Выбрать главу

Ніхто не глядзеў на яе, не думаў пра яе. Яна адчувала, што яе захліствае пагарда гэтых шляхетных мярзотнікаў, якія спярша ахвяравалі ёю, а потым кінулі прэч, як непатрэбную брудную анучу. Тут ёй успомнілася яе вялікая карзіна, напакаваная ўсялякай ядою, якую яны так прагна спустошылі, прыгадаліся два кураняці ў празрыстым жэле, паштэты, грушы, чатыры бутэлькі бардоскага; яе гнеў раптоўна апаў, быццам недзе ўсярэдзіне ў яе лопнула занадта напятая струна, і яна адчула, што вось-вось расплачацца. Яна рабіла неймаверныя намаганні, каўтала слёзы, як дзіця, але яны выступалі на вачах, паблісквалі на вейках, і неўзабаве дзве буйныя слязіны паволі пакаціліся па шчоках. За імі, ужо шпарчэй, пабеглі другія, яны сцякалі, нібы кроплі вады з расколіны ўцёса, і адна за адной падалі на круты выстул яе грудзей. Яна сядзела роўна, з акамянелым бледным тварам, гледзячы ў адну кропку, у надзеі, што на яе не звернуць увагі.

Але графіня заўважыла слёзы ў Пампушкі і жэстам паказала на яе мужу. Ён паціснуў плячыма, як бы кажучы: «Што зробіш, я тут ні пры чым». Пані Люазо бязгучна, але пераможна засмяялася і прамармытала:

— Яна аплаквае сваю ганьбу!

Манашкі загарнулі ў паперу рэшту каўбасы і зноў пачалі маліцца.

Карнюдэ, пераварваючы з'едзеныя яйцы, выцягнуў доўгія ногі пад лаўку насупроць, адкінуўся, скрыжаваў рукі, усміхнуўся, быццам прыдумаў удалы жарт, і стаў насвістваць «Марсельезу».

Усе спахмурнелі. Народны гімн, відаць, не падабаўся яго суседзям. Яны сталі нервавацца, злавацца і, здавалася, гатовыя былі завыць, як сабакі на голас катрынкі. Карнюдэ заўважыў гэта і ўжо не супыняў свісту. Часам ён нават выспеўваў словы:

Любоў святая да радзімы! Хай выкрасае помсту боль, — Свабода любая, вядзі нас, Тваіх заступнікаў, на бой!

Коні цяпер беглі раўней, бо снег стаў цвярдзейшы; і да саменькага Дзьепа, праз усе доўгія панурыя гадзіны язды па выбоістай, траскай дарозе ў змроку, а потым у глыбокай цемры Карнюдэ з жорсткай упартасцю прадаўжаў сваё помслівае аднастайнае пасвістванне, змушаючы стомленых, раздражнёных спадарожнікаў сачыць за песняй ад пачатку да канца, прыпамінаць кожнае слова і суправаджаць імі кожны такт.

А Пампушка ўсё плакала, і часам, паміж дзвюма строфамі, у поцемках прарывалася галашэнне, якога яна не магла стрымаць.

Пераклад: Ніна Мацяш

Жарт па-нармандску

А. дэ Жуэнвілю

Вяселле ішло ярам, па дарозе, зацененай высокімі Дрэвамі, што раслі на схілах пагоркаў з раскіданымі па іх фермамі. Наперадзе ішлі маладыя, за імі — бацькі ды радня, потым госці, пасля бедны мясцовы люд і, нарэшце, дзеці, якія віліся вакол шэсця, як мухі, шмыгалі пад нагамі, залазілі на дрэвы, каб лацвей было цікаваць.

Жаніх — мажны, велягурысты Жан Пацю — быў сама заможны фермер у наваколлі. Але насамперш ён славіўся сваёй паляўнічай заўзятасцю: гэтая страсць проста адымала ў дзецюка розум і пажырала процьму грошай — на сабак, вартаўнікоў, тхароў і стрэльбы.

Да нявесты — Разалі Русэль — заляцаліся ўсе навакольныя хлопцы, бо і сама па сабе яна была прывабная, і посаг мела добры; але дзяўчына абрала Пацю, — можа, таму, што ўпадабала яго болей, чым каго іншага, але, як разважлівая нармандка, хутчэй за ўсё таму, што ў яго мелася найболей грошай.

Маладыя адкінулі загародку на ўваходзе ў межы жаніховай фермы — і тут раптоўна з межавых равоў, дзе пахаваліся стралкі, грымнуў залп з сарака стрэльбаў. Неспадзяваная страляніна дужа развесяліла мужчын, і яны з рогатам пусціліся ў скокі, робячы нязграбныя выкрунтасы ў сваіх строях; сам Пацю кінуў жонку, рынуўся да заўважанага за дрэвам парабка, вырваў у яго з рук стрэльбу і, падбрыкнуўшы, як жарабец, бабахнуў у неба.

Потым вяселле рушыла далей — у яблыневых прысадах з ужо сакаўнымі пладамі, паўз луг, дзе ў высокай траве ляжалі каровы, якія ўтаропліваліся ў шумны гурт сваімі вялікімі вачамі, цяжка ўставалі і выцягвалі пысы ўслед вясёлай кампаніі.

Набліжалася застолле, і мужчыны пакрысе сур'ёзнелі. На галовах найбагацейшых красаваліся бліскучыя шаўковыя цыліндры, якія зусім не стасаваліся з вясковым краявідам; іншыя былі ў старасвецкіх лямцавых капелюшах, доўгая поўсць якіх нагадвала кратовую; сама бедных увенчвалі картузы.

Усе жанчыны былі ў накінутых на плечы шалях, канцы якіх цырымонна падтрымлівалі рукамі. Пунсовыя, стракатыя, агніста-яркія — гэтыя шалі ірдзеннем сваіх фарбаў наводзілі дзікі пярэпалах і на чорных курэй на сметніку, і на качак у стаўку, і на галубоў на стрэхах.

Уся навокал зеляніна, зелень травы і дрэў адразу як бы зблякла побач з такой агністаю чырванню, абодва колеры ў такім непасрэдным сваім суседстве ажно сляпілі вочы пад скварам паўдзённага сонца.