Выбрать главу

Варажу сеў, нічога не разумеючы. Раптам да яго дайшло, што ён адпаліў нейкае страшэннае глупства. Ён падняўся і павярнуўся да свайго швагра.

— Дык дзе ж мы цяпер? — спытаўся ён.

І Падуа, якога раптам ахапіла шалёная злосць, закрычаў, запінаючыся:

— Дзе... дзе... дзе мы? О, няшчасны... о, нікчэмны... о, подлы... Дзе мы? У пана Першага прэзідэнта!.. у пана прэзідэнта дэ Мартэмэна... дэ... дэ... дэ Мартэмэна... А! Нягоднік!.. Нягоднік!.. Нягоднік!..

Пераклад: Сяргей Шупа

Маска

У той вечар у Елісейскім палацы на Манмартры быў баль-маскарад з нагоды святога чацвярга, і людскія ручаі, нібы вада ў адчынены шлюз, імкнулі ў ярка асветлены калідор, які вёў у танцавальную залу. Аглушальны покліч аркестра, што выбухаў у зале, музычнай віхурай вырываўся са сценаў палаца, разлягаўся па ўсім квартале і ўладна абуджаў у прахожых і ў дамаседаў нясцерпнае жаданне пайсці ў скокі, разагрэць сваю кроў, ад душы павесяліцца — жаданне, якое вечна дрэмле ў глыбіні чалавечай істоты.

Самая разнастайная публіка сцякалася сюды з усяго Парыжа — аматары безагляднай весялосці, усе, каму па сэрцы амаль распусныя, на мяжы з разгулам, забавы. Ішлі службоўцы і сутэнёры, прастытуткі і служанкі ў разнастайных — ад просценькага сітцу да вытанчанага батысту — уборах, багатыя, усе ў дыяментах, векавухі і немаёмныя шаснаццацігадовыя дзяўчаткі, ахопленыя прагай «шыкануць», людзей паглядзець ды сябе паказаць. У гэтым узбуджаным натоўпе шмыгалі і юнакі ў чорных элегантных фраках і ўжо не першай свежасці, але ўсё яшчэ юрлівыя дзецюкі, якія нібы вышуквалі там, вынюхвалі нешта, затое ўсе маскі, здавалася, былі апанаваныя адзіным памкненнем — адвесці душу. Аркестр уцінаў славутую кадрылю, і вакол танцораў утварылася пышная карона гледачоў. Усхваляванае кола, жывы замес з мужчынскай і жаночай плоці, які атачыў дзве пары танцораў, то сціскаўся, як удаў, то паслабляўся суладна выкаблучванням танцораў. Абедзве жанчыны вытваралі такое, быццам іх ногі былі гумкамі, прымацаванымі да стану. Яны то з сілай ускідвалі іх угору, быццам намерваліся шпурнуць у неба, то раптоўна, нібы ногі тыя былі на шарнірах, разводзілі іх у «шпагат» і ў незвычайным, адначасова і непрыстойным, і смешным вымаху краналіся пахам падлогі.

Іх кавалеры падскоквалі, імкліва перабіралі нагамі, віхляліся, трэслі і размахвалі рукамі, як куксамі абскубаных крылаў, і хоць былі яны ў масках, адчувалася, што давалася ім гэта нялёгка.

Адзін з танцораў, які ў найпапулярнейшай кадрылі замяніў адсутную знакамітасць — прыгажуна «Мара дзяўчатак» — і сіліўся не саступіць нястомнаму «Цялячаму рабру», рабіў такія няўклюдныя выверты, што гэта выклікала дружны смех і кепікі гледачоў.

Ён быў худы, адзеты, як піжон, з цудоўнай лакіраванай маскай на твары — маскай юнака са светлымі падвітымі вусамі і пышным парыком на галаве.

Ён нагадваў васковую фігуру з музея Грэвэна, нейкую дзіўную, незразумелую карыкатуру на юнага прыгажуна з часопіса мод; танцаваў ён зацята, але нязграбна, з нейкім камічным запалам. Рухі ў яго былі як падмарожаныя ў параўнанні з іншымі, калі ён сіліўся паўтарыць іх выбрыкі; у яго быў выгляд паралітыка, выгляд няўклюднага кудлы-падваротніка ў гульні з чыстакроўнымі хартамі. Здзеклівыя «брава» толькі паддавалі яму жару. І, ахмялелы ад свае заўзятасці, ён так утрапёна дрыгаў нагамі, што пры чарговым шалёным падскоку знячэўку ўрэзаўся галавой у сцяну гледачоў, якая ўміг расступілася, каб даць яму дарогу, і тут жа самкнулася зноў вакол знерухомелага, распластанага на падлозе знежывелага цела танцора.

Мужчыны паднялі яго і панеслі з залы. Пачуліся крыкі: «Доктара! Ці ёсць тут доктар?!» З натоўпу азваўся малады чалавек, вельмі элегантны, у чорным фраку з буйнымі брыльянтамі на святочнай кашулі.

— Я выкладчык на факультэце, — сціпла сказаў ён.

Яму далі прайсці ў пакой, завалены папкамі, бы канторка якога службоўца, дзе на крэслах ужо ляжаў усё яшчэ непрытомны танцор. Доктар найперш памкнуўся зняць маску, але выявілася, што гэта не так проста: мноства танюткіх драціначак старанна знітоўвалі яе з краямі парыка, моцным плецівам акалялі ўсю галаву, і богведама як было яго расплесці. Шыя таксама была апята штучнай скураю, што ішла спадыспаду маскі ўніз ад падбародка, і гэтая пальчаткавая скура цялеснага колеру прыпіналася да каўняра кашулі.

Давялося расцяць усё вялікімі нажніцамі; і калі доктар прайшоўся імі па гэтым дзівотным плеціве, зрабіў разрэз ад пляча да скроні і расхіліў панцыр, пад ім аказаўся выпетраны часам, худы, маршчыністы твар старога чалавека. Уражанне гледачоў ад кантрасту паміж прынесенай імі сюды юнай кучаравай маскай і сапраўдным абліччам было такое вялікае, што ніхто не засмяяўся, не прамовіў ні слова.