Не. Другое нешта вее ад балота, другая, глыбейшая і большая таямніца трапечацца ў густых туманах: таямніца самога першастварэння, магчыма! Бо хіба ж не ў стаячай, перамяшанай з ілам вадзе, не ў цяжкай волкасці твані пад промнямі сонца зачынаецца, выспявае, просіцца на свет зародак жыцця?
Я прыехаў да сваяка вечарам. Стаяў люты мароз.
Мы вячэралі ў вялікай зале, дзе ўсюды — і на буфетах, і на сценах, і на столі — красавалася мноства чучалаў разнастайных птушак, якія то быццам ляцелі, развінуўшы крылы, то сядзелі на прыбітым цвікамі голлі, — ястрабы-перапёлачнікі, чаплі, совы, лелякі, коршакі, шулякі, грыфы, сокалы; сваяк, які ў жакеце з цюленевай шкуры і сам змахваў на нейкую дзіўную паўночную жывёліну, расказваў, як ён падрыхтаваўся, каб нам папаляваць у гатую ж ноч.
Мы павінны рушыць а палове чацвёртай ранкам, каб а палове пятай быць на месцы, абраным для нашай засады. Там з брусоў лёду ўжо складзены будан, у якім хоць трохі можна будзе затуліцца ад жахлівага ветру, які ўсчынаецца на золку і пілой упіваецца ў цела, рэжа нажамі, коле атрутнымі іголкамі, скручвае вяроўкамі і пячэ агнём.
Сваяк цёр рукі.
— Ну і халадэча! Такой не было яшчэ на маёй памяці, — дзіваваўся ён. — А шостай вечара было ўжо дванаццаць градусаў марозу!
Пасля вячэры я пайшоў спаць і неўзабаве папраўдзе заснуў, гледзячы на трапятанне вялікіх языкоў полымя ў каміне.
А трэцяй мяне пабудзілі. Я апрануў кажух і далучыўся да Карла, таксама апраненага ўжо ў мядзведжае футра. Мы выпілі па келіху шампанскага ды па шклянцы гарачай кавы і выйшлі на двор, дзе нас чакаў лоўчы з сабакамі Плёнжонам і П'еро.
Ужо з першых крокаў я адчуў, што мяне прабірае да касцей. У такія ночы сама зямля здаецца мёртвай ад холаду. Ледзяное паветра настолькі шчытнае, што ім балюча дыхаць; ніводнага павеву, усё навокал знерухомела, застыла; а мароз кусае, працінае, выпетрывае, знежыўляе дрэвы, расліны, насякомых, нават дробных птушак, якія падаюць з голля на скалелы дол і, як дол, калянеюць самі ў абдымках сцюжы.
Месяц у апошняй сваёй квадры ляжаў зусім на баку, бледны-бледны, быццам і ён паміраў там, у вышыні, такі знямоглы, што не мог нават скрануцца з месца, акаваны, спаралізаваны холадам нябеснай прасторы. Сухое, сумнае святло ішло ад яго на ўсё наваколле, тое нежывое, сіняватае святло, якое ён штомесяца пасылае зямлі перад канцом свайго адроджанага існавання.
Мы з Карлам ішлі побач, плячо ў плячо, згорбленыя, з рукамі ў кішэнях і са стрэльбамі пад пахамі. Паўзверх нашага абутку былі накручаны суконныя анучы, каб ногі не коўзаліся на рачным лёдзе, і мы ішлі зусім ціха; я глядзеў, як ад дыхання нашых сабак у паветра ўзнімалася белая пара.
Неўзабаве мы былі ўжо на ўскрайку балота і па адной з трысняговых прасек падаліся ў глыбіню яго сухіх невысокіх нетраў.
Ад чыркання локцямі па доўгім стужкападобным лісці ўтвараўся лёгкі шоргат, і мяне, як ніколі, моцна, раптоўна апанавала тое дзіўнае хваляванне, якое вечна выклікаюць у маёй душы балоты. Гэтае балота было мёртвае, мёртвае ад холаду, — мы ішлі па ім у самай гушчэчы ссохлых чаратоў.
На павароце прасекі нечакана вынік будан з лёду, прызначаны для нашага прытулку. Я ўвайшоў у будан; да абуджэння пералётных птушак мелася яшчэ амаль гадзіна часу, і я ўкруціўся ў коўдру, каб трохі сагрэцца.
Я ляжаў на спіне і скрозь цьмянае шкло сценаў свайго палярнага дома глядзеў на цяпер ужо чатырохрогі вышчарблены месяц.
Але стынь ад прамерзлага балота, стынь ад сцен будана, стынь, якая плыла з нябеснага скляпення, хутка праняла так жахліва, што я пачаў кашляць.
Гэта занепакоіла Карла.
— Такой бяды, калі паляванне сёння не ўдасца, — сказаў ён. — Не хапала яшчэ, каб ты прастудзіўся! Зараз раскладзём вогнішча.