Выбрать главу

– Напэўна, – адказаў пан Берстэкер і шматзначна падкрэсліў: – На-пэў-на.

– Калі так, пазнаёмце мяне.

Пад канец вячэры, простай, але выдатнай і цудоўна сервіраванай, Жан Манье ўжо ведаў амаль усё галоўнае з біяграфіі Клары Кірбі-Шоў. Яна выйшла замуж за чалавека багатага, добрага па натуры, якога не любіла. Пакінуўшы яго паўгода назад, яна выехала ў Эўропу з адным вельмі прывабным і цынічным маладым пісьменнікам, з якім сустрэлася ў Ню-Ёрку. Яна думала, што гэты малады чалавек ажэніцца з ёю, як толькі яна атрымае развод, але, апынуўшыся ў Ангельшчыне, ён даў ёй зразумець, што яна яму надакучыла і не патрэбна. Абражаная і пакрыўджаная яго жорсткасцю, яна паспрабавала растлумачыць яму, што дзеля яго ахвяравала ўсім і становішча яе жудаснае. Ён нахабна рассмяяўся:

– Клара, вы сапраўды жанчына мінулага стагоддзя, – сказаў ён, здзекуючыся. – Калі б я падазраваў, што вы так нашпігаваны віктарыянскімі поглядамі, я б не звязваўся з вамі, не забіраў бы вас ад мужа і дзяцей. Мілая мая, вам трэба вярнуцца. Ваша прызванне – мець кучу дзяцей і няньчыць іх.

Тады яна ўхапілася за апошнюю надзею – угаварыць свайго мужа, Нормана Кірбі-Шоў, каб той узяў яе назад. Яна была ўпэўнена, што, спаткаўшыся з ім вока на вока, здолее крануць яго сэрца і дабіцца свайго. Аднак Норман, абкружаны зграяй сваякоў і кампаньёнаў, варожа настроеных супраць Клары, якія сачылі за кожным яго крокам, быў няўмольны. Пасля некалькіх дарэмных спроб, зняважаная, даведзеная да адчаю, аднойчы раніцай яна знайшла ў сваёй паштовай скрынцы праспект гатэля «Танатос» і зразумела, што гэта адзіны спосаб, хуткі і лёгкі, вырвацца з той страшнай пасткі, у якую яна трапіла.

– А вы не баіцеся смерці? – запытаў Жан Манье.

– Вядома, баюся… Але яшчэ больш мяне пужае жыццё.

– Дасціпны адказ, – заўважыў Манье.

– Гора навучыць, – уздыхнула Клара. – А цяпер раскажыце мне, як вы тут апынуліся.

Выслухаўшы расказ Жана Манье, яна яго строга адчытала.

– Не магу паверыць! – сказала яна. – Як?.. Вы хочаце памерці толькі таму, што панізілася цана вашых акцый? Няўжо вы не разумееце, што праз год, праз два, самае большае праз тры, калі ў вас хопіць мужнасці жыць, вы ўсё гэта забудзеце і, можа, нават вернеце свае страты?..

– Мае страты – не галоўная прычына. Гэта сапраўды не мела б значэння, каб у маім жыцці захаваўся які-небудзь сэнс… Але я ўжо казаў вам, што ад мяне адмовілася жонка… У Францыі ў мяне няма ні блізкай радні, ці сябровак. І яшчэ, каб ужо да канца быць шчырым, скажу, – я калісьці пакінуў сваю бацькаўшчыну праз адну вялікую няўдачу ў каханні. За каго ж мне цяпер змагацца?

– Як за каго? За самога сябе… За тых, хто вас пакахае, а ўсё гэта яшчэ будзе на вашым шляху… Калі вы пераканаліся, што некаторыя жанчыны ў цяжкую для вас хвіліну паводзілі сябе агідна, не судзіце несправядліва аб усіх іншых.

– Вы сур'ёзна думаеце, што на свеце ёсць жанчына… Я хачу сказаць, жанчыны, якіх я мог бы пакахаць… і якія згадзіліся б некалькі гадоў жыць у галечы, у беднасці, у пастаянным змаганні?..

– Я ў гэтым упэўнена, – сказала яна. – Ёсць жанчыны, якія любяць барацьбу, а ў беднасці знаходзяць для сябе нават нейкую рамантычную асалоду… Напрыклад, я.

– Вы?

– О, я толькі хацела сказаць, што…

Засаромеўшыся, яна абарвала размову, потым дадала:

– Мне здаецца, нам пара вярнуцца ў салон. У сталовай мы засталіся адны, і метрдатэль ходзіць вакол нас, як на іголках.

– А вы не думаеце, – запытаў Жан Манье, накідваючы на плечы Клары Кірбі-Шоў гарнастаевы паланцін, – вы не думаеце… што ў гэтую ноч?..

– О не, – сказала яна. – Вы ж толькі што прыехалі…

– А вы?

– А я ўжо тут два дні.

Развітваючыся, яны дамовіліся заўтра раніцай зрабіць невялічкую прагулку ў горы.

* * *

Ранішняе сонца паклала наўскос на веранду свой прамяністы абрус. Жан Манье, асвяжыўшыся пад ледзяным душам, злавіў сябе на думцы: «Да чаго ўсё ж такі добра жыць на свеце!..» Але тут ён успомніў, што ў яго засталося ўсяго некалькі даляраў і некалькі дзён жыцця. Ён уздыхнуў:

«Ужо дзесяць гадзін!.. Клара, напэўна, мяне чакае…»

Ён паспешна адзеўся і ў белым палатняным касцюме адчуваў сябе бадзёра і лёгка. Ён знайшоў Клару Кірбі-Шоў каля тэніснай пляцоўкі, яна таксама была ў белым і гуляла ў суправаджэнні дзвюх маладзенькіх аўстрыек, якія ў момант разбегліся, убачыўшы француза.

– Я іх напалохаў?

– Дзяўчаткі вельмі баязлівыя… Яны мне расказалі сваю гісторыю.

– Цікава!.. Спадзяюся, вы мне яе перакажаце… Вы хоць трошкі спалі ўночы?

– О так, і даволі моцна. Мне здаецца, гэты хітры Берстэкер нам чагосьці падсыпае на сон.