Выбрать главу

– Загадаеце, сіньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?

– Думаю, што не трэба… Ён будзе спаць моцна… На сёння ўсё, Сарконі… А заўтра, як і дамовіліся, дзве дзяўчынкі з семнаццатага.

Парцье выйшаў, і ў дзвярах кабінета з'явілася місіс Кірбі-Шоў.

– Заходзь, – сказаў Берстэкер. – Якраз я збіраўся цябе паклікаць. Твой кліент ужо быў у мяне, папярэдзіў, што хоча выехаць.

– Мне здаецца, я заслугоўваю пахвалы, – абазвалася Клара. – Чыстая работа, праўда?

– І хуткая… Я гэта ўлічу.

– Значыць, сёння ўночы яго…?

– Так, сёння ўночы.

– Бедны хлопчык! – уздыхнула яна. – Такі рамантычны, душэўны…

– Усе яны душэўныя, – сказаў Берстэкер.

– Жорсткі ты чалавек, – папракнула Клара, – толькі ў іх абуджаецца смак да жыцця, ты іх адпраўляеш на той свет.

– Жорсткі?.. Наадварот. У гэтым і ёсць сутнасць нашага гуманнага метаду… У небаракі былі сумненні рэлігійнага парадку… Я яго супакоіў.

Ён паглядзеў у спісак:

– Заўтра табе адпачынак… А на паслязаўтра новае заданне… Яшчэ адзін фінансіст, на гэты раз са Швецыі… І, май на ўвазе, не вельмі малады.

– Мне так спадабаўся французік… – летуценна прамовіла Клара.

– Работу не выбіраюць, – строга заўважыў дырэктар. – На, вазьмі свае дзесяць даляраў, і вось табе яшчэ дзесяць прэміяльных.

– Дзякуй, – сказала Клара Кірбі-Шоў і, кладучы грошы ў сумачку, глыбока ўздыхнула.

Калі яна выйшла, пан Берстэкер узяў чырвоны аловак, акуратна прылажыў металічную лінеечку і выкрасліў са свайго спіска адно прозвішча.

Ірэн

– З прыемнасцю пайду з вамі сёння ўвечары, – сказала яна. – Такі цяжкі быў тыдзень! Столькі працы і адны расчараванні!.. Але вы тут, і на душы весялей… Слухайце… Давайце паглядзім цудоўны фільм…

– І не думайце цягнуць мяне ў кіно, – сказаў ён, нахмурыўшыся.

– Які жаль!.. Мне так хацелася пабачыць гэты фільм разам з вамі… Але нічога… Я ведаю на Манпарнасе куточак, дзе танцуюць цудоўныя марцініканцы…

– Ну, вось яшчэ! – сярдзіта запярэчыў ён. – Хопіць мурынскай музыкі, Ірэн! Я ёю сыты па горла.

– І што збіраецеся вы рабіць?

– Вы самі ведаеце… Паабедаць у ціхім рэстаранчыку, пагаварыць, прыйсці да вас, расцягнуцца на канапе і аддацца марам.

– Не, ні ў якім разе! – адмовілася яна ў сваю чаргу. – Не!.. Вы вялікі эгаіст, мой дарагі… Вы ў здзіўленні?.. Ды вам жа ніхто ніколі не казаў праўды… Ніхто… Вы прызвычаіліся, каб жанчыны слухаліся вас, каб вашы жаданні былі для іх законам… Вы, як сучасны султан… Ваш гарэм адкрыты… Раскінуўся на дзесяць краін… Але гэта гарэм… Жанчыны – вашы рабыні… І тая, што належыць вам, асабліва… Калі вам хочацца ляжаць і марыць, яны павінны глядзець вам у рот. Калі вам хочацца танцаваць, яны павінны быць напагатове. Калі вы напісалі некалькі радкоў, яны павінны іх хваліць. Калі вам хочацца пазабаўляцца, яны павінны быць, як тая Шэхеразада… Не, мой дарагі, з мяне даволі! Няхай хоць адна жанчына не будзе нявольніцай вашых капрызаў!..

Яна спынілася і загаварыла мякчэйшым тонам:

– Як гэта сумна, Бернар!.. Я так радавалася, што вас бачу… Я спадзявалася, што мне з вамі будзе добра, а вы з'явіліся і думаеце толькі аб сабе… Пакіньце мяне… Прыходзьце тады, калі цвёрда засвоіце, што на свеце не толькі вы адзін…

* * *

Усю ноч Бернар не мог заснуць і, засмучаны, думаў. Ірэн мела рацыю. Ён быў агідны. Ён не толькі падмануў і кінуў Алісу – жанчыну мілую, верную і паслухмяную, ён нават карыстаўся ёю без любві. І што ў яго за натура? Адкуль гэта прага перамагчы і валодаць? Гэта няўвага да іншых? «На свеце не толькі вы адзін», – гучала як дакор. Прыгадваючы мінулае, ён выразна ўявіў сваю цяжкую маладосць, недаступных жанчын. Было нешта ад рэваншу ў яго эгаізме, а нахабства развілося з баязлівасці. Дзе ж яны, высакародныя пачуцці?

«Высакародны… – разважаў ён, – і слова нейкае пошлае! Трэба загартоўваць волю. У каханні – хто не ўмее ўзяць верх, таго растопчуць. Але ўсё ж часам так прыемна… уступіць, быць слабейшым, шукаць сваё шчасце ў шчасці другога».

Зрэдку, раздзеленыя ўсё даўжэйшымі інтэрваламі, вярталіся ў гараж запозненыя машыны.

«Шукаць сваё шчасце ў шчасці другога? А што ж? Хіба гэта немагчыма? Хто прымушае яго быць жорсткім? Хіба кожны чалавек не мае права ў любую хвіліну перайначыць сваё жыццё? І, стаўшы іншым, хіба ён знойдзе сабе лепшага сябра, чым Ірэн? Ірэн… такая прывабная ў сваёй адзінай выходнай сукенцы, у зацыраваных панчохах, у паношаным плашчыку… Ірэн, такая прыгожая і такая бедная. І такая велікадушная ў сваёй беднасці. Колькі разоў ён бачыў, як яна дапамагала расейскім студэнтам, бяднейшым за яе, ратавала іх ад галоднай смерці. Шэсць дзён у тыдзень яна працуе ў краме, а яе ж да Рэвалюцыі выхоўвалі, як прынцэсу. І ніколі не скардзіцца… Ірэн… І ён мог таргавацца з ёю за дробязь? Адмовіць ёй у мілых забавах? Сапсаваць ёй цэлы вечар?»