Выбрать главу

Чуліся іх галасы: «Васемнаццаць, — дзевятнаццаць. — Не шанцуе. — О, добры ўдар! Выдатна! — Адзінаццаць. — Трэба было біць чырвоным. — Дваццаць. — Дванаццаць. А, што? Праўду казаў?»

Варажу папрасіў:

— Паўкубачка кавы і графін каньяку, найлепшага.

Ён сеў і стаў чакаць.

Варажу прызвычаіўся бавіць вольныя вечары з сябрамі, сярод гоману, у тытунёвым дыме, і таму гэтае зацішша, гэты спакой злавалі яго. Ён выпіў спачатку каву, пасля графін каньяку, пасля яшчэ адзін. І цяпер яму ўжо хацелася смяяцца, крычаць, спяваць, набіць каго-небудзь.

Ён сказаў сабе: «Чорт, быццам бы трохі падняўся настрой. Каб яшчэ дзе добра пагуляць!» І яму адразу ж прыйшла думка пайсці пазабаўляцца да дзевак.

Ён паклікаў гарсона:

— Гэй, афіцыянт!

— Слухаю пана.

— Скажыце, афіцыянт, дзе тут можна пазабаўляцца?

Гарсон здзіўлена паглядзеў на Варажу.

— Не ведаю, пане. Тут жа ж і можна!

— Як, тут? Што ж такое па-твойму «пазабаўляцца»?

— Не ведаю, пане, напэўна, выпіць добрага піва ці добрага віна.

— Дурань ты, а як жа паненкі?

— Паненкі? А...

— Ага, паненкі. Дзе іх можна тут знайсці?

— Паненак?

— Ды паненак, паненак!

Гарсон падышоў бліжэй і ціха спытаўся:

— Вы маеце на ўвазе, дзе знаходзіцца завядзенне?

— Ну але, каб ты ляснуўся!

— Пойдзеце проста, пасля павернеце ў другую вуліцу ўлева, а пасля ў першую ўправа. Нумар пятнаццаць.

— Дзякуй, стары. Гэта табе.

— Дзякую пану.

І Варажу выйшаў, паўтараючы: «Другая вуліца ўлева, першая ўправа, нумар пятнаццаць». Але праз хвіліну ён падумаў: «Другая ўлева, ну так, але калі я выйшаў з кавярні, трэба было ісці налева ці направа? А, халера з ім, там паглядзім».

Ён пайшоў, павярнуў у другую вуліцу направа, пасля ў першую налева і стаў шукаць нумар пятнаццаць. Дом нумар пятнаццаць з выгляду быў даволі прыстойны, праз зачыненыя аканіцы з вокнаў другога паверха прабівалася святло. Уваходныя дзверы былі адчыненыя, у калідоры гарэла лямпа. Сяржант падумаў: «Ну, гэта напэўна тут».

Ён увайшоў, але ніхто не сустракаў, і таму ён пачаў гукаць: «Гэй! Гэй!»

З'явілася маленькая пакаёўка. Заўважыўшы вайскоўца, яна спынілася здзіўленая. Ён сказаў ёй:

— Здароў, дзетка. Дамы наверсе?

— Наверсе, пане.

— У салоне?

— У салоне, пане.

— Мне застаецца толькі падняцца?

— Падняцца, пане.

— Дзверы насупраць?

— Насупраць, пане.

Ён падняўся, адчыніў дзверы і ўбачыў у пакоі, ярка асветленым дзвюма лямпамі, люстрай і дзвюма свечкамі ў кандэлябрах, чатырох дам у дэкальтэ, якія, як здавалася, некага чакалі.

Тры з іх, маладзейшыя, сядзелі з трохі напышлівым выглядам на накрытых барвовым аксамітам крэслах, а чацвёртая, якой было гадоў сорак пяць, папраўляла кветкі ў вазе. Яна была вельмі тоўстая, з-пад сукенкі з зялёнага шоўку тырчалі яе вялізныя рукі і таўшчэзная, абсыпаная пудрай шыя.

Сяржант павітаўся:

— Дзень добры, пані.

Старэйшая павярнулася, здзівілася, але кіўнула:

— Дзень добры.

Ён сеў.

Але ўбачыўшы, што ніхто не спяшаецца яго абслугоўваць, ён падумаў, што ў гэтым доме прымаюць напэўна толькі афіцэраў, і пачаў непакоіцца. Пасля ён сказаў сам сабе: «Ат! Пачакаю, пакуль яшчэ хто-небудзь прыйдзе, тады паглядзім».

Ён спытаўся:

— Ну, як справы?

Тоўстая дама, напэўна, гаспадыня ў доме, адказала:

— Вельмі добра, дзякую.

Ён больш не знайшоў, што сказаць, і настала цішыня.

Урэшце Варажу засаромеўся сваёй нясмеласці і вымушана засмяяўся:

— Нейкія вы сумныя, ці што. Калі ласка, бутэльку віна, я плачу...

Не паспеў ён дагаварыць, як дзверы зноў расчыніліся і з'явіўся Падуа ў чорным фраку.

Варажу азваўся радасным крыкам і, усхапіўшыся з крэсла, скочыў на свайго швагра, схапіў яго за рукі і пачаў скакаць з ім па салоне, гарлаючы: «А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!»

Пасля, адпусціўшы ашалелага ад здзіўлення збіральніка падаткаў, ён закрычаў яму ў твар:

— Аааааааа, хітруууууун! Дык ты прыйшоў пазабаўляцца? Ах, які хітрун! А мая сястра? Ты яе кідаеш, га?

І, думаючы пра ўсю карысць гэтага нечаканага становішча, пра пазыку гвалтам, пра непазбежны шантаж, ён упаў на канапу і, выцягнуўшыся на ёй, пачаў рагатаць так моцна, што мэбля затрашчала.

Тры маладзейшыя дамы рэзка падняліся і ўцяклі, а старая, ледзь прытомная, адступіла да дзвярэй.

У гэты момант у салон увайшлі два мужчыны ў фраках, з ордэнскімі стужкамі ў пятлічках. Падуа кінуўся да іх:

— О, пан прэзідэнт... гэта вар'ят... гэта вар'ят... Нам яго прыслалі дзеля нагляду за ім... вы ж бачыце, што ён вар'ят!