Выбрать главу

Анарэ здалёк заўважыў іх і спытаўся:

— Да каго гэта наш плябан?

Кемлівы парабак адказаў:

— Да каго? Ідзе запрашаць Бога да тваёй маці!

Мужык не здзівіўся:

— Добра, добра, хай ідзе!

І зноў узяўся за работу.

Матухна Бантан паспавядалася, атрымала дараванне і прычасцілася. Святар пайшоў, жанчыны засталіся адны ў спякотным пакоі.

Дзень канчаўся; свежы вецер дыхаў прахалодай, ад яго павеваў гойдаўся папяровы абраз, прыколаты дзвюма шпількамі да сцяны; фіранкі на акне, калісьці белыя, а цяпер палінялыя і заседжаныя мухамі, трапяталіся, матляліся, рваліся ў паветра, імкнуліся паляцець гэтаксама, як і душа старой.

Анарэ вярнуўся ў прыцемках. У ложку ён заўважыў яшчэ жывую маці і спытаўся:

— Як маешся?

Ён і раней так казаў, калі той нездаровілася.

Адаслаў Рапэ, загадаўшы:

— Заўтра а пятай, не спазніцеся.

Тая паўтарыла:

— Заўтра, а пятай.

І праўда, яна прыйшла досвіткам. Перад працай у полі Анарэ сілкаваўся звараным ім самім крупнікам.

Наймічка спыталася:

— Ну, памерла ваша маці?

Ён хітра ўсміхнуўся аднымі вачыма і адказаў:

— Ёй нават палепшала.

І пайшоў з хаты.

Занепакоеная Рапэ падышла да старой, якая ляжала ў нязменнай позе — з расплюшчанымі вачыма, сціскаючы рукамі коўдру, абыякава церпячы пакуты.

Кабета зразумела, што так можа цягнуцца два, тры дні, ці нават тыдзень, і яе хцівае сэрца сціснулася ад страху, а ў душы ўсхадзіўся гнеў на хітруна, які пасмяяўся з яе, і на старую, што не памірае.

Тым не менш яна ўзялася за работу і чакала, не адводзячы вачэй ад зморшчанага твару цёткі Бантан.

Анарэ вярнуўся абедаць, здавалася, ён задаволены, ледзь не вясёлы. Неўзабаве ён зноў пайшоў. Што і казаць, яго ўраджай не прападзе.

Рапэ ціха шалела ад злосці; цяпер кожная хвіліна здавалася ёй крадзеным часам, крадзеным грошам. Ёй хацелася, ёй карцела ўпіцца ў горла гэтай старой руіне, гэтай учэпістай бабе, гэтай упартай калодзе і, пакрысе сціскаючы яго, спыніць кароткія ўздыхі, што крадуць яе час і яе грошы.

Але зрабіць так было небяспечна, і іншая думка прыйшла ёй у галаву. Яна стала каля ложка:

— Вы яшчэ не бачылі д'ябла?

Матухна Бантан прашаптала: «Не».

Тут кабета пачала расказваць розныя страхі, каб збіць з розуму хворую.

За некалькі хвілін да смерці, казала яна, чорт з'яўляецца кожнаму. У руцэ ў яго мятла, на галаве чыгунок, і крычыць як рэзаны. Калі бачыш яго, жыць застаецца імгненне. І яна пералічыла ўсіх, каму сёлета паказаўся чорт: Жазэфэн Луазэль, Эўлалі Рацье, Сафі Паданнё, Серафіна Грап'е.

Нарэшце матухна Бантан захвалявалася, заварушылася, засоўгала рукамі і паспрабавала павярнуць галаву, каб зазірнуць у цёмныя куткі ў хаціне.

Раптам Рапэ знікла за білам ложка. Яна выцягнула з шафы нейкі сувой, укруцілася ў яго; начапіла на галаву чыгун з крывымі ножкамі, падобнымі на рогі; у правую руку ўзяла дзяркач, у левую — бляшанае вядро і знянацку падкінула яго ўгору, каб яно з ляскатам бразнулася на падлогу.

Вядро нарабіла страшэннага грукату. Наймічка ўскочыла на крэсла, адхінула шырму, што закрывала ложак, і, як вятрак, закруціла рукамі, заскавытала і завішчала ў чыгун на галаве, замахала на старую дзеркачом, быццам той чорт у тэатры марыянетак.

Напалоханая, ашалелая, старая зрабіла нечалавечае намаганне, каб устаць і ўцячы; яна аж да пояса высунулася з-пад коўдры... і з цяжкім апошнім уздыхам адкінулася на падушку. Усё было скончана.

А Рапэ пачала няспешна прыбірацца: дзяркач кінула ў кут, сувой запхнула ў шафу, чыгун паставіла на печ, вядро на паліцу, а крэсла каля сцяны. Пасля прафесійнымі рухамі закрыла вылупленыя вочы нябожчыцы, паставіла на ложак талерку і наліла ў яе свянцонай вады, памачыла самшытавую галінку, што вісела на цвіку над камодай, укленчыла і пачала казаць шчырыя пацеры, якія ведала на памяць.

І калі надвячоркам прыйшоў Анарэ і заспеў яе на каленях, ён хуценька падлічыў, што страціў дваццаць су, бо яна даглядала толькі тры дні і адну ноч, што каштавала пяць, а не шэсць франкаў, якія ён мусіў заплаціць.