— Гэта ад голаду, няйначай, — бо ад чаго б яшчэ?
Тады Пампушка, чырванеючы яшчэ мацней, збянтэжана залепятала, азіраючы чатырох падарожнікаў, якія ўсё яшчэ трымаліся нашча:
— Божа мілы, ды калі б я пасмела прапанаваць гэтым панам і паням...
Яна асеклася ў боязі абразлівай адмовы. Слова ўзяў Люазо:
— Э, чорт вазьмі, у падобных абставінах усе людзі — браты і павінны памагаць адзін аднаму. Ну, панове, досыць цырымоній, згаджайцеся, якога д'ябла?! Хто ведае, ці мы ўвогуле яшчэ напаткаем прыстанак нанач! Пры такім руху дай Бог дабрацца да Тота хоць да заўтрашняга абеду.
Але тыя чацвёра вагаліся, ніхто з іх не адважваўся ўзяць на сябе адказнасць за згоду.
Нарэшце граф вырашыў пытанне. Ён павярнуўся да збянтэжанай таўстушкі і з сама велічным выглядам, на які быў здольны, прамовіў:
— Мы з удзячнасцю прымаем вашу прапанову, мадам.
Цяжкі быў толькі першы крок. Як толькі Рубікон аказаўся пяройдзеным, усе перасталі саромецца. Карзіна ўмомант была апарожнена. У ёй знайшоўся яшчэ паштэт з гусінай пячонкі, паштэт з жаваранкаў, кавалак вэнджанага языка, красанскія грушы, пон-левэкскі сыр, пячэнне і цэлы слоік марынаваных карнішонаў і цыбулі — Пампушка, як большасць жанчын, любіла ўсё вострае.
Нельга было пустошыць прыпасы гэтай жанчыны і не размаўляць з ёю. І гаворка ўрэшце завязалася, напачатку трохі асцярожная, аднак з цягам часу ўсё болей нязмушаная, бо Пампушка трымалася проста слаўна. Пані дэ Брэвіль і Карэ-Лямадон, якія валодалі вялікай свецкай абыходлівасцю, выявілі вытанчаную прыязнасць. Асабліва на вышыні аказалася графіня са сваёй ветлівай паблажлівасцю велікасвецкай пані, што не траціць сваёй годнасці, да каго б яна ні звярталася. Але энергічная мадам Люазо, якая мела душу жандара, заставалася непрыступная і гаварыла мала, затое шмат ела.
Гамонка, вядома, вялася пра вайну. Гаварылі пра жорсткасць прусакоў, пра адвагу французаў; і ўсе гэтыя людзі, якія ратаваліся ўцёкамі, ухвалялі мужнасць іншых. Спакваля пачаліся расказы пра сябе, і Пампушка са шчырым хваляваннем, з палкасцю, якую часам выяўляюць публічныя жанчыны, калі гавораць пра натуральныя пачуцці, расказала, чаму яна пакінула Руан.
— Спачатку я намервалася застацца, — сказала яна. — Прыпасаў дома было поўна, і па мне лепей было б карміць некалькі салдатаў, чым перціся немаведама куды ў свет. Але калі я пабачыла іх, гэтых прусакоў, то ўжо не магла саўладаць з сабою! Усё ўва мне так і пераварочвалася ад злосці, я цэлы дзень праплакала ад сораму. Ох, была б я мужчынам, я ім паказала б! Я глядзела ў акно на гэтых свінтухоў у вастраверхіх касках, а пакаёўка трымала мяне за рукі, каб я не пашпурляла ім на галовы ўсю маю мэблю! Потым яны з'явіліся да мяне на пастой, і я першага ж ухапіла за горла. Задушыць немца не цяжэй, чым каго другога! І я б яго прыкончыла, калі б мяне не адцягнулі за валасы. Пасля гэтага давялося хавацца. А як толькі надарылася магчымасць, я выехала — і вось я тут.
Усе хвалілі яе. Яна адразу вырасла ў вачах у сваіх спадарожнікаў, якія не выявілі такой адвагі; Карнюдэ, слухаючы яе, усміхаўся адабральнай і зычлівай усмешкай апостала: гэтак святар слухае набожнага чалавека, які славіць Бога, бо пышнабародыя дэмакраты зрабіліся такімі самымі манапалістамі ў дачыненні да патрыятызму, як свяшчэннаслужыцелі — у пытаннях набожнасці. Потым ён загаварыў павучальным тонам, узнёсла, засвоеным з пракламацый, якія штодня расклейваліся на сценах, і завяршыў красамоўнай тырадай, якою бязлітасна расправіўся з «гэтай падлай Бадэнге»!
Але Пампушка зазлавалася: яна была банапартыстка. Яна запунсавела, як вішня, і, заікаючыся ад абурэння, вымавіла:
— Хацела б я пабачыць вас на яго месцы! Вы лепшыя былі б, то дзіва! Ды гэта ж вы і прадалі яго! Калі б Францыяй кіравалі штукары накшталт вас, толькі б і заставалася — уцякаць без аглядкі!
Непарушны Карнюдэ, як і раней, усміхаўся пагардліва, але адчувалася, што вось-вось выбухне сварка; тут умяшаўся граф і не без цяжкасці супакоіў разгневаную жанчыну, уладна заявіўшы, што любое шчырае перакананне заслугоўвае павагі. Між тым графіня і фабрыкантава жонка, якія ў душы, як і ўсе пачцівыя людзі, падсвядома насілі нянавісць да Рэспублікі і дужа ўласцівую ўсім жанчынам цягу да прыдворнай мішуры і дэспатычных манархаў, адчулі міжвольную сімпатыю да гэтай прастытуткі, якая трымалася з зайздроснаю годнасцю і выказвала пачуцці, якія апаноўвалі і іх.