І ўсе трое па-прыяцельску паглядвалі адзін на аднаго. Нягледзячы на няроўнасць грамадскага становішча, яны адчувалі сябе роўнымі паводле дастатку, сябрамі вялікага франкмасонскага ордэна, які аб'ядноўвае багацеяў, усіх тых, у каго ў кішэнях звініць золата.
Дыліжанс рухаўся так марудна, што да дзесяці гадзін ранку не было адолена і чатырох міль. Тройчы мужчынам давялося на пад'ёмах выходзіць ды ісці ўгару пеша. Пасажыры пачалі непакоіцца, бо намерваліся павячэраць у Тоце, а цяпер ужо не было надзеі дабрацца туды да ночы. Усе ўзіраліся ў вокны, спадзеючыся заўважыць хоць якую прыдарожную карчомку, як раптам карэта захрасла ў сумёце; спатрэбіліся добрыя дзве гадзіны, каб выцягнуць яе адтуль.
Голад мацнеў, затуманьваў розум; а на шляху не траплялася ніводнай карчмы, ніводнага шынка, бо набліжэнне прусакоў і адыход згаладалага французскага войска паперапалохвалі ўласнікаў усіх гандлёвых прадпрыемстваў.
Нарэшце, гадзіне а трэцяй, калі яны ехалі па бясконцай раўніне без ніводнага селішча на даляглядзе, Пампушка жвава нагнулася і выцягнула з-пад лаўкі вялікую карзіну, накрытую белай сурвэткай.
Спачатку яна дастала адтуль фаянсавую талерачку і далікатны сярэбраны кілішак, потым вялікую міску, у якой застылі ў жэле два парэзаныя на кавалкі кураняці; з карзіны відны былі яшчэ і другія харчы, загорнутыя ў паперу: пірагі, садавіна, ласункі, нарыхтаваныя з разлікам на трохдзённае падарожжа, каб не датыкацца да карчомнай яды. Паміж пакункаў з ежай выглядвалі чатыры рыльцы бутэлек. Пампушка ўзяла крыльца кураняці і стала асцярожна есці яго з хлебцам, які ў Нармандыі называецца «рэгенцкім».
Вочы ўсіх пасажыраў скіраваліся на Пампушку. Спакваля па ўсім дыліжансе пайшоў спакуслівы водар, ад якога раздзімаліся ноздры, у роце набягала сліна і да болю зводзіла сківіцы. Пагарда паняў да прастытуткі змянілася нянавісцю, яны гатовыя былі забіць яе, вышпурнуць вон з дыліжанса, проста ў снег, разам з яе кілішкам, карзінай і харчамі.
Але Люазо пажыраў вачамі міску з куранятамі. І ўрэшце сказаў:
— Вось як трэба! Мадам сама прадбачлівая з усіх нас. Ёсць-такі людзі, якія ўмеюць заўсёды пра ўсё паклапаціцца!
Пампушка павярнулася да яго:
— Ці не жадаеце, пане? Цяжкавата пасціцца з самага ранку.
Люазо пакланіўся:
— Калі быць шчырым, далібог, не адмоўлюся, болей трываць не магу. На вайне як на вайне, ці ж няпраўда, мадам? — І, абводзячы позіркам сваіх спадарожнікаў, дадаў: — Добра ў скрутную хвіліну сустрэць чалавека, гатовага прыйсці на выручку.
Ён разгарнуў на каленях газету, каб не запэцкаць штаны, і кончыкам нажа, які заўсёды меўся ў яго ў кішэні, падчапіў курыную ножку, аблітую жэле, і, угрызаючыся ў яе зубамі, узяўся жаваць з такім відавочным задавальненнем, што па ўсёй карэце пранёсся глыбокі маркотны ўздых.
Пампушка пакорлівым ласкавым голасам прапанавала манашкам раздзяліць з ёю падмацунак. Тыя адразу ж згадзіліся і, не падымаючы вачэй, толькі прамармытаўшы словы ўдзячнасці, сталі спешна есці. Карнюдэ таксама не адмовіўся ад суседчынага частавання, і яны разам з манашкамі наладзілі нешта накшталт стала з газет, разгорнутых на каленях.
Раты нястомна раскрываліся і закрываліся, заўзята жавалі, уміналі, паглыналі. Люазо ў сваім кутку ўлягаў напоўніцу і шэптам угаворваў жонку далучыцца да кампаніі. Тая напачатку ўпарта аднеквалася, але потым, калі сутарга звяла страўнік, здалася. Тады муж з падкрэсленай галантнасцю запытаўся ў сваёй «чароўнай спадарожніцы», ці не дазволіла б яна і мадам Люазо ўзяць кавалачак. Пампушка адказала:
— Чаму ж не? Калі ласка, пане, — і з прыветлівай усмешкай падала міску.
Калі адкаркавалі першую бутэльку бардоскага, адбылася замінка: меўся толькі адзін кілішак. Яго сталі перадаваць адно аднаму, папярэдне выціраючы краёк. Адзін Карнюдэ, безумоўна, з галантнасці, даткнуўся вуснамі да той мясцінкі, дзе віднеўся вільготны след ад суседчыных вуснаў.
Акружаныя людзьмі, якія прагна паглыналі ежу, удыхаючы пахі страў, граф і графіня дэ Брэвіль, як і пан ды пані Карэ-Лямадон, пакутавалі ад той страшнай пакуты, якая атрымала назву «танталавы мукі». Неспадзеўна маладая фабрыкантава жонка выпусціла такі глыбокі ўздых, што ўсе павярнуліся; яна збялела, як снег за вокнамі дыліжанса, вочы яе заплюшчыліся, галава абвяла: яна самлела. Перапалоханы муж прасіў дапамогі. Усе разгубіліся; старэйшая манашка, падтрымліваючы галаву хворай, паднесла да яе вуснаў Пампушчын кілішак і сілком уліла ў рот некалькі кропель віна. Панечка варухнулася, расплюшчыла вочы, усміхнулася і смяротным голасам запэўніла, што ёй ужо зусім добра. Але каб не самлела другі раз, манашка змусіла яе выпіць поўны кілішак бардоскага і сказала: