Доктар усміхнуўся.
— Сапраўды, мадам, вы не памыляецеся, кахалі мужчыну. Ды вы яго ведаеце — гэта спадар Шукэ, наш аптэкар. А жанчына — жанчыну вам таксама даводзілася бачыць: гэта старая пляцельшчыца крэслаў, яна штогод завітвала ў замак. Зрэшты, раскажу вам усё падрабязна.
Захапленне паняў адразу атухла; іх расчараваныя тварыкі грэбліва паморшчыліся, як быццам на каханне здатныя былі толькі вытанчаныя, шляхетныя асобы, выклікаць цікавасць маглі толькі багатыя людзі.
Доктар прадаўжаў:
— Тры месяцы таму назад мяне паклікалі да гэтай старой жанчыны: яна памірала. Яна прыехала ў вёску літаральна за дзень да смерці; вам выпадала бачыць яе калымагу, у якой яна і ездзіла, і жыла, і якую цягнула нягеглая каняка, а вобак беглі дзве вялізныя чорныя псіны — яе сябры і ахова. Кюрэ быў ужо каля яе. Яна папрасіла нас быць яе душапрыказчыкамі, а каб мы лепей зразумелі сэнс яе апошняга жадання, яна расказала нам пра ўсё сваё жыццё. Я не чуў нічога дзіўнейшага і гаротнейшага.
Бацькі яе былі пляцельшчыкамі крэслаў — і бацька, і маці. Яна зроду не ведала іншага жытла, апроч гэтай буды.
Яна бадзялася з самага малку — акрытая лахманамі, вашывая, замурзаная. Сям'я прыпынялася каля рова на ўскрайку якога-небудзь селішча, каня адпрагалі і пускалі пасвіцца, сабака ўтыкаўся носам у лапы і драмаў, дзяўчынка кулялася ў траве, а бацька з маткай сядзелі ў засені прыдарожных вязаў і паднаўлялі старыя крэслы вяскоўцаў. У сваім вечным вандроўным побыце яны амаль не размаўлялі. Пры патрэбе вырашыць, каму з іх звыклым выкрыкам «Крэслы пляцём, крэслы рамантуем!» пайсці па сяле, яны перакідваліся словам-другім, сядалі поруч альбо адно насупраць аднаго і браліся віць салому. Калі малая адыходзіла далёка ці загаворвала з якім-небудзь вулічным блазнюком, яе грозна аклікаў бацька:
— Ану, марш сюды, нягодніца!
І гэта былі адзіныя песты, якія ведала небарака.
Калі яна падрасла, бацькі сталі пасылаць яе збіраць заказы на рамонт. Тады ў яе сям-там завялося некалькі знаёмых падлеткаў; але цяпер ужо бацькі яе новых прыяцеляў раздражнёна гукалі сваіх дзяцей:
— Ану, марш сюды, шалапут! Хай толькі яшчэ раз пабачу цябе з якой галотаю!..
Нярэдка дзеці папускалі ў яе каменнем.
Здаралася, якая-небудзь пані кідала ёй мядзяк-другі — малая ашчадна берагла тыя грошы.
Аднойчы — было дзяўчынцы тады адзінаццаць гадоў, — праходзячы каля мясцовых могілак, яна наткнулася на расплаканага маленькага Шукэ: сябрук украў у яго два ліярды. Слёзы малога панічыка, аднаго з тых, якіх беднае ўяўленне абнядоленай жабрачкі малявала вечна ўсцешанымі і задаволенымі, страшэнна ўразілі дзеўчанятка. Яна падышла да хлопчыка, а калі даведалася прычыну яго гора, высыпала яму ў прыгаршчы ўсе свае назбіраныя грошы — сем су; малы не здзівіўся, узяў грошы, перастаў плакаць. У парыве шалёнай радасці дзяўчынка пацалавала хлапчука. А той настолькі засяроджана разглядваў грошы, што нават не звярнуў на гэта ўвагі. Бачачы, што ён яе не адпіхае, не адбіваецца, дзяўчынка яшчэ раз аберуч прытуліла яго да сябе, пацалавала і кінулася наўцёкі.
Што тварылася ў душы няшчаснай бадзяжкі? Чаму яна так прыкіпела да гэтага карапуза? Таму, што ахвяравала яму свой жабраваны скарб? Ці таму, што менавіта яму падарыла свой першы пяшчотны пацалунак? Каханне аднолькава таемна завалодвае і сэрцам дзіцяці, і сэрцам дарослага.
Прамінаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць ні таго кутка могілак, ні таго хлопчыка. У надзеі ўбачыцца з ім яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваіх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякім зручным выпадку, аблічвала іх то на рамонце крэслаў, то на куплі харчоў.
Другім разам, калі яна прыехала ў нашы мясціны, у яе ў кішэні мелася ажно два франкі, аднак ёй пашчасціла ўбачыць маленькага аптэкара толькі здалёк, у акне аптэкі, дзе ён — такі акуратненькі, чысценькі — сядзеў паміж барвовым шарам і слоікам з саліцёрам.
Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зіхоткіх крышталікаў, яна яшчэ мацней палюбіла яго.
Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, і калі яшчэ праз год яна выпадкова натрапіла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкі з сябрамі, яна кінулася да яго, сціснула ў абдымках і пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся і залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкі дваццаць сантымаў — сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелі ад неспадзяванкі.
Ён схаваў грошы ў кішэню і дазволіў дзеўчаняці лашчыць сябе столькі, колькі яна хацела.