасканалая, яе цела больш складанае і далікатнае, чым нашае, такое слабое, так нязграбна створанае, абцяжаранае органамі, якія заўсёды стамляюцца, заўсёды хібяць, заўсёды псуюцца, як старыя рысоры. Наша цела жыве, як расліна, як жывёла, яно з цяжкасцю жывіцца паветрам, травой, мясам, яно — жывы механізм, падуладны хваробам, нявечанням, гніенню, дрэнна адладжаны, наіўны і дзіўны, ненатуральна няўдалы. Наш арганізм — нязграбнае вытанчанае стварэнне, чарнавы эскіз нейкай разумнейшай і дасканалай істоты.
Нас так мала на гэтым свеце, пачынаючы ад вустрыцы і канчаючы чалавекам. Дык чаму не можа з'явіцца яшчэ адна істота, калі прайшоў час, дастатковы для з'яўлення новага віду?
Чаму ж не можа з'явіцца яшчэ адна істота? Чаму ж не могуць з'явіцца новыя, зусім іншыя дрэвы з вялізнымі кветкамі, якія б ззялі і поўнілі пахам цэлыя краіны? Чаму б не з'явіцца новым рэчывам апроч агню, паветра, зямлі і вады? Іх чатыры, усяго толькі чатыры, гэтых жыццядайных пачаткаў усяго існага! Як шкада, што іх не сорак, не чатырыста, не чатыры тысячы! Якое ўсё навокал беднае, нікчэмнае, убогае, скупа дадзенае, абыякава прыдуманае, з цяжкасцю зробленае! Во — слон, гіпапатам — якая грацыя! Вярблюд — якая элегантнасць!