З грукатам, аж задрыжалі шыбы, праімчаўся апошні аўтобус. І болей ніякі шум не парушаў начной цішыні. Бернар усё яшчэ змагаўся з бяссонніцай. Раптам душа яго азарылася ў натхненні. Ён прыняў важнае рашэнне: прысвяціць сябе шчасцю Ірэн. Ён будзе ёй лепшым сябрам, ласкавым, пакорным. Так, пакорным. Гэта думка супакоіла нервы, і ён неўзабаве заснуў.
Назаўтра раніцай ён прачнуўся ў вясёлым настроі, ускочыў і пачаў апранацца, напяваючы песню. Такога не было з ім з часоў юнацтва.
«Сёння ж вечарам пайду да Ірэн і папрашу прабачэння».
Калі ён завязваў гальштук, зазваніў тэлефон.
– Ало! – пачуўся мілагучны голас Ірэн. – Гэта вы, Бернар? Слухайце… Я не магла заснуць. Мяне грызла сумленне… Я вас учора моцна пакрыўдзіла!.. Даруйце мне… Сама не ведаю, як гэта я…
– Наадварот, гэта я, Ірэн, усю ноч даваў клятву, што перамянюся.
– Ніякіх перамен! Не рабіце глупства… Ах, Бернар, якраз за гэта і люблю я вас: за вашы капрызы, упартасць, за характар распешчанага дзіцяці. Яно так прыемна быць з чалавекам, які патрабуе ахвяр… Я хацела вам толькі сказаць, што сёння ўвесь вечар вольная і не прапаную вам нічога канкрэтнага. Зараней згаджаюся на ўсё…
Бернар паклаў слухаўку, і на душы ў яго стала маркотна.
Карычневая магія
У канцы мінулага стагоддзя, – сказаў доктар Пціклеман, – увайшло ў звычай у горадзе Пон-дэ-Лёр хадзіць вечарамі ў сад мэрыі на канцэрты муніцыпальнай філармоніі. І цяпер філармонія выступае, як калісьці, заўсёды ў нядзелю, але ў садзе пуста. У прамыслоўцаў, камерсантаў і служачых, амаль у кожнага ёсць свая аўтамашына, вялікая ці малая, і летнія вечары яны праводзяць у вёсцы. Што да рабочых, то, у большасці, кожны з іх мае свой радыёпрыёмнік і, не выходзячы з дому, можа слухаць канцэрты з Парыжа альбо з Лазаны. Толькі некаторыя старажылы засталіся вернымі даўняй традыцыі, якая ім нагадвае аб мінулых радасцях.
Колькі хлопцаў і маладых дзяўчат, гадоў сорак назад, адгулялі свае заручыны ў гэтым садзе ў алеях пад каштанамі! А тым часам іхнія бацькі, патураючы маладым, павольна крочылі метраў за трыццаць, і медныя трубы муніцыпальнага аркестра парушалі цішыню вечара гучным выкананнем папуры з «Гугенотаў», «Блакітнага Дуная» і «Латарынгскага марша». Раз у тыдзень гэта «Алея ўздыхаў» (будзем яе так называць) у сентыментальным жыцці Пон-дэ-Лёра рабілася тым жа, што ў Парыжы «Сцежка дабрадзеяў».
Ліхтароў было мала. Прыцемкі абуджалі адвагу ў баязлівых. Пах язміну шырока разліваўся ў паветры. І як было цікава, сустракаючы пары закаханых, кожны раз по-новаму назіраць іх сваркі, іх збліжэнне, і, нарэшце, гатоўнасць стаць мужам і жонкай.
Магчыма, самыя старыя жыхары Пон-дэ-Лёра яшчэ памятаюць чэрвеньскі вечар 1890 года, калі яны ўбачылі, як у садзе мэрыі нечакана з'явіўся палкоўнік Дзюрук са сваёй жонкай і дачкой у суправаджэнні статнага мулата.
Выйшаўшы ў адстаўку, палкоўнік Дзюрук прыняў кіраўніцтва справамі Прамысловага клуба, што вельмі ўзрадавала яго членаў, бо папярэдні кіраўнік быў толькі капітанам. Трэба вам сказаць, што Пон-дэ-Лёр ганарыўся сваім клубам, заснаваным пры Луі-Філіпе групай прамыслоўцаў – аматараў літаратуры і мастацтва. Там выступалі лектары з Парыжа, можна было паслухаць Брунецьера, Гастона Пары, там наладжвалі канцэрты, балі і азартныя гульні ў карты. Аднаго разу два сталыя яго члены нават ледзь не пабіліся на дуэлі, і прапанаваная палкоўнікам працэдура паядынка была ўзорам кампетэнтнасці і рамантыкі.
Пасля некалькіх месяцаў назірання самыя незгаворлівыя дамы Пон-дэ-Лёра ўзялі пад сваю апеку мадмуазэль Дзюрук, і незвычайная прыгажосць маладзенькай дзяўчыны збіла з тропу не аднаго юнака. Тады казалі, што Бланш Дзюрук, каб толькі захацела, магла б выйсці замуж за аднаго з самых багатых тамашніх суконшчыкаў, а трэба ведаць вузкую каставую сістэму, якая ў дзевятнаццатым стагоддзі пусціла карэнне ў гэтай мясцовасці, каб зразумець некаторы сацыяльны зрух, аб якім сведчылі падобныя чуткі. Аднак час ішоў, а грашовыя тузы не спяшаліся. У 1890 годзе Бланш Дзюрук споўнілася дваццаць шэсць гадоў, і, хоць яна была па-ранейшаму красуняй, спрактыкаваным дамам яе будучыня не здавалася ўжо такой бліскучай.
Дарэмна ў гэты вечар пондэлёрскія сем'і, шпацыруючы туды і сюды па «Алеі ўздыхаў», прабавалі падступіцца да Дзюрукаў і іх спадарожніка. Бланш ішла поруч з мулатам, крыху апярэдзіўшы бацькоў. Палкоўнік у пінжаку з тонкай шэрсці, з ордэнскай стужкай у пятліцы, паважна падымаў саламяны капялюш, сустракаючы тутэйшага пана, і на прывітанне «Добры вечар, паважаны палкоўнік» адказваў, не спыняючыся: «Добры вечар, пан Герпэн… Добры вечар, пан Пельто…» Найбольш здагадлівыя казалі, што палкоўнік Дзюрук, калі служыў у Афрыцы, напэўна, меў туземцаў пад сваёй камандай. Тады якраз ішла вайна з Дагамеяй. Магчыма, невядомы быў высланым важаком, а можа, нават сынам мурынскага караля? Трэба прызнаць, што постаць яго была сапраўды каралеўская, ён на цэлую галаву ўзвышаўся над іншымі і глядзеў на ўсіх смела жорсткімі вачамі. Але ўсе гэтыя меркаванні прыйшлося адкінуць, калі на другі дзень у клубе палкоўнік адрэкамендаваў свайго мулата членам камітэта: