Старая дама ўсміхнулася:
– А калі я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..
Эрвэ Марсена міжвольна зрабіў рэзкі рух, як паляўнічы, што раптам угледзеў у кустах аленя альбо дзіка, ці як біржавы спекулянт, нарваўшыся на акцыі, цана якіх павінна падскочыць.
– Прыгода Байрана абсалютна невядомая? Гэта была б сенсацыя, лэдзі Хемптан, пасля ўсіх пошукаў.
– Ну, можа, я перабольшыла, сказаўшы «абсалютна невядомая»… Імя ўжо называлі. Я маю на ўвазе лэдзі Спенсэр-Свіфт.
Эрвэ скрывіўся:
– А! Тая самая… Ведаю… Але ж пра яе сувязь з Байранам нічога пэўнага, нічога дакладнага.
– Дарагі пан Марсена, а вам часта трапляе ў рукі што-небудзь пэўнае ў такіх справах?
– Вельмі часта, лэдзі Хемптан. У большасці выпадкаў ёсць пісьмы, ёсць сведчанні. Безумоўна, пісьмы могуць ашукваць, а сведчанні выклікаць падазрэнне, іх трэба разглядаць крытычна.
Лэдзі Хемптан, павярнуўшыся да свайго суседа, навяла на яго старамодны ларнет.
– А што вы скажаце, калі я прынясу вам дзённік лэдзі Спенсэр-Свіфт (яе імя Пандора) таго часу, калі яна сустракалася з Байранам? І ў дадатак яго пісьмы да яе.
Малады француз аж пачырванеў ад радасці.
– Я скажу, як індусы: лэдзі Хемптан, вы мой бацька і мая маці. Вы закладаеце падмурак пад маю кнігу… Няўжо ў вас сапраўды ёсць гэтыя дакументы? Прабачце за такое пытанне?.. Гэта так дзіўна, так нечакана!..
– Не, – адказала яна. – Я ведаю, што такія дакументы захаваліся, але ў мяне іх няма… Яны належаць цяперашняй лэдзі Спенсэр-Свіфт, Вікторыі, маёй сяброўцы; мы вучыліся разам у пансіёне. Яна іх нікому дагэтуль не паказвала.
– Тады чаму яна даверыць іх мне?
– Таму што я яе папрашу… Вы яшчэ слаба ведаеце наш край, пан Марсена. Ён повен таямніц і непрадбачанага. На гарышчах і ў падвалах нашых сельскіх замкаў схавана нямала скарбаў. Гаспадарам яны не ў галаве. І трэба дайсці да галечы, прадаць дом ці пусціць маёмасць з малатка, каб гэтыя архівы з'явіліся на свет. Спатрэбіўся здагадлівы і ўчэпісты амерыканец, каб славутыя паперы Босуэла вылезлі з кракетнай скрынкі, дзе яны пакрываліся пылам.
– Вы думаеце, што здагадлівы і ўчэпісты француз можа мець гэтакі ж поспех без дзесяткаў тысяч даляраў, якія той заплаціў за паперы Босуэла?
– Вікторыя Спенсэр-Свіфт не цікавіцца далярамі. Ёй, як і мне, больш за восемдзесят. Ёй хапае і сваіх прыбыткаў. Не, адзінае, што яе можа прымусіць, гэта – прыхільнасць да вас, – вядома, калі вы здолееце абудзіць сімпатыю, а таксама надзея, што вы створыце прывабны партрэт прабабкі яе мужа.
– Лорд Спенсэр-Свіфт памёр?
– Не лорд, а баранет… Сэр Аляксандр Спенсэр-Свіфт – апошні ў родзе носьбіт гэтага тытулу. Вікторыя і цяпер яшчэ жыве ў тым доме, дзе пабываў Байран… Гэта ў графстве Глостэр, цудоўная сядзіба часоў Елізаветы. Хочаце пашукаць шчасця і паехаць туды?
– З прыемнасцю… калі мяне запросяць.
– Гэта я бяру на сябе. Сёння ж вечарам напішу Вікторыі. Яна вас абавязкова прыме. І не палохайцеся, калі тон запрашэння будзе грубаваты. Прывілея нашага старэчага веку, лічыць Вікторыя, у тым, што можна гаварыць пра ўсё так, як думаеш. Перад кім цырымоніцца? І навошта?
Праз некалькі дзён Эрвэ Марсена праязджаў на сваёй невялічкай машыне паўз маляўнічыя вёскі графства Глостэр. Лета, як заўсёды, было дажджлівае. Дрэвы і кветкі лапушыліся і буялі ад вільгаці. Нават у самым маленькім доміку праз вокны відаць былі пышныя букеты. Будынкі, складзеныя з мясцовага залацістага каменю, вельмі прыгожага, і цяпер выглядалі гэтак жа, як у часы Шэкспіра. Эрвэ, надзвычай чулы да феерычных краявідаў Ангельшчыны, быў зачараваны паркам Уайндхорст, дзе знаходзілася сядзіба лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён ехаў пакручастымі алеямі, паўз зялёныя лужкі з акуратна падстрыжанай травой, густой як шчотка, сярод якіх узвышаліся магутныя дубы. Вакол сажалкі раслі хвашчы і папараць. Нарэшце перад ім паказаўся вялізны асабняк, увіты дзікім вінаградам. Сэрца яго закалацілася. Ён спыніўся каля пад'езда і пазваніў. Ніхто не адгукнуўся. Пачакаўшы хвілін пяць, ён заўважыў, што дзвярная ручка паддаецца, адчыніў дзверы і ўвайшоў. У змрочным холе ні душы. На крэслах ляжалі плашчы і шалі. Аднак з суседняга пакоя даносіўся манатонны голас, нібы нехта вымаўляў завучаны тэкст. Эрвэ падышоў бліжэй і ўбачыў доўгую галерэю, сцены якой былі ўпрыгожаны вялікімі партрэтамі. Група турыстаў акружала важнага дварэцкага ў фраку з цёмна-шэрай камізэлькай і ў паласатых штанах.
– Вось гэта, – тлумачыў дварэцкі, паказваючы на партрэт, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як і побач партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.