– Не думаю, – сказаў ён. – Спаў я нармальна і прачнуўся зусім здаровы.
Праз хвіліну ён дадаў:
– І вельмі шчаслівы.
Яна зірнула на яго з усмешкай і прамаўчала.
– Давайце пойдзем гэтаю сцежкай, – параіў Манье, – і вы мне раскажаце пра маладзенькіх аўстрыек… Вы будзеце маёй Шэхеразадай…
– Але ў нас не будзе тысячы і адной ночы.
– У нас?.. Вы кажаце… у нас?.. Эх!..
Яна спыніла яго:
– Дзяўчынкі гэтыя – блізняты, дзве сястры. Яны разам выхоўваліся, спачатку ў Вене, потым у Будапешце, і не было ў іх ніякіх блізкіх сяброў. У васемнаццаць год ім папаўся нейкі венгерац, арыстакрат, са знатнай фаміліі, прыгожы, як анёл, і музыкальны, як цыган, і абедзве адразу страшэнна закахаліся ў яго. Праз некалькі месяцаў ён пасватаўся да аднае з сясцёр. Другая з роспачы прабавала ўтапіцца, але няўдала. Тады тая, якой граф Нікі зрабіў прапанову, вырашыла адмовіць яму. І сентыментальныя дзяўчынкі надумаліся памерці разам. А тут якраз падаспеў, як мне і вам, праспект гатэля «Танатос».
– Якое вар'яцтва! – сказаў Жан Манье. – Яны ж маладыя і прыгожыя… Ну чаму б ім не жыць у Амерыцы, хіба на свеце мала добрых хлопцаў, якіх можна палюбіць? Трошкі цярпення, і ўсё наладзілася б…
– Сюды якраз і едуць тыя, у каго няма цярпення, – журботна прамовіла Клара. – Усе мы разважаем разумна, калі справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасці перажыць чужое ліха.
Цэлы дзень жыхары «Танатоса» маглі назіраць, як двое ў белым, мужчына і жанчына, блукалі па алеях парка, каля падножжа скал і над прорвай. Яны горача аб нечым спрачаліся… І толькі, калі пачало змяркацца, накіраваліся ў гатэль.
Садоўнік-мексіканец, убачыўшы, што яны ідуць абняўшыся, сарамліва адвярнуўся.
Пасля вячэры Жан Манье прывёў місіс Кірбі-Шоў у маленькую пустую гасціную і там увесь вечар нешта шаптаў ёй, і гэта, здавалася, яе вельмі кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваім кабінеце, сядзеў у крэсле і гартаў вялікую чорную кнігу. Пан Берстэкер правяраў рахункі і час ад часу чырвоным алоўкам закрэсліваў у кнізе радок.
– Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?
– О так, пан Берстэкер… Ва ўсякім разе я спадзяюся… Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзівіць… Перамена такая раптоўная… Але жыццё ёсць жыццё… Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў… Я не хачу паміраць.
Пан Берстэкер вытрашчыў на яго вочы.
– Вы гэта сур'ёзна гаворыце, пан Манье?
– Я добра разумею, – гаварыў француз, – што вы палічыце мяне чалавекам непаслядоўным і нерашучым… Але ж яно зусім натуральна, што пры новых абставінах мяняюцца і нашы жаданні… Тыдзень таму назад, калі я атрымаў ваша пісьмо, я быў у адчаі, адчуваў сябе адзінокім… Мне здавалася тады, што няма ніякага сэнсу змагацца… Сёння ўсё перайначылася… І гэта дзякуючы вам, пан Берстэкер.
– Дзякуючы мне?
– Так, бо гэты цуд стварыла тая самая маладая асоба, з якою вы пасадзілі мяне за адзін стол. Місіс Кірбі-Шоў – чароўная жанчына, пан Берстэкер.
– Я ж вам казаў, пан Манье.
– Чароўная і гераічная… Даведаўшыся, у якім цяжкім становішчы я апынуўся, яна згадзілася падзяліць са мной пакуты майго жыцця… Вас гэта здзіўляе?
– Ніколькі… Мы тут прывыклі да ўсякіх нечаканых перамен… І я рад за вас, пан Манье… Вы яшчэ такі малады, вельмі малады…
– Дык вось, калі вы нічога не маеце супраць, заўтра мы з місіс Кірбі-Шоў выедзем адгэтуль у Дымінг.
– Значыць, місіс Кірбі-Шоў таксама адмаўляецца ад…?
– Ну вядома… Зараз яна будзе ў вас і сама вам пацвердзіць… Застаецца ўладзіць яшчэ адно пытанне, даволі далікатнае… Трыста даляраў, якія я вам заплаціў, гэта амаль усе мае грошы… Растлумачце, калі ласка, цалкам і поўнасцю яны пераходзяць «Танатосу» ці я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купіць білеты на дарогу?
– Мы людзі сумленныя, пан Манье… І бяром плату толькі за тое, што зроблена намі рэальна. Заўтра раніцай касір падагуліць ваш рахунак з разліку дваццаць даляраў у суткі за нумар і абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкі.
– Ваша спагада і велікадушнасць… Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам і дзякаваць! Мне ізноў засвяціла шчасце… Новае жыццё…
– Да вашых паслуг, – сказаў пан Берстэкер.
Жан Манье выйшаў з кабінета і накіраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за ім, потым націснуў кнопку званка і распарадзіўся:
– Прышліце да мяне Сарконі.
Праз некалькі хвілін увайшоў парцье.
– Я вам патрэбен, сіньёр дырэктар?
– Так, вы мне патрэбны, Сарконі… Сёння ўночы пусціце газ у нумар сто трынаццаты… Гадзіны ў дзве.