Выбрать главу

– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другі, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.

– Сон быў прыгожы.

– Але без вынікаў.

Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф і напісала тэлеграму Джэку: «Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкім краі кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны білет апраўдаць выдаткі кропка прывітанне Марцэла».

Я перачытала і замест «жыць у чужым далёкім краі» напісала «жыць на чужыне». І ясна, і карацей.

Пакуль я складала тэлеграму, Пітэр высвятляў, калі адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:

– Усё – як мае быць ці лепш, нядобра ўсё: матор наладзілі. Я вылечу праз дваццаць хвілін. Вам давядзецца чакаць да сямі гадзін. Мне непрыемна пакідаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кніжку?

– Не, – адказала я. – У мяне ёсць над чым падумаць.

– Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.

Не прамовіўшы ні слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўніку.

– Звычайная? – запытаў той.

– Спешная.

Потым я ўзяла Пітэра пад руку.

– Дарагі Пітэр, у мяне такое ўражанне, нібы я праводжу да самалёта свайго самага блізкага друга.

Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнія дваццаць хвілін. Ён вызначыў некалькі важнейшых жыццёвых правіл. Вы не раз казалі мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка і не ўмею хлусіць. Калі хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзілася ва мне, я найбольш абавязана Пітэру. Нарэшце ў дынамік абвясцілі: «Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два…» Я праводзіла Пітэра да выхаду. Абняла яго там і моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы ніколі не бачыліся.

– Ніколі не бачыліся? Чаму? Хіба вы не пакінулі яму адраса?

– Пакінула, але ён мне ніколі не пісаў. Відаць, яму падабалася ўвайсці вось гэтак у жыццё людзей, паказаць ім дарогу і знікнуць.

– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалі яго знайсці?

– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулі ніколі. Не, тады нам было вельмі добра… Шчаслівыя моманты мінулага не аднаўляюцца… Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзіўнай у маім жыцці? Ці ж не цуд, што чалавек, які перайначыў мой лёс, прымусіў жыць у Францыі, а не ў Амерыцы, які зрабіў на мяне такі моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскім аэрапорце?

– Гэта нагадвае, – заўважыў я, – антычныя міфы, калі бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымі… Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькі ўсё скончылася тым, што вы выйшлі замуж за Рэно, які, хоць і носіць іншае імя, але па сутнасці той самы Джэк.

Падумаўшы, яна сказала:

– Ну так… Чалавечую прыроду змяніць нельга, яе можна толькі падправіць.

Фіялкі ў сераду

– Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ!

Жэнні Сарб'е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.

– Не, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада… Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.

– Які жаль! – прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. – Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.

Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.

– Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?

– Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў Камедзі-Франсэз, Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.

– Талент не мае ўзросту, – прамовіла Клер Менетрые. – А што гэта за гісторыя з фіялкамі?

– О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны… Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.

– Вядома! Параўнанні – рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб'е, якая нас кінула.

– Добра! Я паспрабую… Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу…

– Давайце, давайце! – падбадзёрыў Бертран Шміт. – Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькі зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далікатнае.

– Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу… Вы ўсе тут мала пажылі яшчэ, каб помніць веліч і красу даўнейшай Жэнні Сарб'е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямі спадалі на мармуровыя плечы, яе пільны, прытоены позірк, рэзкі, нават жорсткі голас, які раптам ламаўся, увесь наліты пачуццямі, выдзялялі і падкрэслівалі сілу яе духу, яе гордае хараство.