Выбрать главу
* * *

Прыгожыя бронзавыя дзверы ліфта бясшумна зачыніліся.

– Уніз! – загадаў Жан Манье.

– Ну як «Стыл»? – пацікавіўся хлопчык-ліфцёр.

– Пяцьдзесят дзевяць, – адказаў Манье.

Ён купляў гэтыя акцыі па сто дванаццаць даляраў. Пяцьдзесят тры даляры страты на кожнай. І з другімі яго акцыямі не лепш. Ён уклаў у іх усю сваю невялікую маёмасць, набытую ў Арызоне. У Фані ж ніколі не было і цэнта. Так, гэта канец… Апынуўшыся на вуліцы, ён шпарка пайшоў да метро, прабуючы ўявіць сабе будучыню. Пачынаць усё спачатку? Гэта магчыма, калі б Фані праявіла цярпенне і мужнасць. Ён успомніў, як ён змагаўся, як пасвіў жывёлу ў стэпах Арызоны і даволі скора разбагацеў. Зрэшты, яму ўсяго толькі трыццаць год. Але ён ведаў, што ў Фані літасці няма.

Так яно і здарылася.

Калі назаўтра раніцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзіноце, ён адчуў, што сілы яго пакідаюць. Хоць Фані была і бяздушная жанчына, але ён яе любіў. Негрыцянка прынесла яму снеданне – рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дыні, і папрасіла грошай.

– Дзе гаспадыня, містэр?

– Паехала.

Ён даў ёй пятнаццаць даляраў і падлічыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры… А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнім часам, амаль кожны дзень, у газетах пісалася пра самагубствы. Банкіры, служачыя, біржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбіралі смерць як адзіны ратунак. Скінуцца з дваццатага паверха? Колькі секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце і раструшчанае цела… А калі не памрэш адразу? І ён уявіў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косці, садранае мяса… Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету і пайшоў у рэстаран. І вельмі здзівіўся, што з апетытам з'еў блінцы, палітыя кляновым сіропам.

* * *

– «Гатэль «Танатос[1] Палац», Нью-Мексіка…» Дзіўны адрас… Хто мне можа адтуль пісаць?

Было і яшчэ адно пісьмо, ад Гары Купера. Ён прачытаў яго першым. Шэф пытаўся, чаму ён не з'явіўся ў кантору. Ён павінен вярнуць у касу восемсот дзевяноста тры даляры (893)… І якія яго меркаванні на гэты конт?.. Пытанне жорсткае альбо наіўнае. Але ж наіўнасць не была адною з заган Гары Купера.

Ён распячатаў другое пісьмо. Наверсе з густам зробленая гравюрка – тры кіпарысы, а ніжэй тэкст.

ГАТЭЛЬ «ТАНАТОС ПАЛАЦ»
Дырэктар – Генры Берстэкер
Дарагі пан Манье!

Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткі аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугі могуць Вам спатрэбіцца.

Вы не маглі, вядома, не заўважыць, што ў жыцці нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такія фатальныя акалічнасці, з якімі нельга змагацца, і тады прыходзіць думка аб смерці, як аб жаданым ратунку.

Заплюшчыць вочы, заснуць, каб ніколі больш не прачынацца, не чуць ні пытанняў, ні папрокаў… Многія з нас мелі такое жаданне, марылі аб гэтым… Аднак, за вельмі рэдкім выключэннем, людзі не адважваюцца вызваліцца ад сваіх пакут, і гэта зусім зразумела, калі ўспамінаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабіць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзін хацеў пусціць сабе кулю ў лоб, а зачапіў зрокавы нерв і аслеп. Другі, жадаючы навекі заснуць, выпіў снатворнага, але памыліўся дозай і прачнуўся дні праз тры паралізаваны, без памяці, з хваробай мозгу. Самагубства – гэта мастацтва, якое патрабуе культуры і не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.

Маючы гэтакі вопыт, дарагі пан Манье, і, спадзеючыся, што закранутая намі праблема Вас цікавіць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугі. З'яўляючыся ўладальнікамі гатэля, які знаходзіцца на граніцы Злучаных Штатаў і Мексікі і, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасці, пазбаўлены афіцыйнага кантролю і дакучлівых прыватных візітаў, мы прыйшлі да пераканання, што наш абавязак – дапамагаць чалавецтву і тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных і няўхільных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут і, асмелімся сцвярджаць, без усякай рызыкі.

У гатэлі «Танатос Палац» смерць спаткае Вас у сне далікатна і без болю. Тэхнічная спрактыкаванасць, набытая намі за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькі за апошні год мы абслужылі больш за дзве тысячы кліентаў), дазваляе нам гарантаваць і надзейнасць дазіроўкі і хуткі рэзультат. Дададзім таксама, што кліентаў, якіх мучаць сумленне альбо перакананні рэлігійнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намі адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасці.

Мы вельмі добра ведаем, што большасць нашых кліентаў абмежавана ў сродках, бо схільнасць да самагубства, як правіла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскім рахунку. А таму, ніколькі не ахвяруючы камфортам, мы давялі расцэнкі «Танатоса» да мінімуму. Каб пасяліцца ў нас, даволі трохсот даляраў, якія ўносяцца адразу. Гэты невялікі ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмін Вашага знаходжання ў нашым гатэлі – тэрмін, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце – і пакрые выдаткі па самой аперацыі, па пахаванню і па нагляду за магілай.

вернуться

1

Танатос – бог смерці ў старажытных грэкаў.