Выбрать главу

У канцы яблыневых прысадаў стаяла, быццам у чаканні, вялікая ферма. З адчыненых дзвярэй і вокнаў струменілася ледзь улоўная пара, густы пах ежы, здавалася, ішоў з усіх шчылін, з саміх сцен прасторнай будыніны.

Ланцуг гасцей зазмяіўся цераз панадворак. Каля самага дома строй парушаўся, распадаўся, а ў вароты ўсё ішлі ды ішлі запрошаныя на вяселле. Равы абсыпалі дзеці і цікаўная галота, страляніна не ўціхала, стрэлы бухалі з усіх бакоў адначасова, і ў паветры плыў парахавы дым з яго хмельным, як абсент, водарам.

Жанчыны атрэсвалі на парозе спадніцы ад пылу, развязвалі капелюшовыя стужкі, знімалі з плячэй шалі, перавешвалі іх цераз руку і заходзілі ў дом, дзе збаўляліся ад лішніх строяў.

Сталы стаялі ў вялікай кухні, дзе магло ўмясціцца чалавек сто.

За сталы паселі а другой. А восьмай абед усё яшчэ доўжыўся. Мужчыны паскідалі пінжакі, парасшпільвалі каўняры і, распараныя, расчырванелыя, як не ў сябе паглыналі нагатаванае. У вялікіх шклянках весела зіхацеў жоўты, залаціста-светлы сідр, у іншых цямнела чырвонае, нібы кроў, віно.

Перад кожнай чарговай стравай рабілася маленькая перадышка — на тост пад чарку гарэлкі, якая падкідала жару ў цела і дурноты ў галаву.

Час ад часу нехта з гасцей, напханы, як бочка, выходзіў да бліжэйшых дрэў, аблегчваўся і вяртаўся за стол, зноў гатовы і піць, і есці.

Фермеркі — пунсовыя, ацяжэлыя, з напятымі, як шары, ліфамі, перацятыя гарсэтамі, разбухлыя і зверху, і знізу, — доўга не вылазілі з-за стала: саромеліся. Але варта было адной, не надта баязлівай, падняцца і выйсці на панадворак, як следам пацягнуліся ўсе астатнія. Вярнуліся жанчыны павесялелыя, што не магло не выклікаць кепікаў. І пасыпаліся грубыя жарты.

Па застоллі хлынулі непрыстойнасці, і ўсе — на тэму шлюбнай ночы. Арсенал сялянскага досціпу гэтым і вычарпаўся. Падзеі іхняга жыцця адвеку суправаджаліся нязменнымі анекдотамі, і хоць ведалі іх усе прысутныя, але і на гэты раз пры згадцы анекдотаў госці клаліся покатам.

Варта было сівагаловаму старому пачаць: «Каму ў Мезідон — калі ласка, у карэту!» — як адразу грымнуў дружны рогат.

У канцы стала чатыры дзецюкі — жаніховы суседзі — відаць, згаварыліся пажартаваць з маладых і ўжо прыдумалі нешта цікавае — нездарма іх так разбіраў смех.

Нарэшце, калі ўзнікла хвілінка зацішша, адзін дзяцюк голасна сказаў:

— Сёння будзе месячная ноч, і ўжо калі-калі, а сёння браканьеры свайго не ўпусцяць! Як ты думаеш, Жан? Але сёння табе, вядома, не да месяца будзе.

Жаніх крута абярнуўся на голас.

— Хай толькі паткнуцца сюды тыя браканьеры!

— А што, запраста могуць прыйсці, — засмяяўся другі дзяцюк. — Сёння ўночы ў цябе будзе другі клопат!

Застолле скаланулася ад рогату — аж падлога задрыжала, аж зазвінелі шклянкі.

Пры думцы, што нехта можа пакарыстацца вяселлем і пабраканьернічаць на яго зямлі, Жан прыйшоў у шаленства:

— А вось хай толькі паткнуцца, кажу табе!

Зноў пасыпаліся жартачкі, якія змусілі пачырванець нявесту, і без гэтага ўсхваляваную трапятлівым чаканнем.

Нарэшце бочкі гарэлкі былі асушаны і госці паразыходзіліся. Маладыя пайшлі ў спальню, размешчаную, як і ўсе іншыя пакоі, на першым паверсе. Было душнавата, і яны не сталі зачыняць акно, толькі стулілі аканіцы. На камодзе гарэла невялікая безгустоўная лямпа — цясцёў падарунак; пасланы ложак быў гатоў прыняць новую пару, якая за ўвесь цырыманіял сельскіх буржуа не абмянялася ніводным пацалункам.

Разалі ўжо зняла капялюшык і сукенку і цяпер у адной ніжняй спадніцы расшнуроўвала чаравікі, а Жан дапальваў цыгарэту і краем вока паглядваў на сваю маладую жонку.

Ён цікаваў за ёю, і яго агнёвыя вочы хутчэй выдавалі пажадлівасць, чым пяшчоту: ён не гэтак кахаў дзяўчыну, як жадаў яе. І рашуча, рэзкім рухам мужыка, які гатовы ўзяцца за работу, Жан сцягнуў з сябе кашулю.

Разалі скінула чаравікі і ўзялася за панчохі.

— Марш за полаг, пачакай там, пакуль я лягу, — сказала яна.

Яны ведаліся з маленства і былі на «ты».

Жан для прыліку заўпарціўся, потым, хітравата пасмейваючыся, пайшоў і схаваўся за полаг, аднак вытыркнуў галаву. Разалі рассмяялася і пачала засланяць яму вочы, Жан не даваўся — у любоўнай, жыццярадаснай забаве маладых не было і знаку сораму ці няёмкасці.

Урэшце Жан саступіў; Разалі ўмомант расшмаргнула завязку ў сваёй апошняй спадніцы — тая слізганула па клубах, зляцела да ступняў і колам прыпала да падлогі. Разалі не стала падымаць яе, толькі адкінула нагой убок і ў адной танюткай кашулі кульнулася ў ложак, спружыны якога тут жа азваліся рыпам пад яе цяжарам.