Выбрать главу

– Чаму ж ён не пісаў?

– Ён пісаў, мадмуазэль, і я прынёс вам цэлую кучу неадпраўленых лістоў, знойдзеных пасля яго смерці. – Палкоўнік дастаў з кішэні ёмісты пакет і перадаў Жэнні. Яна мне аднойчы паказвала. Почырк шпаркі, дробны, невыразны… Лініі матэматыка, а стыль паэта.

– Захавайце гэтыя лісты, мадмуазэль, яны належаць вам… І даруйце мне за раптоўны візіт… Я лічыў сваім абавязкам, як сынаву памяць… У яго пачуццях да вас не было нічога непачцівага і легкадумнага. Вы былі для яго ўвасабленнем дасканаласці і хараства… І магу вас запэўніць, Андрэ быў варты сваёй вялікай любві.

– Але чаму ён не шукаў сустрэчы са мной? Чаму я сама нічога не зрабіла, каб з ім пабачыцца?.. Ах, як я злую на сябе! Як я злую!

– Хай вас не мучыць сумленне, мадмуазэль… Вы ж не маглі ўгадаць… Скончыўшы вучэльню, Андрэ папрасіў, каб яго накіравалі на Мадагаскар; прычынай такога рашэння былі вы, вядома… Ён сказаў сястры: «Альбо разлука вызваліць мяне ад гэтага безнадзейнага кахання, альбо я стану героем, і тады…»

– А хіба не геройства, – прамовіла ўзрушаная Жэнні, – такое пастаянства пачуццяў, такая адданасць і сціпласць!

Потым, калі палкоўнік падняўся, яна парывіста схапіла яго за рукі:

– Мне здаецца, што я не зрабіла нічога дрэннага, і ўсё ж такі… І ўсё ж я адчуваю, што на мне таксама ляжыць нейкі абавязак перад яго пакрыўджаным ценем… Мне балюча!.. Слухайце, палкоўнік, скажыце мне, дзе ваш сын пахаваны?.. Даю вам слова, што да самай сваёй смерці я кожную сераду буду прыносіць букет фіялак на яго магілу.

– Вось чаму, – закончыў сваё апавяданне Леон Ларан, – на працягу ўсяго жыцця наша Жэнні, якую лічаць чэрствай, расчараванай, а некаторыя нават цынічнай, кожную сераду пакідае сваіх сяброў, работу, свае амурныя справы і адна ідзе на могільнік Манпарнас да нябожчыка-лейтэнанта, якога ніколі не бачыла… Я думаю, вы цяпер пераканаліся ў справядлівасці маіх слоў. Гэта гісторыя надта сентыментальная для нашага часу.

Некалькі хвілін усе маўчалі, потым Бертран Шміт сказаў:

– На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкі для тых, хто яе варты.

Добры вечар, дарагая

– Ты куды, Антуан? – запытала мужа Франсуаза Кеснэ.

– Пайду на пошту. Здам заказное і выведу пагуляць Маўглі… Дождж перастаў. Хмары над Ментонай распаўзліся. Бярэцца на пагоду.

– Доўга не баўся. Я запрасіла на абед Сабіну Ламбер-Леклерк з мужам… Ну так, я прачытала ў «Эклерэры», што яны прыехалі ў Ніццу на некалькі дзён. Вось я і напісала Сабіне…

– Ах, Франсуаза! Навошта?.. Палітыка, якую праводзіць яе муж, мне агідная, і сама Сабіна…

– Не бурчы, Антуан… Ты ж не скажаш, што Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай…

– Вось іменна… І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона…

– І зусім яна не матрона, – адказала Франсуаза. – Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо… Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.

– Ты хоць бы параілася са мной… Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.

– Шчаслівай прагулкі! – весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.

Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр – ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:

– Разбэсцілася Франсуаза… Проста нельга цярпець… І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова… Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта… І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі… Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..

Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, – на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.