Іх позірк адказваў: «Няма часу», ці «Іншым разам», ці «Няма грошай», ці «Згінь, паскудніца!» Апошнюю фразу казалі вочы салідных бацькоў.
Ты сабе не ўяўляеш, як цікава было сачыць за яе гульнёй, ці, хутчэй, за яе працай.
Час ад часу яна раптоўна зачыняла акно, і я бачыла, як чарговы пан заходзіў у браму. Яна лавіла іх, як рыбак печкуроў. Тады я глядзела на гадзіннік. Яны заставаліся ў яе ад дванаццаці да дваццаці хвілін і ніколі болей. Папраўдзе, гэтая павучыха ўрэшце мяне захапіла. Дый яна была зусім не брыдкая.
Я пыталася ў сябе: «Што ж яна робіць, што яе так добра і так хутка разумеюць? Ці дадае яна да позірку нейкі знак галавой ці рух рукой?»
Я ўзяла тэатральны бінокль, каб разгадаць яе сакрэт. О, усё было вельмі проста: спачатку яна падміргвала, пасля ўсміхалася і амаль незаўважна ківала галавой, што значыла: «Вы зойдзеце?» Гэты рух быў такі лёгкі, такі прыхаваны, што вымагаў сапраўды шмат элегантнасці.
І я падумала: «А ці атрымалася б у мяне гэтак жа смела і элегантна кіўнуць?»
Я пайшла паспрабаваць перад люстэркам. Дарагая, у мяне атрымалася яшчэ лепш, чым у яе, намнога лепш! Я вельмі ўзрадавалася і вярнулася да акна.
Цяпер да яе больш ніхто не заходзіў, зусім ніхто. Напраўду, ёй не шанцавала. Напэўна, усё ж брыдка зарабляць на хлеб гэтакім манерам, брыдка і адначасова забаўна, бо ўрэшце сярод мужчын, якіх сустракаеш на вуліцы, трапляюцца часам зусім неблагія.
Цяпер усе яны ішлі па тратуары з майго боку вуліцы, на яе баку не было ніводнага. Сонца засвяціла ў другі бок. Яны ішлі адзін за адным, маладыя, старыя, чорныя, бялявыя, сівыя.
Я бачыла сярод іх вельмі прыстойных, дарагая, прыстойнейшых, чым мой муж і чым твой былы муж таксама.
Я думала: «Каб я зрабіла ім знак, ці яны зразумелі б мяне, сумленную жанчыну?» І вось у мяне абудзілася непрыстойнае жаданне... непераможнае жаданне! Часам у мяне з'яўляюцца такія жаданні. А, глупства! І ўвогуле, мне здаецца, што жанчына ў нечым падобная да малпы. Дарэчы, сцвярджаюць (гэта мне адзін доктар сказаў), што мозг малпы вельмі падобны да нашага. Дык вось, мы заўсёды каго-небудзь пераймаем, малпуем. Мы пераймаем нашых мужоў, калі кахаем іх у першыя месяцы шлюбу, пасля — нашых каханкаў, нашых сяброў, нашых духоўнікаў, калі яны добрыя. Мы пераймаем іх манеру думаць, гаварыць, іх словы, рухі, усё. Якое глупства.
А калі мне ўжо вельмі захацелася нешта зрабіць, дык я абавязкова зраблю.
Дык вось, я падумала: «Ану, паспрабуем на адным, толькі на адным, каб пабачыць, што будзе. Што са мной здарыцца? Нічога. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, і ўсё, і я яго больш ніколі не ўбачу, а калі нават убачу, дык ён мяне не пазнае, а калі нават пазнае, дык я скажу, што гэта памылка».
І я пачынаю выбіраць. Я хацела прыгожага, вельмі прыгожага. Раптам бачу — ідзе высокі бландзін, вельмі прыгожы. Ты ж ведаеш, я люблю бландзінаў.
Я гляджу на яго, ён на мяне. Я ўсміхаюся, ён таксама. Я ківаю. О, ледзь прыкметна. Ён ківае ў адказ і заходзіць! Дарагая мая, ён заходзіць праз галоўную браму!
Ты сабе не ўяўляеш, што я ў гэты момант адчувала! Я думала, што звар'яцею. О, як я баялася. Уяві сабе, ён пачне гаварыць са слугамі! З Жазэфам, які так адданы майму мужу! Жазэф напэўна падумае, што я даўно ведаю гэтага пана.
Што рабіць, скажы, што рабіць? Ён хутка пазвоніць, зараз, праз момант. Што рабіць, скажы? Я падумала, што лепей за ўсё выбегчы яму насустрач, сказаць яму, што ён памыліўся, прасіць яго, каб ён пайшоў адсюль. Ён пашкадаваў бы жанчыну, бедную жанчыну. І я кідаюся да дзвярэй і адчыняю іх у той момант, калі ён збіраўся пазваніць.
Я, ужо зусім ашалелая, сказала запінаючыся: «Ідзіце адсюль, пане, ідзіце, вы памыляецеся, я сумленная жанчына, я замужам. Гэта памылка, страшная памылка, я пераблытала вас з адным маім сябрам, вы вельмі падобныя. Майце літасць, пане».
А ён пачынае смяяцца і адказвае: «Здароў, кіска. Я ўсё ведаю. Ты замужам, значыць, гэта будзе каштаваць два луідоры замест аднаго. Я згодны. Хадзем хутчэй».
І пхае мяне. Увайшоўшы, ён зачыняе за сабой дзверы, цалуе мяне, скаваную жахам, бярэ мяне за талію і вядзе ў салон, што застаўся незачынены.
Ён пачынае аглядаць усё навокал, як ацэншчык на аўкцыёне. Пасля кажа: «Чорт, а ў цябе тут даволі шыкоўна. Пэўна, у цябе цяпер цяжка з грашыма, калі працуеш каля акна!»
Тады я зноў пачынаю яго прасіць: «О, пане, ідзіце адсюль, ідзіце! Зараз вернецца мой муж! Ён можа ўвайсці ў любы момант! Я клянуся, што вы памыліліся!»
Ён спакойна мне адказвае: «Ну, добра, красунька, хопіць прыкідвацца. Калі вернецца муж, я дам яму сто су, каб ён схадзіў насупраць».