– З Барселоны ў Новую Мексіку! Нішто сабе махнуў!
– О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькі карткі, якія я папрашу вас запоўніць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калі ласка, даруйце, сэр.
Ён падаў гасцям друкаваныя бланкі, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў і падрабязных тлумачэнняў. Кліентам прапаноўвалася дакладна запісаць дату і месца свайго нараджэння, а таксама прозвішчы асоб, якіх трэба апавясціць у выпадку няшчаснага здарэння.
«Просьба прыкласці адрасы сваякоў ці сяброў (самае меншае – два) і абавязкова перапісаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма А):
Я, ніжэйпадпісаны……, будучы пры сваім розуме і ў цвёрдай памяці, сцвярджаю і сведчу, што сам добраахвотна расстаюся з жыццём, а таму здымаю цалкам з дырэкцыі ўсякую адказнасць, калі са мною што здарыцца…»
Седзячы за суседнім столікам адна адной насупраць, дзве прыгожанькія спадарожніцы Жана Манье старанна перапісвалі форму. Ён заўважыў, што яны выбралі нямецкі тэкст.
Дырэктар гатэля Генры Берстэкер, спакойны чалавек у акулярах з залатой аправай, вельмі ганарыўся сваім адмысловым пансіянатам.
– Гэта ваш гатэль? – запытаў яго Жан Манье.
– Не, сэр, – гэта ўласнасць акцыянернага таварыства, але ідэя сапраўды мая, і я прызначаны яго дырэктарам пажыццёва.
– А як вам удаецца пазбегнуць непрыемнасцей з боку мясцовых улад?
– Непрыемнасцей! – здзівіўся Генры Берстэкер, страшэнна шакіраваны. – Але ж мы не робім нічога, што супярэчыла б звычайным абавязкам гаспадароў гатэля. Мы даём нашым кліентам тое, чаго яны хочуць, і толькі… Зрэшты, пан Манье, ніякіх мясцовых улад тут няма. Гэта тэрыторыя так дрэнна размешчана, што ніхто дакладна не ведае, каму яна належыць – Мексіцы ці Злучаным Штатам. Доўгі час гэта плато лічылася недаступным. Існуе легенда, што некалькі стагоддзяў таму назад сюды ўцяклі рэшткі аднаго індзейскага племені, каб памерці разам, ратуючыся ад эўрапейцаў, і тутэйшыя жыхары кажуць, што душы іх вартавалі калісьці гару, не дазваляючы нікому падняцца. З гэтай прычыны нам і ўдалося купіць тут зямлю па сходнай цане, каб жыць вольна і незалежна.
– А сем'і вашых кліентаў ніколі не падавалі на вас у суд?
– Падаваць на нас у суд? – абразіўся Берстэкер – Божа праведны, а за што? Хто нас можа судзіць? Наадварот, сэр, сем'і нашых кліентаў рады, што нам без усякага скандалу ўдаецца вызваліць іх ад праблем далікатных і, часта, вельмі пакутлівых. Не, не, сэр, мы ўсё гэта робім хораша, карэктна, нашы кліенты – нашы лепшыя сябры… Можа, вы жадаеце паглядзець свой пакой? Калі вы не супраць, мы вас змесцім у нумар сто трынаццаты. Спадзяюся, вы не верыце ў прыкметы?
– Ніколькі, —адказаў Жан Манье. – Але я выхаваны ў строгіх рэлігійных правілах, і, шчыра прызнаюся, думка аб самагубстве мяне трывожыць.
– Што вы, сэр! Якое самагубства! Аб гэтым і размовы не можа быць, – сказаў Берстэкер такім безапеляцыйным тонам, што яго субяседнік адразу сціх. – Сарконі, праводзьце пана Манье ў нумар сто трынаццаты. А што датычыцца трохсот даляраў, калі ласка, сэр, аддайце іх па дарозе нашаму касіру, кабінет якога знаходзіцца побач з маім.
Дарэмна шукаў Жан Манье ў нумары 113, цудоўна асветленым аранжавым захадам сонца, слядоў якіх-небудзь смертаносных прылад.
– Калі ў вас вячэра?
– У восем трыццаць, сэр, – адказаў слуга.
– Пераадзявацца трэба?
– Большасць джэнтльменаў трымаецца гэтага правіла, сэр.
– Добра. Я пераадзенуся. Падрыхтуйце мне чорны гальштук і белую сарочку.
Увайшоўшы ў салон, Манье сапраўды ўбачыў дэкальтаваных дам і мужчын у смокінгах.
Да яго адразу ж падышоў пан Берстэкер, прыветлівы і пачцівы.
– О, пан Манье… Вы з'явіліся… А я вас шукаў… Паколькі вы адзін, я падумаў, ці не будзе вам прыемней павячэраць у кампаніі з адной нашай кліенткай, місіс Кірбі-Шоў.
Манье з незадавальненнем паморшчыўся:
– Я прыехаў сюды не затым, каб весці свецкае жыццё… Але ўсё роўна… Вы можаце паказаць мне гэтую даму, не знаёмячы з ёю?
– Вядома, пан Манье… Місіс Кірбі-Шоў – вунь тая маладая жанчына ў белым крэп-сацінавым плацці, што сядзіць каля піяніна і гартае часопіс. Мне не верыцца, каб яе фізічны выгляд каму-небудзь не спадабаўся… Хутчэй наадварот… Гэта – на рэдкасць прыемная дама, добра выхаваная, інтэлігентная, з артыстычнай душой…
Сапраўды місіс Кірбі-Шоў была вельмі прыгожая жанчына. Цёмныя валасы ў дробных буклях звісалі аж да патыліцы, адкрываючы высокі лоб. Вочы разумныя, цёплыя, мяккія. На якога чорта гэта мілая істота надумалася шукаць сабе смерці?
– Няўжо і місіс Кірбі-Шоў?.. Што, хіба і гэтая дама прыехала да вас, як і я, з той жа мэтай?