– А чым тут асабліва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цікавіцца маімі работамі гэтага кірунку. Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галіне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнітур, навесці парадак у садзе… Уявіце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцік дагледжаны ёю асабіста… З таго часу як крызіс закрануў Пон-дэ-Лёр і нашы прыбыткі намнога ўпалі, Франсуаза ўсё робіць сама.
– «Франсуаза ўсё робіць! У Франсуазы выключны густ!» І што смяшней за ўсё, ён у гэта верыць!.. Ах, які вы непераборлівы чалавек, Антуан! Я ж ведала Франсуазу дзяўчынкай… Тады ў яе не было ніякага густу… альбо не, была прагнасць да розных цацак, бляшак, аздоб… Нешта манернае, штучнае… Гэта вы яе выхавалі, прывучылі да хараства ліній строгіх, натуральных, да парадку… І што самае галоўнае, гэта вы далі ёй сродкі, каб яна магла жыць, не абмяжоўваючы сябе… Яе вячэрняе плацце – прыгожае, якраз па фігуры, але не забывайце, мілы мой, што гэта плацце ад Скіпарэлі… А там лёгка праявіць густ.
– Вы памыляецеся, Сабіна… Гэта плацце Франсуаза пашыла сама разам са служанкай.
– Дзіва што! Хто вам дасць веры! Даражэнькі Антуан, не расказвайце падобных баек жанчыне… Ёсць тэхнічныя тонкасці – розныя вытачкі, складкі… Апроч таго, атэлье Скіпарэлі ахоўвае свае сакрэты: спалучэнне залацістых гузікаў са стракатым барвенкам могуць вынайсці толькі там… Але гэта не мае значэння…
– На жаль, гэта мае большае значэнне, чым вы думаеце… Я вам сказаў, прыбыткі нашы зусім не тыя, што былі раней… Далёка не тыя! Пон-дэ-Лёр не дае мне нічога, і Бернар піша, што гэты спад можа цягнуцца некалькі год… Ну, кнігі мае разыходзяцца нядрэнна… Я надрукаваў некалькі артыкулаў… Але гэтага мала, каб бедная Франсуаза магла заказваць плацці ў модных атэлье.
– Тады гэта цуд, даражэнькі Антуан… Цуд, недаступны розуму… З пашанай схіляю галаву… Між іншым, я заўсёды адчувала прыхільнасць да Франсуазы… Толькі ніяк не магла зразумець, чаму яе людзі не любяць.
– А хіба яе не любяць людзі?
– Ненавідзяць… Вы што, не ведалі? Мяне страшэнна здзівіла, што і ў Ніццы яе асуджаюць гэтак жа, як і ў Пон-дэ-Лёры.
– За што ж яе асуджаюць?
– О! Усё тое самае. Эгаістка… З мужчынамі – какетка, з жанчынамі – хітруля. За крывадушнасць… Нарэшце, адсутнасць такту… Я яе заўсёды абараняла. Яшчэ школьніцай, калі мы жылі разам у інтэрнаце Сэн-Жана, я казала: Франсуаза Паскаль-Бушэ куды лепшая, чым здаецца на выгляд… Непрыемны голас і фальшывы тон, вось што ў ёй абурае…
– Вы знаходзіце, што ў яе непрыемны голас?
– Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць… Зрэшты, гэта не яе віна, і я не папракаю… Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапіўшы сабе такога мужа, як вы, яна…
– Што яна?
– Ды так, нічога…
– Вы не маеце права, Сабіна, пачынаць фразу з намёкам і абрываць яе. Ці не шапнулі вам вашы інфарматары, што ў Франсуазы былі палюбоўнікі?
– Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?
– Зусім сур'ёзна, магу вас запэўніць…
– Вы ведаеце добра, мой мілы, што гэтак гавораць пра ўсякую прыгожую жанчыну… Хто яго знае?.. Бывае дым і без агню… Франсуаза неасцярожная. Прыпамінаю, што ў Пон-дэ-Лёры сцвярджалі нават, што яна кахала вашага брата.
– Бертрана?
– Ну так, Бертрана.
– Чыстае ідыёцтва… Бертран увасабленне сумленнасці.
– Я ім гэта сто разоў паўтарала… Франсуаза і не здагадваецца, што я самы шчыры яе абаронца… А што там за матылькі беленькія мільгаюць у месячным святле?
– Гэта павой.
– Цудоўна! Евангельскія ліліі даліны, ці ж няпраўда?
– Я б гэтага не сказаў… А ці не пара нам вярнуцца?.. Мабыць, нас чакаюць…
– Куды вы так спяшаецеся, Антуан?.. Я б ахвотна правяла з вамі ўсю ноч у гэтым садзе.
– Я, здаецца, азяб.
– Дайце мне вашу руку… О, ды яна як лёд!.. Дазвольце, я прыкрыю вас лёгенька сваім плашчом?.. І мы б маглі гэтак жыць, сэрца к сэрцу, увесь век… Вы аб гэтым не шкадуеце, Антуан?
– Што я магу вам сказаць, Сабіна?.. А вы? Вы шчаслівая?
– Вельмі шчаслівая… Гэтак жа, як і вы, даражэнькі Антуан, гэта значыць, з адчаем у сэрцы… Гэта сцежка вядзе ўгору, праўда?.. Ад вас мне няма чаго таіць… Я доўгі час сабе жадала смерці… Цяпер яно лепш… Я супакоілася… Вы таксама.
– Якая вы здагадлівая, Сабіна!
– Не забывайце, што я вас калісьці любіла, Антуан… Гэта абвастрае зрок… Падтрымайце мяне, калі ласка… Гэты пад'ём даволі круты… Скажыце мне, Антуан, калі вы нарэшце агледзеліся? Калі вы ўбачылі Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жаніліся, вы былі сам не свой, яна вам свет завязала.