Выбрать главу

– Вы яе ведалі, гэтую баранесу Дакенвіль? – запытала Ізабэла.

– Бадай-што не… Помню, нейк раз ці два ў Руане заходзіў туды з Дэнізай. Непрытульны, страшэнна запушчаны дом…

– Тады чаму яе дачка вам піша, і ў такім сентыментальным тоне?

– Каб ёй паспачувалі. Яна адна з тых істот, што нават няшчасце выкарыстоўваюць для самарэкламы… І тым больш камічна, што пры жыцці яна гэту «бедную маму» адно што не біла, так люта з ёю абыходзілася.

– Чаму люта?

– Дакенвілі разарыліся; у мадам Герэн, якая, раз за разам, двойчы выходзіла замуж, было шмат грошай… Яна падкідвала сёе-тое сваёй маці, але скупа, толькі на пражыццё, і за гэтую сваю падачку крыўдзіла яе і зневажала, як хацела… Жахлівая рэч!..

Крыху падумаўшы, Бертран дадаў:

– І не толькі зневажала, а нахабна выкарыстоўвала ў сваіх інтарэсах.

– Як гэта?

– Даўняя гісторыя… Першы раз мадам Герэн выйшла замуж за нейкага беднага хлопца, па прозвішчу Герпэн, бацьку Дэнізы… Яна яго абдурвала спачатку з афіцэрам, потым з Герэнам, тады халасцяком… А каб спатканні не кідаліся ў вочы, трэба было напусціць туману… Бедная мама, выдрэсіраваная як мае быць, прыкрывала грахі сваёй дачушкі і, я амаль упэўнены, наладжвала любоўныя гульні ў сваім доме. Карацей кажучы, стала зводніцай.

– Жанчынам падабаецца зводзіць, разводзіць, – летуценна прамовіла Ізабэла. – Не адна яна.

– Але ў баранесы Дакенвіль такое патуранне было ў характары. Яшчэ ў маладосці яе празвалі «Падатлівыя ножкі»… Мой дзед, чалавек строгіх звычаяў, пляваўся, гаворачы аб ёй. Ну, гэта ўжо занадта. Проста яна была дурная, як бот.

– Але ж, Бертран, трэба напісаць нейкае слова спачування.

– Вы думаеце? І што мне сказаць?.. Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег…

– Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.

Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:

«Шаноўная пані, – напісаў ён, – ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, – усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі…»

Ён працягнуў аркуш Ізабэле:

– Чытайце. Па-мойму, гэта чысты здзек.

Ізабэла шпарка прагледзела ліст і, вяртаючы яго Бертрану, сказала з здавальненнем і зусім сур'ёзна:

– Гэта якраз тое, што трэба.

Біяграфія

Вялізная сталовая была слаба асветлена завешанымі лямпамі. У гэтым годзе ў Лондане ўсталяваўся звычай абедаць у паўзмроку. Эрвэ Марсена, адшукаўшы сваё месца, убачыў, што ён сядзіць каля вельмі старой жанчыны, убранай у жэмчуг, лэдзі Хемптан. Ён не выявіў нездавальнення. Пажылыя жанчыны бываюць паблажлівыя і часам расказваюць цікавыя гісторыі. Ну, а гэта, калі меркаваць па яе косым насмешлівым позірку, не была пазбаўлена жвавасці і гумару.

– На якой мове вы жадаецце размаўляць, пан Марсена?.. Па-французску ці па-ангельску?

– Калі вам усё роўна, лэдзі Хемптан, мне лепш па-французску.

– А пішаце вы больш на ангельскія тэмы. Я чытала вашу кнігу пра Джозэфа Чэмберлена. Вельмі мяне забавіла, бо ўсіх гэтых людзей я ведала… А цяпер што вы мяркуеце рабіць?

Малады француз уздыхнуў:

– Мне б хацелася намаляваць вобраз Байрана, але аб ім ужо столькі напісана. З навінкамі я азнаёміўся грунтоўна. Захаваліся пісьмы Мэры Шэлі, паперы графіні Гвічыёлі, але ўсё гэта апублікавана. Мне б што-небудзь свежае, невыдадзенае, а толькі дзе яго знойдзеш.