Выбрать главу

– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзі называюць «шчасцем», магчыма, здольны палюбіць другіх па-сапраўднаму і праз гэта знайсці іншую форму шчасця.

І тады, учынак смелы і крыху шалёны, я схапіла яго за рукі і сказала:

– А чаму б вам, Пітэр Дэн, не ўзяць сваёй часціны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы іменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.

– Гэта – ілюзія… У рэальнасці я зусім не такі, я вы сабе ўяўляеце. Ніводнай жанчыне я не буду ні мужам, ні каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з раніцы да вечара, з вечара да раніцы пры мне знаходзілася жанчына, якая кожную хвіліну патрабуе ад мяне ўвагі і мае на гэта права.

– Увага была б узаемнай.

– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.

– Вы адчуваеце, што ў вас хопіць сілы, каб змагацца.

– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопіць сілы, каб змагацца ў жыцці разам з усімі людзьмі добрай волі… працаваць разам з імі, каб зрабіць свет больш мірным і шчаслівейшым… ці хоць паспрабаваць зрабіць яго такім.

– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павінна верыць у тое, што вас натхняе. Але калі яна вас любіць…

– Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якія, закахаўшыся, як самнамбулы, ішлі за любімым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалі, што стаяць над прадоннем і могуць упасці. І тады ў іх з'яўлялася адзіная мэта: хутчэй спусціцца ўніз на роўную дарожку звычайнага жыцця… Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалі сямейны ачаг… Воін складваў зброю.

– Вы хочаце змагацца адзін?

Ён далікатна абняў мяне:

– Мне вельмі балюча выказваць, але гэта праўда… Я хачу змагацца адзін.

Я ўздыхнула:

– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовіцца ад Джэка.

– Лепш адмовіцца і ад яго і ад мяне.

– Чаму?

– Каб застацца сабой.

Я надзела капялюш перад люстэркам. Пітэр падаў мне паліто.

– Правільна, – сказаў ён, – трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, і лепш, калі мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.

Ён патушыў у кухні лямпу і, перад тым як выйсці, не стрымаўся і па-брацку абняў мяне. Я не супраціўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сілу і ўладу. Але ён хутка адпусціў мяне, адчыніў дзверы і выйшаў следам за мной.

На вуліцы нас чакала яго невялічкая машына, і я села з ім побач, не сказаўшы ні слова.

Ішоў дождж, і вуліцы начнога Лондана танулі ў змроку і смутку. Праз хвіліну Пітэр загаварыў. Ён мне апісаў людзей, што жывуць у гэтых дробных доміках стандартнай будоўлі, іх аднастайны побыт, убогія радасці і сціплыя надзеі. Яго ўяўленне было на дзіва вобразным. Ён мог бы стаць вялікім раманістам.

Потым мы апынуліся ў заводскім прадмесці. Мой спадарожнік змоўк. Я моцна задумалася… Думала аб заўтрашнім дні, аб сваім прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, які, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым і трошкі смешным. Раптам я сказала рашуча:

– Стойце, Пітэр!

Ён рэзка затармазіў і запытаў:

– Што такое? Вам нядобра?.. Ці, можа, у мяне што забылі?

– Не. А толькі я не хачу ехаць у Ню-Ёрк… Я не хачу яшчэ раз выходзіць замуж.

– Што?

– Я перадумала. Вы мне раскрылі вочы. Вы мне сказалі, што ў жыцці бываюць моманты, калі рашаецца ўсё, і надоўга… У мяне якраз такі момант… Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.

– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памыліцца.

– Вы не можаце памыліцца. І асабліва я не магу памыліцца. Я цяпер ясна бачу, што збіралася зрабіць глупства. Я не паеду.

– Дзякуй богу! – павесялеў ён. – Гэта вам збавенне. Іначай, папалі б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэнні?..

– А чаго баяцца? Мае бацькі і сябры не хацелі, каб я ехала. Яны лічылі гэта капрызам і будуць рады, што я вярнулася.

– А містэр Паркер?

– Джэк паходзіць засмучаны колькі дзён ці колькі гадзін… Пабаліць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмі цяжка жыць з такой наравістай жанчынай, і ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля… Трэба толькі паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.

Пітэр уключыў матор.

– Што будзем рабіць? – запытаў ён.