– Антуан, ты павінен пайсці з Сабінай да манастыра, паказаць ёй віды…
– А мы ўсе чацвёра пойдзем.
– Не, не, – запярэчыла Сабіна. – Франсуаза прапануе разумна… Трэба аддзяліць мужоў ад жонак… Весялей будзе.
Яна паднялася. Антуан быў вымушаны суправаджаць яе, люта глянуўшы на Франсуазу. Тая і вокам не павяла, быццам не заўважыла.
«Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, – думаў ён. – Вытурылі мяне на добрыя паўгадзіны аднаго з гэтай жанчынай… Яна, напэўна, скарыстае момант і будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год… Забаўна!.. Уліп, называецца… І няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты міністр, надзьмуты, як індык, пусціўся да яе ў залёты?»
– Як цудоўна пахне! Што гэта? – запытала Сабіна Ламбер-Леклерк.
– Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былі, абсаджана апельсінамі, лімонамі, гліцыніямі і ружамі… Але нашы ружы здзічэлі, прыйдзецца зноў іх прышчапляць… Калі ласка, уніз па гэтай дарожцы…
– А вы самі не здзічэлі тут, Антуан, адзінокі, забыты?
– Я?.. Я заўсёды быў дзікуном… Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямі басейна – зараснікі цынерарый… Прынцып планіроўкі саду – супрацьпаставіць колерам цёмным – фіялетаваму, сіняму – ярка-жоўтыя сонечныя плямы… Ва ўсякім разе такой была задума Франсуазы… Тут на схіле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры – жаўтазель, масцікавае дрэва, папараць, царская карона…
– Мне прыемна пабыць з вамі адной, Антуан… Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былі вялікімі сябрамі перад тым, як вы з ёю сустрэліся… Вы яшчэ не забылі?
На ўсякі выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блізка.
– Як можна, Сабіна!.. Вядома, успамінаю… Не, ідзіце прама, ніякага павароту, зараз будзе масток… Вось і манастыр… Што за кветкі паміж пліт? А гэта браткі, звычайныя браткі…
– А вы помніце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлі дадому ў машыне вашага дзеда… Мае бацькі ўжо спалі; мы разам увайшлі ў маленькую гасціную, і вы, не сказаўшы ні слова, абхапілі мяне, і мы, шчаслівыя, закружыліся ў танцы.
– У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?
– Здаецца!.. Мы цалаваліся цэлую гадзіну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былі маім героем.
– Падмануў я вас, ашукаў!..
– Наадварот, у пачатку вайны вы былі такім малайцом!.. Вы мне так падабаліся!.. Я помніла ўсе вашы ўзнагароды. Я і цяпер іх помню, магу вам назваць… Потым, калі вас паранілі на фронце і, папраўляючыся, вы абручыліся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкі. Што ж тут дзіўнага!.. Я вамі так захаплялася! Калі я ўгледзела, што вы жэніцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзівілася, я засмуцілася… І не толькі я – увесь горад…
– Але чаму?.. Франсуаза і я – мы людзі аднаго кола, добра падабраная пара… Палюбуйцеся, Сабіна: гэта сцяна, усыпаная агнямі – скала Манака… Не нахіляйцеся!.. Тэраса крутая і над самым морам… Асцярожна, Сабіна!..
Міжвольна ён прытрымаў яе за талію. У тое ж імгненне яна павярнулася і горача пацалавала яго ў губы.
– Тым горш, Антуан… Я тады страшэнна раўнавала… Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любіш!.. А помніце, як мы цалаваліся, гуляючы ў тэніс?.. О! Вас гэта шакіруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былі верным мужам…
– Самым верным… Ні разу не саграшыў…
– За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. І вы былі шчаслівы?
– Вельмі шчаслівы.
– Тады ўсё к лепшаму, даражэнькі Антуан… А толькі цікава тое, што выгляд ваш зусім не сведчыць аб шчасці.
– З чаго вы ўзялі?
– Сама не знаю… Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасці ці што… І ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергічны, гаспадар… І вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў… Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалі густам вашай жонкі. Але не можа быць, каб вы не шкадавалі аб гэтым?
– Магчыма, спачатку, калі выехаў, і сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут іншае поле дзейнасці. Я заўсёды захапляўся гісторыяй… Я працую… Апублікаваў некалькі кніг, якія мелі пэўны поспех.
– «Пэўны поспех»? Яны мелі надзвычайны поспех, Антуан, гэта – выдатныя кнігі… Асабліва ваш «Людовік Адзінаццаты»…
– Вы іх чыталі?
– Каб я ды не чытала! Мо сто разоў… Спачатку таму, што, як і вы, люблю гісторыю… А потым шукала ў іх вас. Я ніколі не была раўнадушнай да вас, Антуан… Вы – цудоўны пісьменнік… Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калі за абедам Франсуаза не прамовіла ні слова пра творчы бок вашага жыцця… Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнігах, Франсуаза яго спыніла. Па-мойму, яна павінна ганарыцца вашымі кнігамі…