Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоі, і гэтакі прыгожы быў са сваімі вусамі ды кучарамі, што я думала: «Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калі страціла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?» Пакуль ён курыў, я прыбірала са стала і ледзьве стрымлівалася, каб не загаласіць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкінуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, які ён стомлены, і потым, калі ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: «Ну і спаць буду сёння — як забіты!»
Я не дакараю яго, ён жа зусім не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды і не павінен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любіў выхваляцца сваімі перамогамі над жанчынамі, бы паўлін — хвастом сваім. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго і ўсе прагнуць яго.
Яшчэ нясцерпней стала, калі ён пастарэў.
Ах, пане, калі я першы раз заўважыла ў яго сівы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапіла такая радасць — подлая, але такая вялізная, бязмежная радасць! «Вось і ўсё, — падумала я, — вось і ўсё!..» Мяне быццам з турмы выпусцілі! Нарэшце ён будзе толькі мой, бо другім ён будзе ўжо не патрэбен!
Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, і я нахілілася, каб пабудзіць яго пацалункам, і раптам заўважыла ў яго кучарах на скроні маленькую нітачку, якая зіхацела, як серабро. А Божачкі! Быць не можа! Мне і ў галаву не прыходзіла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён і не бачыў, але, калі прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сівыя валасы! Ён ужо сівее! Сэрца маё калацілася, ажно ў пот кінула ад страху, але ў глыбіні душы я вельмі, вельмі цешылася!
Нягожыя былі мае думкі, праўда, але тады я з радасцю займалася сваімі хатнімі справамі, яго не будзіла. Калі ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:
— Ведаеш, што я выявіла, пакуль ты спаў?
— Што?
— Што ў цябе ўжо ёсць сівыя валасы.
Яго ажно падкінула на ложку ад прыкрасці, ён усхапіўся, быццам яго ўшчыкнулі, і злосна крыкнуў:
— Няпраўда!
— Праўда. На левай скроні. Чатыры валаскі.
Ён ускочыў з пасцелі і падбег да люстэрка. Глядзіць, шукае, а не знаходзіць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найніжэй, тоненькую такую завітушку, і заўважыла:
— Пры такім жыцці, як у цябе, гэта і не дзіва. Гады праз два будзеш белы як лунь.
І што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колішняй свежасці ўжо не было, і жанчыны сталі астываць да яго. Ах, што я толькі не зажыла ў тыя гады!.. Які жорсткі быў ён са мною!.. І тое яму не гэтак, і гэта не так... Пакінуў сваю цырульню, узяўся капелюхі рабіць, ды ўсе грошы на гэтым і прамантачыў. Потым яму зарупіла стаць акторам — нічога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасціў на ўсялякія гулянні. Добра, што хапіла розуму хоць трохі зберагчы грошай, на іх і жывём цяпер. Не дужа разгонішся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькі, што некалі ён быў амаль багацеем!
Цяпер самі бачыце, што з ім сталася. Як утрапенец нейкі. Мусіць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамі ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!
Расхваляваная, са слязьмі на вачах глядзела яна на свайго сівага мужа, які ўжо моцна хроп. Потым ціха наблізілася да яго і пацалавала ў галаву. Доктар устаў і моўчкі падаўся да выхаду: не мелася слоў перад абліччам гэтых дзіўных старых.
Ён быў ужо каля дзвярэй, калі старая спыніла яго.
— Ці не далі б вы мне ваш адрас на ўсялякі выпадак? — папрасіла яна. — А раптам яму пагоршае? Тады я паслала б па вас.
Пераклад: Ніна Мацяш