Выбрать главу

Каля ложка адразу з'явіўся Жан, таксама ўжо разуты і раздзеты, нахіліўся да жонкі і стаў шукаць яе вусны, а Разалі хавала твар у падушку, і раптам данёсся далёкі стрэл — ад лесу Рапэ, як падалося Жану.

Ён занепакоена выпрастаўся, з зашчымелым сэрцам падбег да акна і расчыніў аканіцы.

Сядзіба была заліта жоўтым ззяннем поўні. Толькі пад яблынямі ляжалі густыя плямы ценю. Воддаль залаціста свяцілася поле спелай пшаніцы.

Жан высунуўся з акна, выцікоўваючы кожны начны шолах, але тут аголеныя рукі абвілі яму шыю, і Разалі, адцягваючы мужа назад, прашаптала:

— Ды кінь ты, што табе да гэтага! Хадзем!..

Ён абярнуўся, абняў яе, скрозь далікатную тканіну адчуў усё яе трапяткое цела, лёгка падхапіў жонку на рукі і панёс на пасцель.

Але ў той момант, як ён паклаў яе на ложак — той угнуўся ад цяжару, — грымнуў другі стрэл, на гэты раз бліжэй.

— ...вашу маць! — вылаяўся ўз'юшаны Жан. — Яны думаюць, што я ўжо і не выйду з-за цябе?.. Ну, пачакайце ж, пачакайце!

Ён ліхаманкава абуўся, сарваў з цвіка стрэльбу, што заўжды вісела так, каб да яе лёгка было дацягнуцца, і, не зважаючы на роспач жонкі, якая хапала яго за калені і ўмольвала нікуды не хадзіць, адштурхнуў яе, рынуўся да акна і выскачыў у двор.

Мінула гадзіна, потым другая, — Разалі чакала... Пачало світаць, а муж усё не вяртаўся. Разалі дарэшты перапалохалася, кінулася клікаць людзей, расказала, што раз'ятраны Жан пабег лавіць браканьераў.

Найміты, вознікі, парабкі кінуліся шукаць гаспадара.

Яго знайшлі за дзве мілі ад фермы, прывязанага вяроўкамі да дрэва, ледзь жывога ад шаленства; стрэльба яго была пераламаная, порткі адзеты навыварат, на грудзях віселі тры забітыя зайцы і запіска:

«Як ідзеш на паляванне, дык забудзься пра каханне».

Мінуў час, і калі Жан прыгадваў сваю шлюбную ноч, то абавязкова дадаваў:

— Пацешыліся з мяне, што і казаць! Яны схапілі мяне, як трусіка, падлы, і тут жа накінулі мяшок на галаву. Але хай адно пападуцца мне калі-небудзь, папомняць ужо мяне, папомняць!

Вось як жартуюць на вяселлях у Нармандскім краі.

Пераклад: Ніна Мацяш 

Пляцельшчыца крэслаў

Леону Эніку

Гэта было ў канцы абеду, які даваў маркіз дэ Бэртран з нагоды адкрыцця паляўнічага сезона. Вакол ярка асветленага стала, убранага садавіною і кветкамі, сядзелі адзінаццаць паляўнічых, восем маладых жанчын і мясцовы доктар.

Загаварылі пра каханне, і распачаліся гарачыя спрэчкі, вечныя спрэчкі на тэму: колькі разоў можна кахаць па-сапраўднаму, раз толькі ці многа разоў? Хто даваў прыклады людзей, у жыцці якіх было адно-адзінае каханне; хто тут жа прыгадваў іншыя выпадкі, калі палкая страсць спазнавалася неаднаразова. Большасць мужчын меркавала, што любоўная цяга, як хвароба, можа часта апаноўваць чалавека і здольная нават давесці яго да пагібелі, калі на яе шляху ўзнікае якая-небудзь перашкода. Хоць такі погляд на з'яву і не касаваўся, жанчыны, якія ў сваіх меркаваннях апіраліся болей на паэзію, чым на жыццёвы вопыт, сцвярджалі, што каханне сапраўднае, вялікае каханне пасылаецца смяротнаму толькі адзін раз, і сэрца, працятае ім, як маланкаю, так спустошваецца, руйнуецца, папялее, што ніякае іншае моцнае пачуццё, нават мара пра яго, ужо не могуць другі раз зарунець у чалавеку.

Маркіз, які зведаў багата любоўных прыгод, горача аспрэчваў такую думку:

— А я перакананы, што можна кахаць многа разоў, і кахаць моцна, усёю душою! Вы сцвярджаеце, што захапленне паўтарыцца не можа, і спасылаецеся на людзей, якія рукі налажылі на сябе праз каханне. А я ўпэўнены: каб яны не зрабілі гэтага глупства — самазабойства, якое збавіла іх магчымасці новага захаплення, яны ажылі б; яны несумненна пакахалі б зноў, і каханне прыходзіла б яшчэ не раз да самай іхняй смерці! Закаханыя падобныя да п'яніц. Хто запіў — піць не перастане, хто кахаў — зноў кахаць будзе. Уся справа ў тэмпераменце, і толькі.

Каб вырашыць спрэчку, папрасілі доктара — пажылога лекара, былога парыжаніна, які жыў цяпер у вёсцы, — выказаць сваю думку.

Аднак нейкага пэўнага меркавання не мелася і ў доктара.

— Тут сапраўды, як слушна заўважыў маркіз, усё залежыць ад тэмпераменту. Асабіста мне вядомы толькі адзін прыклад, калі каханне не тухла цэлых пяцьдзесят пяць гадоў, яго абарвала толькі смерць.

Маркіза ажно запляскала ў ладкі:

— Вось гэта здорава! Можна толькі марыць пра такое каханне! Якая раскоша — пяцьдзесят пяць гадоў быць ахінутым такой апантанай, пранікнёнай любасцю! Які шчаслівы, пэўна, удзячны жыццю быў той чалавек, якога так моцна кахалі!