Выбрать главу

— Куды гэта?

— Ну ў рыбу, вядома.

— А куды?

— Ды на наш востраў. Французскія аванпасты цяпер каля Калёмба. А палкоўнік Дзюмулен — мой знаёмы, нас прапусцяць.

Марысо аж затрымцеў ад прыемнага прадчування.

— Дамовіліся! Я згодзен.

І яны разышліся па хатах, каб сабраць свой рыштунак.

Праз гадзіну сябры ўжо ішлі поплеч па гасцінцы. Неўзабаве яны дабраліся да вілы, якую займаў палкоўнік. Яны расказалі яму сваю просьбу, і ён, усміхнуўшыся, згадзіўся задаволіць іх дзівотную выдумку. Атрымаўшы пропуск, сябры рушылі далей.

Хутка яны мінулі аванпасты, прайшлі праз апусцелыя Каломбы і апынуліся на краі невялікіх вінаграднікаў, якія спускаліся да Сены. Было каля адзінаццаці гадзін.

На другім беразе вёска Аржантэль, здавалася, вымерла. Над усім наваколлем панавалі два ўзгоркі, Аржэмон і Сануа. Шырокая раўніна, якая распасціралася да самага Нантэра, была бязлюдная, зусім бязлюдная, на яе шэрай зямлі віднеліся адно голыя вішні.

Саваж паказаў пальцам на вяршыні ўзгоркаў і ціха шапнуў:

— Там прусакі!

І два сябры застылі, з трывогай пазіраючы на пустэльны абшар.

«Прусакі!» Яны іх ніколі не бачылі, але вось ужо некалькі месяцаў адчувалі, як гэты нябачны і ўсемагутны вораг душыць Парыж, руйнуе Францыю, рабуе, гвалтуе і морыць голадам яе жыхароў. І нейкі нечалавечы, незразумелы жах мяшаўся ў іх з нянавісцю да гэтага невядомага і непераможнага народа.

Марысо прамармытаў:

— А што, калі мы раптам на іх натрапім?

З чыста парыжскім гумарам, які не знікае ні пры якіх абставінах, Саваж адказаў:

— Пачастуем іх смажанай рыбкай!

Але маўклівая цішыня далягляду бянтэжыла іх, і яны па-ранейшаму не маглі адважыцца рушыць далей.

Нарэшце Саваж рашыўся:

— Ну што, пайшлі! Толькі трэба быць уважлівым.

І прыгнуўшыся, а дзе паўзком, хаваючыся за хмызамі, яны пачалі спускацца па вінаградніку, увесь час трывожна пазіраючы вакол і напружыўшы слых. Каб выйсці да берага, заставалася перасячы адно вузкую палоску голай зямлі. Сябры кінуліся бегчы і, ледзь апынуўшыся каля ракі, схаваліся ў сухім чароце.

Марысо прыціснуў шчаку да зямлі і прыслухаўся, ці не ходзіць хто-небудзь паблізу. Нічога чуваць не было. Яны былі адны, зусім адны.

Сябры супакоіліся і ўзяліся вудзіць рыбу. Насупраць бязлюдны востраў Марант хаваў іх ад другога берага. Маленькі шынок, які стаяў на ім, быў зачынены і здаваўся пакінутым ужо многа гадоў.

Неўзабаве Саваж выцягнуў першага печкура. Марысо злавіў другога, і раз-пораз яны пачалі смыкаць вуды, на канцы лёскі ў якіх білася маленькая серабрыстая рыбка. Ловы ішлі надзіва добра.

Яны дбайна складалі рыбу ў шчыльны сак, які мокнуў у вадзе каля ног. І цёплае, радаснае пачуццё разлівалася ў іх на душы, тое пачуццё, якое агортвае чалавека, што зноў знайшоў сваю ўлюбёную ўцеху, якой быў пазбаўлены доўгі час.

Ласкавае сонца сагравала ім спіны, яны ўжо нічога не чулі, ні пра што не думалі, забыліся на ўсё на свеце — яны вудзілі.

Але нечакана, нібы з-пад зямлі, пачуўся глухі гуд, і глеба страсянулася ў іх пад нагамі. Зноў загулі гарматы.

Марысо падняў галаву і там, злева, убачыў высокі абрыс гары Мон-Валер'ен, над якой віўся маленькі сівы чубок. Гэта было воблачка парахавога дыму, якое яна толькі што выплюнула.

І адразу над крэпасцю на гары ўзвіўся новы слуп дыму, і праз некалькі імгненняў грымнуў другі залп.

Гарматы загрукаталі адна за другой, і час ад часу гара пыхкала сваім смяротным дыханнем і выкідала малочную пару, якая паволі ўздымалася ў ціхае неба і завісала там нерухомаю хмарай.

Саваж паціснуў плячыма і сказаў:

— Ну вось, зноў пачынаюць.

Занепакоена пазіраючы на пёрка свайго паплаўка, які раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мірнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якім прыйшло ў галаву біцца.

— Якімі ж трэба быць дурнямі, каб гэтак забіваць адзін аднаго, — прабурчаў ён.

Саваж згадзіўся:

— Горш за звяроў.

Марысо выцягнуў верхаводку і заявіў:

— І падумаць толькі, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кіраваць урады.

Саваж запярэчыў:

— Рэспубліка не аб'явіла б вайны...

Але Марысо перапыніў яго:

— За каралямі ваююць з іншымі, за рэспублікай — паміж сабой.

І яны пачалі спакойна абмяркоўваць важныя палітычныя праблемы, выказваючы на іх свае цвярозыя думкі, уласцівыя лагодным і абмежаваным абывацелям, і ўрэшце сышліся на тым, што свабоды людзям ніколі не ўбачыць.

А Мон-Валер'ен безупынна грымеў, руйнаваў ядрамі. французскія дамы, знішчаў усё жывое, абрываў жыццё, чыесьці мары, радасці, шчасце, сеяў адчай у сэрцах дачок, жонак і мацярок, нёс невылечныя пакуты тут і там, у іншых краях.